Следчы Камітэт перанакіраваў заяву аб збіцці назіральніка ў ГУУС
26 сакавіка, знаходзячыся ў шпіталі хуткай дапамогі, назіральнік ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка накіраваў заяву ў Следчы Камітэт аб збіцці амапаўцамі, якое адбылося напярэдадні, падчас налёту на офіс праваабарончай арганізацыі. 30 сакавіка Аляксей атрымаў адказ, з якога вынікае, што УСК па г. Мінску перанакіравала заяву ў ГУУС Мінгарвыканкаму.
Нагадаем, 25 сакавіка Аляксей Лойка разам з іншымі назіральнікамі, праваабаронцамі і журналістамі знаходзіўся ў офісе “Вясны” на інструктажы па маніторынгу акцыі да Дня Волі, калі ў офіс уварваліся людзі ў цывільным і АМАП. Аляксея, які стаяў ля ўваходных дзвярэй і адчыніў іх дзяўчыне (якая ўжо ў памяшканні нацягнула форменную шапку), выцягнулі на лесвічную пляцоўку і моцна ўдарылі аб бетонную пліту, у выніку чаго ён атрымаў закрытую чэрэпна-мазгавую траўму.
Пасля знаходжання ў Першамайскім РАУС, куды адвезлі ўсіх затрыманых на офісе “Вясны”, Аляксея Лойку даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі. Адтуль ён будзе выпісаны толькі на наступным тыдні.