viasna on patreon

“Беларусь павінна прызнаць права свайго народа на мірны пратэст і спыніць пераслед праваабаронцаў”

2017 2017-03-27T16:48:31+0300 2017-03-27T20:12:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidh_logo_new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародныя арганізацыі FIDH і OMCT у сумеснай заяве асудзілі затрыманні праваабаронцаў, назіральнікаў і журналістаў у офісе ПЦ "Вясна" 25 сакавіка.  

Жэнева - Парыж

25 сакавіка 2017 г.

Прынамсі 57 чалавек, задзейнічаных у маніторынгу бягучых мірных акцый пратэсту, у тым ліку замежныя грамадзяне з Францыі, Германіі, Украіны і Расіі, былі затрыманыя ў офісе Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў Мінску. Затрыманні адбыліся напярэдадні мірных акцый пратэсту, запланаваных на 25 сакавіка 2017 г. Затрыманні дэманстрантаў, журналістаў і назіральнікаў, як паведамляецца, працягваюцца.

А 13-й гадзіне 25 сакавіка 2017 года ўзброеныя супрацоўнікі спецыяльнага падраздзялення міліцыі ў масках уварваліся ў офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”, прымусілі прысутных легчы на падлогу, а потым даставілі іх на аўтобусе ў Першамайскі РАУС г. Мінска. Сярод затрыманых некалькі сябраў ПЦ “Вясна”, кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, каардынатарка Front Line Defenders Марыя Шышчанкова і адна з кардынатараў украінскай арганізацыі “Крым-SOS” Яўгенія Андрэюк. Група прымала ўдзел у нарадзе па каардынацыі маніторынгу акцый пратэсту.

Праз некалькі гадзінаў усе яны былі адпушчаныя без прад'яўлення абвінавачванняў. Спецыяльнае падраздзяленне міліцыі не мела санкцыі на ператрус у офісе. Канфіскацыі матэрыялаў або абсталявання не адбывалася.

“Калегі былі затрыманыя жорстка — іх кінулі на падлогу супрацоўнікі спецыяльнага падраздзялення міліцыі”, — сказаў старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Прынамсі адзін чалавек быў дастаўлены ў бальніцу.

Сяброўская арганізацыя FIDH у Беларусі ПЦ "Вясна" з'яўляецца адной з асноўных крыніцаў незалежнай інфармацыі аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, у сувязі з нядаўнім падаўленнем мірных пратэстаў супраць Дэкрэта прэзідэнта № 3, які ўвёў падатак на беспрацоўе.

“Забарона на права на свабоду мірных сходаў не з'яўляецца прыкметай сілы. Гэта хутчэй прыкмета слабасці і няўпэўненасці беларускага рэжыму”, — сказаў прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.

“Беларусь павінна прызнаць, што яе народ мае права на мірны пратэст, і яна павінна спыніць пераслед праваабаронцаў. Устанаўленне больш цесных сувязяў паміж ЕС і Беларуссю не можа служыць апраўданнем для адсутнасці ціску на краіну з боку міжнароднай супольнасці”, — сказаў Генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) Джэральд Стэйброк.

Маштабныя рэпрэсіі, найбуйнейшыя з часу 2010 года, калі ЕС і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да Беларусі за масавыя парушэнні правоў чалавека, даказваюць адсутнасць якіх-небудзь зменаў у характары гэтага рэпрэсіўнага рэжыму.

Заяву таксама падпісала Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства