Еўрасаюз абумоўлівае фінансавую дапамогу Беларусі выкананнем правоў чалавека
Рашэнне падаць Беларусі макрафінансавую дапамогу Еўрапейскі саюз будзе разглядаць з улікам сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, паведаміў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з пазіцыяй Еўрапейскай камісіі ў гэтым пытанні.
Ён зазначыў, што магчымасць выдзялення такой дапамогі абмяркоўвалася ў сакавіку падчас семінара ў Бруселі, у якім бралі ўдзел як прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, так і Нацбанка Беларусі.
"Прадстаўнікі Еўракамісіі паведамілі, што рашэнне аб выдзяленні Беларусі макрафінансавай дапамогі павінна быць ухваленае Еўрапарламентам. У сваю чаргу, Еўрапарламент для вынясення рашэння аб макрафінансавай дапамозе заслухоўвае даклад падкамітэта па правах чалавека", — распавёў БелаПАН адзін з гасцей семінара ў Бруселі.
Акрамя гэтага, удакладніў ён, яшчэ адной умовай падавання Беларусі макрафінансавай дапамогі з боку Еўрасаюза з'яўляецца наяўнасць дзейнай крэдытнай праграмы з Міжнародным валютным фондам.
Паводле звестак БелаПАН, ад наяўнасці праграмы з Міжнародным валютным фондам таксама залежыць атрыманне Беларуссю новых пазык на мэты развіцця (development policy loans — DPL) ад Сусветнага банка, віцэ-прэзідэнт якога на мінулым тыдні знаходзіўся ў Мінску.
Восем гадоў таму, калі была падпісаная крэдытная праграма з МВФ, Беларусь ужо атрымлівала ад Сусветнага банка пазыку на мэты развіцця (DPL) на 200 млн долараў.
"Пакуль новай праграмы ў Беларусі з МВФ не будзе, размова пра выдзяленне DPL з'яўляецца заўчаснай", — паведаміў БелаПАН інфармаваны суразмоўца па тэлефоне з Вашынгтона.
Варта зазначыць, што чарговы раўнд перамоваў паміж Беларуссю і МВФ аб заключэнні крэдытнай праграмы адбудзецца ў ходзе вясенняй сесіі МВФ і Сусветнага банка, якая пройдзе 21—23 красавіка ў Вашынгтоне.
Беларускія эканамісты лічаць, што атрыманне Беларуссю заходняга фінансавання залежыць як ад эканамічных, так і ад палітычных фактараў.
"МВФ настойвае на рэфармаванні беларускай эканомікі і гатовы падтрымаць крэдытам адпаведныя меры толькі ў выпадку, калі іх ўхваліць беларускі прэзідэнт. Калі гэта ў канчатковым рахунку адбудзецца, крэдыт МВФ з высокай верагоднасцю паступіць у Беларусь", — мяркуе старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб.
Каментуючы магчымасць атрымання Беларуссю макрафінансавай дапамогі па лініі Еўрасаюза, эксперты адзначаюць, што на гэтае рашэнне вялікі ўплыў будзе мець палітычны фактар.
"Пасля падзеяў 25 сакавіка стала абмяркоўвацца негатыўная рэзалюцыя Еўрапарламента па беларускім пытанні, і прадстаўнікі беларускай апазіцыі ўпэўненыя, што яна будзе прынятая. Калі гэта адбудзецца, Беларусі будзе складана разлічваць на фінансавую дапамогу з боку ЕС", — зазначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў.
Макрафінансавая дапамога Еўрасаюза падаецца краінам на індывідуальнай аснове. Мэта такой дапамогі — аказаць падтрымку краінам на перыяд эканамічных пераўтварэнняў і структурных рэформаў.
Паводле інфармацыі БелаПАН, беларускія ўлады восенню 2016 года перадалі прадстаўнікам Еўракамісіі вусную просьбу аб атрыманні ад Еўрасаюза макрафінансавай дапамогі на 500 млн долараў.
Між тым 72 дэпутаты Еўрапарламента, які павінен ўхваліць выдзяленне Беларусі такой дапамогі, на мінулым тыдні ў адозве да кіраўніцтва Еўрасаюза асудзілі разгон дэманстрантаў у Мінску 25 сакавіка і заклікалі ЕС увесці "абмежавальныя меры ў дачыненні да тых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія адказныя за насілле".