viasna on patreon

Міліцыянты казалі: прасіць вады і правы чалавека будзеш у Расіі

2017 2017-04-13T14:10:46+0300 2017-04-13T14:13:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/olha_roschina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Рошчына

Вольга Рошчына

Вольга Рошчына правяла 13 сутак на Акрэсціна і атрымала забарону на ўезд у Беларусь на 10 гадоў. Беларускія СМІ пісалі, што Вольга — шараговая турыстка, якая апынулася не ў тым месцы і не ў той час. Але гэта не зусім так, паведамляе "Новы час".

Вольга жыве ў Падмаскоўі і сапраўды часта вандруе. У яе шмат сяброў у Расіі, Беларусі, Украіне. Яна называе сябе грамадзянкай свету. А яшчэ Вольга — грамадская актывістка. Нядаўна яна ўдзельнічала ў акцыі салідарнасці з беларускімі зняволенымі ў Пецярбургу.

Дзяўчына адмыслова прыехала ў Мінск, каб падтрымаць сяброў, затрыманых 15 сакавіка. І каля Акадэміі навук у Дзень Волі яна таксама апынулася не выпадкова, з сабой яна мела расцяжку «Всех не пересажаете», якую планавала разгарнуць. Вольгу без перашкод прапусцілі праз ачапленне, а потым зацягнулі ў аўтазак.

«Чаму я схлусіла ў судзе, назваўшыся звычайнай турысткай? Хлусіць суд, хлусіць міліцыя, хлусяць падстаўныя сведкі. Чаму я павінна гуляць сумленна, калі ўсё вакол фарс? Я прадставіла сябе як звычайнага чалавека, каб паказаць, што не толькі актывістаў затрымліваюць. У той момант я не была актывісткай, я проста шпацыравала і магла ісці ў краму, напрыклад».

Тое, што адбывалася з ёй далей, для беларусаў — сумная рэчаіснасць, для Вольгі — дзікунства.

Першае, што ўразіла, — гэта адсутнасць права на тэлефоны званок. Калі чалавек трапіў за краты, ён не можа паведаміць сваякам і сябрам, што з ім здарылася, папрасіць прынесці элементарныя рэчы. (Дарэчы, перад вызваленнем Вольга аддала сваю зубную шчотку і рушнік сукамерніцы — у той не было нічога, а сядзець 15 сутак).

Другім адкрыццём стала здольнасць амапаўцаў, якія праводзілі затрыманні, знаходзіцца адначасова ў дзесяці розных месцах. Ва ўсялякім выпадку, гэта вынікала са складзеных пратаколаў.

Пасля затрымання Рошчыну прывезлі ў Маскоўскае РУУС.

«У міліцыі я не хацела выдзяляць сябе як грамадзянку Расіі. Наадварот, я казала, што нам усім патрэбна вада, нам усім патрэбны нашы правы. У адказ міліцыянты падкрэслівалі: «Ты не ў Расіі. Гэта ты ў сябе будзеш прасіць вады і правы чалавека. У нас такога няма».

Увечары прыйшла жанчына з міграцыйнай службы, якая спачатку спрабавала нават праявіць клопат, прапанавала вады. Дзяўчына адмовілася: ці ўсім вада, ці нікому. Гэтая жанчына распытвала Вольгу наконт яе сувязяў з Украінай, ці бывала ў Польшчы. Потым гэтыя ж пытанні задаваў намеснік начальніка РУУС Мікалай Руцкі. А калі Вольга заявіла, што гэтыя пытанні не тычацца затрымання, сказаў: «Галуба мая, ты пра…ла свой шанец на свабоду!».

Пасля гэтага Вольгу замкнулі ў «малпоўні». Дзяўчына мяркуе, што да канфлікта з намеснікам начальніка РУУС яе сапраўды збіраліся адпусціць.

Дарэчы, затрымлівалі Рошчыну і на акцыі ў Санкт-Пецярбургу, і яна можа параўнаць умовы ў Беларусі і Расіі:

«8 сакавіка я апынулася на месцы правядзення несанкцыянаванай фемінісцкай акцыі. Калі дзяўчын сталі затрымліваць, я заступілася за іх. Мяне з сяброўкай таксама схапілі. Але далейшы сцэнар быў зусім не такі, як у Мінску. Мы не сядзелі ў клетках, у нас не адбіралі тэлефоны, да нас пусцілі праваабаронцаў і грамадскую назіральную камісію, нам перадалі перадачу. Мы фоткаліся, сядзелі ў інстаграме, выкладвалі гісторыі з жыцця ОУС, здымалі міліцыянтаў на відэа, елі бананы і пілі воду. Праз 8 гадзін нас адпусцілі. Некаторым дзяўчатам далі штраф 100 долараў. Якія розныя наступствы ў Піцеры і ў Мінску практычна за адны і тыя ж артыкулы: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і супраціў пры затрыманні».

Сапраўдны цырк пачаўся, калі пасля суда Рошчыну прывезлі ў ЦІП на Акрэсціна.

«Малады дзяжурны Жэня голасам амерыканскага ваеннага з фільмаў роў на мяне, што крыва стаю. Ударыў у бок дубінкай, каб я вывернула далоні наверх. І кожны раз, калі рукі спаўзалі ўніз, вельмі жорстка тыкаў дубінкай у плечы.

Мне ў судзе перадалі перадачу з бананамі-печывам, газетай і ўсялякай драбязой. Ён прымусіў усё гэта высыпаць на падлогу, а потым збіраць».

На Акрэсціна Вольгу абшукалі, хацелі зняць пірсінг і адабраць гадзіннік. Пірсінг было здымаць шкада, бо яго шмат, а за 13 сутак усё б дзіркі зараслі. У выніку яна сказала, што завушніцы не здымаюцца. Гадзіннік таксама адваявала. Дарэчы, гадзіннік у камеры вельмі каштоўная справа. Вольга кажа, да яе ноччу дзяўчаты падыходзілі, каб час паглядзець.

Сукамерніцамі Вольгі былі бамжыхі і алкагалічкі:

«Але я была здзіўлена, наколькі ўсе яны былі адэкватныя і добрыя. У нас не было ніводнага канфлікту, заўсёды панавала атмасфера падтрымкі і салідарнасці. Я спадзяюся, што ў мяне атрымалася паўплываць на іх, яны задумаюцца пра нейкія рэчы і зменяцца ў лепшы бок».

Вольга чалавек непераборлівы, падчас вандровак даводзілася спаць і ў намётах, і пад адкрытым небам, таму побытам на Акрэсціна яна не была шакаваная: зручны ложак, свежая бялізна, гарачая вада ў кране. З чым было цяжка, дык гэта са сродкамі гігіены. Першыя некалькі дзён увогуле давялося абыходзіцца без іх. Нават туалетнай паперы не было. Напісала заяву, каб сяброўка магла прыносіць перадачы — паперу адхілілі. Але праз чацвёра сутак прыйшла адна перадача, яшчэ праз пяць — другая.

Але туалетнай паперы і мыла ўсё роўна не хапала, іх давалі вельмі мала. Таму на кожным ранішнім абходзе даводзілася патрабаваць іх у начальства.

Вольга — веган, таму калі кармілі чымсьці з мясам ці малаком, аддавала гэта сукамерніцам.

«Не ведаю, што там дадавалі ў ежу, але ва ўсіх сукамерніц балелі жываты і была нястраўнасць. Пасля маіх скаргаў медсястра выдала мне 5 таблетак актываванага вугалю».

Яшчэ цяжка было без свежага паветра. На прагулкі Вольгу пачалі выводзіць толькі праз некалькі дзён. Але толку з іх, калі на невялічкім пятачку стаяць дзевяць жанчын і ўсе паляць.

Ніводнай паштоўкі ці ліста Вольга не атрымала, хоць сябры шмат іх дасылалі. Нават пры вызваленні нічога не аддалі. Атрымліваецца, іх папросту выкідалі? Не вярнулі і расцяжку, хоць яна і была пазначана ў пратаколе.

Пасля сутак Вольгу павінны былі дэпартаваць у Расію. Дакумент аб высылцы падпісаны намеснікам начальніка Маскоўскага РУУС Руцкім М.В.

У перадапошні дзень да дзяўчыны прыйшоў супрацоўнік міграцыйнай службы. Ён паведаміў, што чакаць дэпартацыі за дзяржаўны кошт давядзецца доўга, можа і некалькі месяцаў.

«Я сказала, што сябры мне могуць набыць квіток, але мне патрэбны нумар тэлефона, які ляжыць у партфелі ў маіх асабістых рэчах. Мне не дазволілі яго ўзяць. І тады я спадзявалася толькі на кемнасць маіх таварышаў. І яны зрабілі гэта. Набылі мне квіток. Самі дамагліся, каб на іх машыне мяне і суправаджаючага адвезлі ў аэрапорт. Таму я з'ехала ў Расію 8 красавіка».

Пакуль Вольга была ў Беларусі, масавыя пратэсты распачаліся ў Расіі. Цяпер яна ўліваецца ў інфармацыйную  плынь. У Беларусі апошняй кропляй стаў дэкрэт №3, мяркуе Вольга. У Расіі вельмі многа «кропель», але няма адзінай праблемы, усе яны тычацца толькі асобных сацыяльных груп: толькі студэнтаў, толькі журналістаў, толькі дальнабойшчыкаў.

Вольга спадзяецца, што можна будзе штосьці зрабіць з забаронай на ўезд у нашу краіну.

«Беларусь — гэта частка майго жыцця, тут вельмі шмат блізкіх сяброў. Не ездзіць сюды для мяне нерэальна. Я хутчэй за ўсё буду ездзіць. І буду абскарджваць гэта рашэнне», — падкрэслівае Вольга.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства