Магілёўская міліцыя выгароджвае дэпутата Марзалюка
Пасля мітынгу пратэсту 15 сакавіка затрымалі амаль усіх выступоўцаў, акрамя дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў не ўбачылі ў яго дзеяннях складу правапарушэння.
Як паведамляе магілёўскі праваабарончы сайт mspring.online, мясцовы актывіст і праваабаронца Аляксандр Хамратаў быў абураны брутальным хапуном, які адбыўся пасля Марша недармаедаў 15 сакавіка. Тады былі схоплены і асуджаныя на штрафы і арышт каля дзесяці чалавек – практычна кожны, хто стаяў з банэрам або вяшчаў у мегафон. Сярод выступоўцаў быў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Хамратаў вырашыў высветліць, ці быў ён прыцягнуты да адказнасці і калі не, то чаму.
Для гэтага ён накіраваў запыт у Ленінскі РАУС з адпаведнымі пытаннямі. Адказаў яму намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік Юрый Калацілкін, які не толькі прысутнічаў на акцыі, але і стараўся знаходзіцца непадалёк ад дэпутата: «У дачыненні да грамадзяніна Марзалюка І.А. службовымі асобамі Ленінскага РАУС г. Магілёва пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў не складаўся з прычыны адсутнасці ў яго дзеяннях складу названага адміністрацыйнага правапарушэння».
Адначасова з гэтым Юрый Калацілкін прызнаў, што «15 сакавіка на вул. Ленінскай у г. Магілёве супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, якія былі пры выкананні службовых паўнамоцтваў, сапраўды ажыццяўлялася адміністрацыйнае затрыманне грамадзян, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні».
Аляксандр Хамратаў адказам застаўся незадаволены.
– Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марзалюк прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу і выступаў на ім з дапамогай прылад ўзмацнення голасу. Мяркую, вельмі важна вызначыць тонкую мяжу паміж дзеяннямі дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марзалюка і тымі, хто аналагічным чынам прымаў удзел у акцыі, але хто атрымаў суровае пакаранне ў выглядзе арышту на 15 сутак, – лічыць Хамратов.
Праваабаронца ўжо накіраваў 30 сакавіка адпаведны ўдакладняючы запыт у Ленінскі РАУС.