Кіраўнік БДІПЧ АБСЕ асудзіў «непатрэбнае прымяненне сілы» беларускімі ўладамі супраць мірных дэманстрантаў
Кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Міхаэль Георг Лінк асудзіў «непатрэбнае прымяненне сілы» беларускімі ўладамі супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, раcпаўсюджанай прэс-службай АБСЕ 26 сакавіка.
«Улады павінны выконваць абавязальніцтвы, узятыя Беларуссю ў якасці дзяржавы-сябра АБСЕ ў плане павагі права на свабоду мірных сходаў, - сказаў Георг Лінк. - Паведамленні аб разгоне мірных дэманстрацый, адвольных затрыманнях і непатрэбным прымяненні сілы супраць пратэстоўцаў, а таксама супраць праваабаронцаў і журналістаў выклікаюць сур'ёзную заклапочанасць».
Лінк адзначыў, што падзеі 25 сакавіка ў Беларусі суправаджаліся паведамленнямі пра «затрыманьні і арышты соцен грамадзян, актывістаў апазіцыі, журналістаў, рэйды ў офісы арганізацый грамадзянскай супольнасці і мабілізацыю сіл дзяржбяспекі і АМАПу, што было спробай запалохаць тых, хто планаваў удзельнічаць у мірнай дэманстрацыі», піша БелаПАН.
«Пасля ўчорашніх падзей і апошніх дзён я зноў заклікаю беларускія ўлады ўстрымацца ад выкарыстання любых санкцый або непатрэбных сіл для падаўлення іншадумства і права на свабоду сходаў», - сказаў Лінк.
25 сакавіка ў цэнтры Мінска прайшла несанкцыянаваная вулічная акцыя з нагоды Дня Волі - гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Нягледзячы на затрыманні і арышты лідэраў апазіцыі і грамадзянскіх актывістаў, акцыя сабрала больш за тысячу чалавек. Мірныя дэманстранты спрабавалі прайсці па праспекце Незалежнасці ад станцыі метро "Акадэмія навук" да Кастрычніцкай плошчы, але дарогу ім пастаянна заступалі міліцыя і АМАП з дубінкамі і шчытамі. Было затрымана, паводле звестак праваабаронцаў, каля 700 чалавек, з іх 100 застаюцца пад арыштам да суда.