Гародня: Абласны суд не задаволіў скаргі грамадскіх актывістаў
10 красавіка 2017 г., у Гарадзенскім абласным судзе прадоўжыўся разгляд скаргаў на рашэнні суда Ленінскага раёна Гародні дэмакратычных актывістаў Вадзіма Саранчукова, Мікалая Саляніка, Вольгі Верамеенкі і Галіны Ламашэвіч. Пра гэта піша “Гарадзенская Вясна”.
Веў працэс суддзя Уладзімір Янкоўскі, якому спатрэбілася няпоўныя паўгадзіны, каб абвесціць рашэнне па скарзе, пакінуўшы яе без задавальнення, а рашэнне Ленінскага суда Гародні без зменаў. Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў спрабаваў падаць хадайніцтва ў якім тлумачыў, што збор подпісаў з’яўляецца гарантаваным правам грамадзян ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, а паводле міліцэйскіх пратаколаў, якія былі складзены з грубымі парушэннямі заканадаўства, ягоныя дзеянні былі кваліфікаваны як актыўны ўдзел у мітынгу і шэсці. З дадзенымі абставінамі Вадзім Саранчукоў быў нязгодны і спрабаваў гэта давесці да суддзі, аднак суддзя Янкоўскі толькі запытаў: ці прыняў гэта хадайніцтва суд першай інстанцыі да разгляду, пачуўшы адказ, што не, адхіліў хадайніцтва.
Каментуючы дадзеную сітуацыю, Вадзім Саранчукоў адзначыў:
“Сваім рашэннем суддзя нас не здзівіў. У маім выпадку суд кваліфікуе збор подпісаў як масавую акцыю раўназначную мітынгу і шэсцю, традыцыйна не прымаючы ніякіх аргументаў, не звяртаючы ўвагі ні на што. Яны проста пацвярджаюць тое рашэнне, што было вынесена раней. І, на жаль, усе гэта нагадвае адну вялікую прафанацыю”.
Нагадаем, што актывісты судом Ленінскага раёну Гародні 14 сакавіка 2017 г. былі засуджаны за удзел у агульнанацыянальнай акцыі супраць Дэкрэта №3, якая прайшла 19 лютага. Так, Вадзім Саранчукоў быў пакараны 13 суткамі арышту, Мікалай Салянік штрафам 8 базавых велічынь, Вольга Верамеенка 15 базавых велічынь, Галіна Ламашэвіч 7 базавых велічынь.