viasna on patreon

Зміцер Крэмянецкі абскарджвае дзеянні супрацоўнікаў СІЗА №1

2017 2017-04-05T15:01:40+0300 2017-04-06T01:37:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kremenecki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Крэмянецкі. Фота - Антон Матолька

Зміцер Крэмянецкі. Фота - Антон Матолька

Актывіст “Маладога фронту” Зміцер Крэмянецкі пасля свайго вызвалення  з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” накіраваў скаргу начальніку СІЗА №1 на зняважлівае абыходжанне з боку супрацоўнікаў папраўчай установы.

Зміцер Крэмянецкі просіць праверыць дзеянні супрацоўнікаў СІЗА на Валадарскага і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у пагаршэнні стану яго здароўя, а таксама тых, хто зняважліва адносіўся і ўжываў у дачыненні яго катаванні.

Па словах Зміцера, у першыя дні ён меў магчымасць адпачыць толькі некалькі гадзін.

"24 сакавіка, на другі дзень утрымання, мяне паднялі ў шэсць гадзін раніцы, нягледзячы на тое, што напярэдадні мяне памясцілі ў камеру толькі позна ноччу. Сядзець на ложку мне забаранілі. Увесь дзень у дачыненні да мяне праводзілі працэсуальныя дзеянні, затым быў допыт у КДБ, пасля якога мяне прывезлі назад у СІЗА ў дзве гадзіны начы. На наступны дзень ізноў у шэсць ранку прагучала каманда “пад’ём”. На працягу ўсяго дня, седзячы на драўлянай лаве, я засыпаў, а супрацоўнікі СІЗА пастаянна рабілі мне заўвагі".

З-за таго, што праваахоўныя органы не забяспечылі права на адпачынак, Зміцер напісаў скаргу на імя начальніка СІЗА №1 на ўмовы утрымання і аддаў яе канваіру. Той паабяцаў перадаць яе ў дзяжурную частку, аднак дагэтуль ніякіх адказаў на тую скаргу Зміцер не атрымаў.

У той дзень актывіст адчуў стомленасць, неўзабаве яго стан пагоршыўся, і ён пачаў губляць прытомнасць. Але нават гэта не стала падставай для дазволу адпачыць.

“Я звярнуўся па медыцынскую дапамогу. Праз паўгадзіны прыйшоў доктар, які замерыў ціск і тэмпературу цела. Доктар сказаў, што ціск павышаны, даў мне лекі і сказаў канваірам, што мне патрэбны пасцельны рэжым. Аднак канваіры адказалі, што гэта не прадугледжана правіламі ўтрымання ў СІЗА”.

Актывіст “Маладога фронту” лічыць, што такія дзеянні адміністрацыі СІЗА пагражалі яго здароўю, а меры катавання з боку канваіраў прыніжалі яго чалавечую годнасць.

Зміцер Крэмянецкі быў затрыманы 23 сакавіка ў Мінску супрацоўнікамі КДБ у якасці падазраванага па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў" (арт.293 ч.3 КК РБ). Дзевяць дзён ён правёў у СІЗА на Валадарскага, адкуль быў адпушчаны 1 красавіка без прад’яўлення абвінавачванняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства