viasna on patreon

Партыі БНФ, АГП і Руху "За свабоду" вынеслі пісьмовыя папярэджанні за акцыю на Дзень Волі

2017 2017-04-04T09:09:43+0300 2017-04-04T09:59:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/partyja_bnf.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне Партыі БНФ за акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску. Пасьля другога папярэджаньня, калі такое будзе, партыю афіцыйна могуць закрыць. БНФ ня згодны з папярэджаньнем і будзе абскарджваць яго ў Вярхоўным судзе.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавядае Радыё Свабода пра папярэджаньне:

«Там напісана наступнае: паводле паведамленьняў у сетцы Інтэрнэт, адзін з заяўнікаў быў прадстаўніком партыі БНФ і яшчэ да вынесеньня рашэньня ён запрашаў людзей на канкрэтнае месца і час, чым парушыў закон аб масавых мерапрыемствах. На падставе гэтага і вынесенае папярэджаньне.

Мы разумеем, што нам спрабуе Мінюст прад’явіць, але гэта абсалютная лухта. Па-першае, заяўнікамі выступалі прыватныя асобы. Але гэта мы пакінем для Вярхоўнага суду. Галоўнае, што Менгарвыканкам груба парушыў заканадаўства, калі не адказаў на заяву аб правядзеньні акцыі ў вызначаны законам тэрмін. Адпаведна, на гарвыканкаме ляжыць асноўная віна за тое, што адбывалася 25 сакавіка ў Менску.

Увогуле ж, гэтае папярэджаньне за 25 сакавіка мы зьвязваем з наступам на патрыятычныя сілы ў Беларусі. І супраць „маладафронтаўцаў“, і супраць сяброў былога „Белага легіёну“, і супраць клюбу „Патрыёт“ крымінальныя справы распачалі, цяпер фактычна на пустым месцы вынесьлі папярэджаньне Партыі БНФ — насуперак усім нормам заканадаўства. Гэта ўсё наступ на нацыянальныя дэмакратычныя сілы Беларусі. Гэта абуральна і гэта чарговы раз характарызуе антыбеларускую сутнасьць улады».

Заяўку на менскую акцыю на Дзень Волі (шэсьсце ад Акадэміі навук да парку Янкі Купалы) падавалі яшчэ 6 студзеня. Празь месяц заяўнікам паведамілі, нібы заяўку згубілі. 8 лютага была пададзеная наступная заяўка, працэс падачы зафіксавалі на відэа. За 5 дзён да правядзеньня акцыі Менгарвыканкам ня даў адказу на заяўку, хоць абавязаны быў зрабіць гэта па законе. Сустрэчу з заяўнікамі ў Менгарвыканкаме ў рэшце рэшт прызначылі на вечар 24 сакавіка — за 21 гадзіну да пачатку акцыі. На той сустрэчы ўлады дазволілі толькі мітынг у парку Дружбы народаў. Але праз 4 гадзіны па дазволе старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац заявіў, што «любыя вулічныя акцыі 25 сакавіка ў Менску будуць незаконнымі», бо нібыта ўсе заяўкі былі адкліканыя.

 

Пісьмовыя папярэджаньні Міністэрства юстыцыі атрымалі таксама і іншыя дэмакратычныя аб’яднаньні, сябры якіх выступілі заяўнікамі акцыі 25 сакавіка – Аб’яднаная грамадзянская партыя і Праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне “Рух “За Свабоду”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства