viasna on patreon

Суд над Андрэем Бандарэнкам: дзень першы Фота Дапоўнена

2017 2017-03-28T19:02:00+0300 2017-03-30T07:43:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bandarenka-sud-magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бандарэнка. Фота: ПЦ "Вясна".

Андрэй Бандарэнка. Фота: ПЦ "Вясна".

У судзе Ленінскага раёна Магілёва  29 сакавіка пачаўся разгляд па справе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнкі. Тэрмін ягонага зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года

Бандарэнка абвінавачваецца ў парушэнні арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Асуджанаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. Судовае паседжанне прызначана на 10 гадзін. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Мазураў у адкрытым працэсе. Бок абвінавачвання прадстаўляе пракурор Сяргей Мінаў.

Абвінавачванне было прад’яўленае Андрэю Бандарэнку 11 студзеня, а праз тыдзень матэрыялы справы пракуратура г. Магілёва накіравала ў суд. Падставай для крымінальнага пераследу Бандарэнкі сталі шматлікія парушэнні правілаў рэжыму ўтрымання і факты непадпарадкавання, якія нібыта мелі месца.

На суд у Магілёў прыехалі праваабаронцы, палітыкі, журналісты, у тым ліку Мікола Статкевіч з жонкай, праваабаронцы Таццяна Равяка і Павел Сапелка, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. Прысутнічае таксама і бацька падсуднага Валерый Бандарэнка.

Праваабаронца "Вясны" Таццяна Рэвяка, якая назірае за ходам судовага працэсу, паведаміла, што ў судзе адвешчаны перапынак па хадайніцтву Бандарэнкі. Ён прасіў суд даць час для азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы і перамовамі з адвакатам для каадрынацыі абароны. Андрэй Бандарэнка заявіў, што пад час следства на яго аказваўся ціск і фактычна не было магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі справы. 

Пасля перапынку пачаўся допыт сведак.

 Суд над Андрэем Бандарэнкам 29 сакавіка 2017 года.

У аснову абвінавачвання Бандарэнкі пакладзеныя тры спагнанні за парушэнні: ляжаў на ложку ў непрызначаны час, уступаў у кантакт з іншым асуджаным пры канваіраванні, не прадставіўся належным чынам надзіральніку пры ўваходзе яго ў камеру.

Рэпартаж mspring.online: Дзяржабвінаваўца Мінаў заявіў, што Бандарэнка не стаў на шлях выпраўлення і працягнуў ажыццяўляць у папраўчых установах супрацьпраўныя дзеянні. У крымінальнай справе - тры дысцыплінарныя спагнанні. Бандарэнка сваю віну не прызнаў.

Праваабаронца распавёў пра ціск падчас знаходжання ў бабруйскай і шклоўскай калоніях, у тым ліку пра шматлікія спагнаннях за неіснуючыя парушэнні.

- З боку іншых асуджаных і з боку адміністрацый калоніі часта ішлі нейкія правакацыі, з-за чаго я прасіў аб пераводзе ў бяспечнае месца. Мне далі зразумець, што гэтае месца - у турме. Асаблівага выбару ў мяне не было. Калі я трапіў у магілёўскую турму №4, мяне ніхто не азнаёміў з правіламі ўнутранага распарадку. Спачатку я сядзеў у звычайнай камеры, аднак там таксама пачаўся прэсінг з-за таго, што я пісаў шмат лістоў і скаргаў. Мне сказалі, цытую "Не уживемся» і прапанавалі напісаць заяву на перавод у бяспечнае месца. Так я апынуўся ў адзіночцы, - распавёў абвінавачаны.

Дзяржабвінаваўца пачаў цікавіцца падрабязнасцямі па першым дысцыплінарным спагнанні. Па версіі турмы, праваабаронца ляжаў у сваёй камеры на ложку ў недазволены час. Сяргея Мінава цікавіла, ці ведае Бандарэнка распарадак дня, ці сапраўды ён ляжаў і ў які час гэта было. Бандарэнка ў адказ заявіў, што ў яго камеры ліст з распарадкам дня на той момант адсутнічаў, а без яго абвінавачванні з боку адміністрацыі турмы ён лічыць неабгрунтаванымі.

- Да спагнання ніякіх патрабаванняў і папярэджанняў аб тым, што я ляжу ў якісці не той час да мяне ніколі не паступала, - заявіў Бандарэнка.

25 мая Бандарэнка нібыта здзейсніў яшчэ адно парушэнне - казаў падчас прагулкі ў турэмным дворыку.

- Падчас прагулкі я пачуў пытанне, з якой я камеры. Я машынальна адказаў, бо палічыў, што яго задаў хтосьці з канваіраў. Але 31 траўня мяне выклікаў супрацоўнік турмы Кірыенка і заявіў, што я зноў парушыў распарадак - размаўляў з іншым зняволеным. Я сказаў, што гэта няпраўда, і запатрабаваў, каб я напісаў сваёй рукой ліст апытання, але мне не дазволілі.

Андрэй Бандарэнка распавёў, што ён спрабаваў абскардзіць спагнанне праз пракуратуру і суд, аднак ніякіх матываваных адказаў не атрымаў. Паводле яго слоў, пракуратура Магілёўскай вобласць абмежавалася звычайнай адпіскай, а Генпракуратура перанакіравала зварот зноў жа на абласны ўзровень. Суды ніякага рашэння па сутнасці справы таксама не прынялі, таму што Бандарэнка з адвакатам Вадзімам Мушынскім, нібыта, прапусцілі тэрміны абскарджання.

Трэцяе спагнанне, якое фігуруе ў справе - гэта дрэнна зробленыя канверты і адсутнасць дакладу падчас наведвання супрацоўнікам турмы камеры Бандарэнка 30 верасня.

У суд выклікалі сьведку - былую арыштаваную магілёўскай турмы №4 Наталлю Міронаву. Гэта нібыта яна спытала ў Бандарэнкі пра нумар яго камеры падчас прагулкі. Пры гэтым яна ведала, што размаўляць з іншым зняволеным нельга, але ўсё роўна спытала. Паводле яе слоў, яна чула, як кантралёр зрабіў заўвагу. Пасля інцыдэнту яе «закрылі» на трое сутак у карцэр.

Мушынскі заявіў аб супярэчлівасці сведчанняў Міронавай - на яго думку, яна памылілася ў колькасці чалавек, якія прысутнічалі пры размове, а таксама ў некаторых іншых момантах:

- Вы сказалі, што даведаліся прозвішча Бандарэнка, калі канвой зрабіў папярэджанне. Але ў турме вы заявілі, што даведаліся пра прозвішча толькі падчас напісання тлумачальнай запіскі, - заявіў адвакат.

У сваю чаргу Бандарэнка спытаў, чаму на допыце ў турме Міронава сказала, што яе вёў адзін чалавек, а падчас суду сказала ўжо пра двух канваіраў. Жанчына сказала, што ён заблытаў яе і яна ўжо дакладна не памятае. Праваабаронца пачаў задаваць шэраг пытанняў, але суддзя Мазураў зняў амаль усе, матываваўшы гэта тым, што сведка свае паказанні ўжо дала, пасля чаго абвясціў перапынак на абед.

 Пракурор Сяргей Мінаў на судзе Андрэя Бандарэнкі.

Пасля абеду ў суд адзін за адным пайшлі сведкі - кантралёры і супрацоўнікі магілёўскай турмы №4.

У кожнага з іх Андрэй Бандарэнка і адвакат знаходзілі супярэчнасці ў паказаннях, аднак нічога зрабіць з гэтым не маглі. Практычна кожнае іх пытанне суддзя Мазураў здымаў.

Адвакат хадайнічаў, каб па заканчэнні дачы паказанняў кожны сведка заставаўся на працэсе, аднак суддзя адхіліў хадайніцтва.

Дзяржабвінаваўца таксама заявіў, што ніякіх супярэчнасцяў у паказаннях сведак ён не бачыць, чым выклікаў смех у зале.

Адміністрацыя турмы №4 г. Магілёва, у якой адбывае пакаранне Бандарэнка,  кантралюе кожнае яго дзеянне з мэтай накладання чарговага спагнання, супрацоўнікі чапляюцца да любой дробязі, ствараюцца праблемы з ліставаннем. У студзені ён быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з роднымі, яго другі раз паставілі на прафілактычны ўлік.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.


Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства