Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС: зварот праваабаронцы варты ўвагі
Указам прэзідэнта ад 17.12.07 №643 «Аб спрашчэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь» прадугледжваецца прыняцце рашэнняў аб часовым абмежаванні права грамадзянаў на выезд з Рэспублікі Беларусь.
Пры гэтым апавяшчэнне аб прыняцці такога рашэння і яго адмене Указам прадугледжваецца толькі для вельмі вузкага кола грамадзян, і не тычыцца пераважнай большасці.
Такім чынам, усе астатнія грамадзяне застаюцца ў стане няведання факта прыняцця такога рашэння ці яго адмене. І могуць даведацца пра гэта толькі пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, з адпаведнымі негатыўнымі наступствамі (зрыў прыватных планаў, задання пры камандзіраванні за мяжу і г.д.). Такім чынам можна меркаваць, што п.8 Палажэння носіць дыскрымінацыйны характар у адносінах да не пералічаных у Палажэнні грамадзян. Пры гэтым дыскрымінацыя нічым не абгрунтоўваецца.
Па інфармацыі "Гарадзенскай Вясны", праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта прапанову аб унясенні зменаў ва Указ. Адказ атрымаў з Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь. У ім паведамляецца, што прапанова вартая ўвагі, але патрабуе прапрацоўкі. І ў далейшым пры ўнясенні змяненняў у нарматыўныя акты, магчыма, будзе цалкам ці часткова ўлічана.
Цікава, што ў адказе выказваецца ўдзячнасць Алесю Дзергачову за актыўную жыццёвую пазіцыю.
Сам жа аўтар звароту адзначае, што гэтая ўдзячнасць структуры Міністэрства ўнутраных спраў гучыць дысанансам на фоне рэпрэсій з боку іншых структур гэтага ж міністэрства да удзельнікаў святкавання Дня волі таксама за актыўную жыццёвую пазіцыю.