viasna on patreon

Міліцыя аказвае ціск на збітага ў “Вясне” назіральніка

2017 2017-03-26T15:22:52+0300 2017-03-26T16:52:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/naziralnik-bhk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 сакавіка Аляксею Лойку, які знаходзіцца ў бальніцы хуткай дапамогі,  патэлефанавалі з Першамайскага РУУСа і прапанавалі забраць заяву аб збіцці амапаўцамі падчас уварвання ў офіс “Вясны”.

У бальніцу Аляксей Лойка быў дастаўлены брыгадай хуткай дапамогі з Першамайскага РУУСа, куды ўчора звезлі ўсіх затрыманых назіральнікаў і праваабаронцаў. Хлопца шпіталізавалі з наступным медыцынскім заключэннем: закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу, сляды ад удараў і крывападцёкі мяккіх тканін і галавы, сляды ад удараў у паяснічнай вобласці злева і на перадплечных суставах. Ён хацеў зняць пабоі, але медыкі паведамілі, што гэта трэба рабіць у іншым месцы па накіраванні адпаведнага органа. Пасля медабследавання інфармацыю пра траўмы ў выніку збіцця з бальніцы перадалі ў РУУС.

Зранку 26 сакавіка Аляксею патэлефанаваў супрацоўнік крымінальнага вышуку Першамайскага РУУСа па прозвішчы Галубоўскі і папрасіў пад’ехаць да іх, каб адазваць заяву.

“Я сказаў, што знаходжуся ў бальніцы і не магу нікуды пад’ехаць, тады ён сказаў, што яны пад’едуць да мяне самі, - кажа Аляксей Лойка. – Я таксама паведаміў, што накіраваў электронную заяву ва Упраўленне Следчага Камітэта па Мінску, на што мой суразмоўца сказаў, што не трэба было, бо у тых няма кампетэнцыі накіроўваць на судмедэкспертызу, і дадаў – “мы ўсё патлумачым”.

Аляксей распавёў, як яго збівалі падчас уварвання ў офіс “Вясны”.

“Калі пазванілі ў дзвярны званок, я падыйшоў паглядзець у вочка хто там. Стаяла жанчына, бландзінка, нібыта звычайна апранутая (гэта ўжо пасля, у офісе яна нацягнула на сябе форменную шапку) і больш на пляцоўцы нікога не было. Паколькі некаторыя людзі спазняліся на інструктаж, я падумаў, што яна адна з іх, і крыху прыадчыніў дзверы, каб высветліць ці так гэта. І тут панеслася...”

Хлопец мяркуе, што амапаўцы, якія рынуліся ў офіс, хаваліся ў пад’ездзе, паколькі на вуліцы каля дому праваабаронцы нікога не бачылі. Разам з Аляксеем пад раздачу трапіў Алег Гулак, кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта – арганізацыі, ад якой усе назіральнікі маюць акрэдэтацыю.   

“Людзі, якія на нас наляцелі першымі, былі не па форме: на галовах – шапкі і капюшоны, насы залепленыя лейкапластырам, у спартовых штанах. Мяне і Гулака выцягнулі на лесвічную пляцоўку, мяне ўдарылі аб бетонную пліту, паклалі на падлогу і сталі левым берцам на галаву. Алега Гулака таксама паклалі на падлогу на пляцоўцы. Пасля ўварвання ўнутр памяшкання, нас зацягнулі туды і загадалі стаяць у карыдоры тварам да сцяны, закінуўшы рукі ўверх. У мяне траўмаваная рука зацякла і спаўзла ўніз, за гэта мне далі ў спіну…”, - распавёў Аляксей.

Нагадаем, 25 сакавіка падчас налёту на офіс ПЦ “Вясна” на праспекце Незалежнасці 78а былі затрыманыя 57 чалавек – праваабаронцы, назіральнікі, журналісты, у тым ліку замежныя, якія прыйшлі на інструктаж па маніторынгу акцыі да Дня Волі.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства