Актывістаў выкрадаюць з ІЧУ пасля адбыцця арышту
Пасля адбыцця арышту за ўдзел у акцыях пратэсту незаконна асуджаных актывістаў выкрадаюць з ІЧУ, каб іх не змаглі сустрэць журналісты, сябры і блізкія.
Актывістку экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Марыю Дубіну, якая адбывала пакаранне ў выглядзе арышту ў ізалятары Жлдзінскай турмы №8, вызвалілі з-пад арышту раней тэрміну, каб яе не змаглі сустрэць сябры і родныя.
Праваабаронца Алесь Лапіцкі паведамляе, што ў 16-00 Марына Дубіна ўжо знаходзілася далёка ад Жодзіна, на станцыі "Чырвоны Сьцяг" (вёска Пліса альбо пасёлак "Акцябрскі") і без сувязі.
– Яе выпусцілі раней амаль на 1,5 гадзіны і звезлі з Жодзіна не на бліжэйшую чыгуначную станцыю ці вакзал, а аж пад самыя Смалявічы! Cябры й калегі Марыны Дубінай, юрысты й адвакаты, ужо прыкладна а 16-20 пад’ехалі туды за ёй на машыне, - сцвярджае праваабаронца.
Атрымліваецца, што афіцыйна пададзеная Жодзінскім ГАЎС інфармацыя пра час і месца вызваленьня Марыны Дубінай былі ілжывымі.
Таксама 29 сакавіка сябры і блізкія гарадзенскага актывіста БХД Сяргея Верамеенкі, якія прыйшлі у ІЧУ яго сустракаць, сутыкнуліся практычна з фактам выкрадання чалавека.
Як паведамляе “Гарадзенская Вясна”, актывіст мусіў выйсці а 16-й гадзіне. Але ў належны час ён не з’явіўся. На пытанні, дзе ён, міліцыянты адказвалі з неахвотай і казалі, што раз павінен выйсці, то выйдзе.
Раптам нехта заўважыў, як з другога ўвахода выехала машына і ў ёй знаходзіўся Сяргей Верамеенка. Той адчыняў вакно і крычаў да прысутных, якія паўскоквалі ў свае машыны і кінуліся ў пагоню.
Сяргея высадзілі з машыны праз некалькі кіламетраў. Як распавёў сам актывіст, ён адчыніў быў дзверы машыны і спрабаваў выскачыць, бо не ведаў куды яго вязуць. Яго ўтрымалі за вопратку. І на яго думку, каб гэтага выкрадання не заўважылі сябры і журналісты і не арганізавалі пагоню, яго маглі б завесці зусім у іншае месца, чым тое, дзе высадзілі.
Верамеенка падзякаваў усім прысутным, выступіў перад журналістамі і правабаронцамі і выказаў перакананне, што запалохаць рэпрэсіямі беларусаў ужо не ўдасца.
Заява пра выкраданне чалавека, пазбаўленне яго волі, пашкоджанне вопраткі і цялесныя пашкоджанні пададзена гарадзенскім актывістам БХД Сяргеем Верамеенкам у РАУС. Сведкамі здарэння падпісаліся больш за 10 чалавек.
Падобны выпадак адбыўся ўчора і Берасці. 29 сакавіка а 11-ай гадзіне берасцейская актывістка Наталля Папкова павінна была выйсці на волю з ІЧУ Ленінскага РУУС Брэста. Аднак на выхадзе чатыры міліцыянты цішком пасадзілі яе ў аўтамабіль. Людзі, якія прыйшлі сустракаць Наталлю, пачулі яе крыкі і падбеглі да ўчастковага маёра Шчаперкі, які быў ля машыны. Той паведаміў, што жанчыну вязуць на псіхіятрычную экспертызу.
Пасля праходжання экспертызы Наталлю ўрэшце адпусцілі дадому. Але ёй выпісалі новую позву ў міліцыю на 31 сакавіка за ўдзел у акцыі пратэсту 17 лютага.