viasna on patreon

Пракуратура вырашыла, што Лабковіч Валерыю не абаронца

2017 2017-04-04T19:22:37+0300 2017-04-04T19:25:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/labkovich-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч

Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч

Заяву праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча з нагоды незаконнага ўтрымання ў ЦІПе грамадзяніна з імем Валерый, які адмаўляўся называць сваё прозвішча, пракуратура Маскоўскага раёна пакінула без разгляду. Тым самым парушыла палажэнні закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь».

Заява Уладзіміра Лабковіча ў пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска была выклікана паведамленнем у медыя аб тым, што ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама знаходзіцца затрыманы 25 сакавіка падчас разгону акцыі "Дзень Волі" грамадзянін з імем Валерый, які «сваё прозвішча называць адмаўляецца, пакуль яму не растлумачаць, чаму яго затрымалі» і якога не дастаўляюць у суд для разбіральніцтва, бо міліцыя нібыта не можа высветліць асобу гэтага грамадзяніна. Спасылаючыся на нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (ПВКаАП) аб тым, што «асоба можа быць затрыманая ў адміністратыўным парадку на не больш як 72 гадзіны, калі санкцыя артыкула КаАП [у дадзеным выпадку - артыкул 23.34 КаАП - рэд.], у парушэнні якога яго падазраюць, ўтрымлівае пакаранне ў выглядзе адміністратыўнага арышту», Уладзімір Лабковіч патрабаваў ад пракуратуры правесці праверку па апісаным факце, даць ацэнку дзеянням супрацоўнікаў ГУУС Мінгарвыканкама і вынесці пастанову аб вызваленні ўказанага грамадзяніна ад незаконнага адміністратыўнага затрымання.  

Пракуратура Маскоўскага раёна Мінска пакінула электронны зварот праваабаронцы без разгляду па сутнасці. Пра гэта Лабковічу паведаміў пракурор Андрэй Панькоў, які аргументаваў рашэнне пракуратуры тым, што абаронцам адміністратыўна затрыманай асобы, у адпаведнасці з нормамі ПВКаАП, могуць выступаць адвакаты, блізкія сваякі альбо законныя прадстаўнікі, а аўтар заявы не прыклаў дакумента, якім бы пацвердзіў свае паўнамоцтвы звяртацца ў дзяржорганы ад імя асобы, пра якую ідзе гаворка ў яго заяве.  

Фармальна разгледзеўшы заяву і патлумачыўшы з пункту гледжання нормаў ПВКаАП, чаму аўтар заявы не можа з'яўляцца абаронцам у адміністратыўным працэсе, пракурор ухіліўся ад выканання сваіх непасрэдных абавязкаў - кантролю за дакладным i аднастайным выкананнем заканадаўства, умяшання ў дзейнасць дзяржаўных органаў, якія парушаюць правы і законныя інтарэсы грамадзянаў, што замацавана законам аб пракуратуры. Уладзімір Лабковіч адзначае цынізм такога адказу пракуратуры:

"То бок я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, паведаміў у пракуратуру, што мне са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што ў ЦІПе чалавека ўтрымліваюць больш за той тэрмін, які прадугледжаны для ўтрымання такіх затрыманых адміністратыўна-працэсуальным заканадаўствам краіны. І пракуратура ў такім выпадку абавязаная ўмяшацца і вызваліць гэтага чалавека, а ўжо потым няхай міліцыя ўстанаўлівае яго асобу. Ён не павінен ўвесь гэты час знаходзіцца ў зняволенні, бо гэта абсалютна незаконна. І выносіць прадпісанні аб неадкладным вызваленні адміністратыўна затрыманых - гэта прамая кампетэнцыя органаў пракуратуры, прадугледжаная законам. А падставай для гэтага можа быць паведамленне ў СМІ. Таму ў сваім звароце я і ўказваў на паведамленне ў СМІ і прасіў умяшання ў лёс чалавека. А на гэта атрымаў цынічны адказ пра тое, што мой зварот наогул не будзе разглядацца. То бок, умоўна кажучы, калі б я паведаміў пра нейкае забойства, то мне б пракурор адказаў, што яны не будуць у гэта ўмешвацца, паколькі я не з'яўляюся абаронцам чалавека, якога забілі ..."

Апасенні праваабаронцы пацвердзіліся: грамадзянін Валерый не выйшаў на волю праз 72 гадзіны пасля затрымання, але дзяжурны 28 сакавіка [у дзень накіравання Уладзімірам Лабковічам электроннага звароту ў пракуратуру - рэд.] паведаміў "Еўрарадыё", што асоба мужчыны ўстаноўлена, але пры гэтым прозвішча не назваў. У той жа дзень Валерый Цімашэнка (прозвішча "Свабодзе" пацвердзілі яго сваякі) быў асуджаны да 15 сутак адміністратыўнага арышту па двух артыкулах - за "непадпарадкаванне міліцыі" і "дробнае хуліганства".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства