viasna on patreon

Праваабаронцы прадставілі ў ЕС ключавыя рэкамендацыі для вырашэння сітуацыі ў Беларусі

2017 2017-04-13T17:10:59+0300 2017-04-13T17:13:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/euraparlamient.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота ПЦ "Вясна"

Ілюстрацыйнае фота ПЦ "Вясна"

Падчас рабочага візіту ў Брусель нацыянальныя і міжнародныя праваабаронцы правялі сустрэчы ў структурах Еўрапейскага Саюза ў сувязі з падзеямі апошніх месяцаў у Беларусі, заклікаўшы дзяржавы-сябры ЕС да шэрагу рашучых мераў у дачыненні да беларускай дзяржавы дзеля дасягнення прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў краіне.

З 11 па 13 красавіка дэлегацыя ў складзе прэзідэнта Беларускага Дому правоў чалавека і сябра Праваабарончага цэнтра "Вясна" Таццяны Рэвяка, прадстаўніка БДПЧ Антаніны Маслыка і сябра Праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной сустрэлася з прадстаўнікамі дзвюх працоўных групаў Савета ЕС - па правах чалавека і па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, прадстаўнікамі Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, дэпутатамі Еўрапейскага Парламента і дарадцам Спецыяльнага прадстаўніка ЕС па правах чалавека.

Сустрэчы арганізаваны пры падтрымцы брусельскага офіса Фонду Дамоў правоў чалавека для абмеркавання сітуацыі ў сувязі з аднаўленнем беларускімі ўладамі рэпрэсій, а таксама дзейсных мераў з боку міжнароднай супольнасці ў далейшых стасунках з афіцыйным Мінскам. Праваабаронцы перадалі сваім суразмоўцам спіс ключавых рэкамендацый, адрасаваных міжнароднай супольнасці, па вырашэнні праблемаў, звязаных з пагаршэннем становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Еўрапейскаму саюзу неабходна прадпрымаць паслядоўныя рашучыя дзеянні для вырашэння праблемаў, звязаных з пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, пра што сведчыць аднаўленне рэпрэсій, агульная адсутнасць прагрэсу і нежаданне ўладаў рэальна змагацца з парушэннямі правоў чалавека. Для дасягнення прагрэсу ў галіне правоў чалавека неабходна спалучэнне пастаяннага маніторынгу, палітычнага ціску, агульнага дыялогу і адкрыцця прасторы для грамадзянскай супольнасці, - гаворыцца ва ўступнай частцы дакумента, што папярэднічае самі рэкамендацыям.

Сярод рэкамендацый ёсць непасрэдна звязаныя з падзеямі апошніх месяцаў у Беларусі, дзе праваабаронцы просяць ЕС і яго дзяржавы-сябры заклікаць беларускія ўлады да безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых у сувязі з хваляй мірных дэманстрацый пратэсту і спыніць пераслед і запалохванне тых, хто ажыццяўляе сваё права на свабоду сходаў, выказвання меркаванняў і асацыяцый, забяспечыць гэтыя правы ўсім грамадзянам Беларусі; забяспечыць строгае выкананне ўсіх працэсуальных гарантый асобам, затрыманым у рамках крымінальнай справы і ўстрымлівацца ад любых формаў ціску на асобаў, якія ўдзельнічаюць у разбіральніцтве, уключаючы адвакатаў. Асобным пунктам выносіцца патрабаванне аб вызваленні палітычных зняволеных і адмене судзімасцяў былых палітвязняў з мэтай поўнага аднаўлення іх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Акрамя таго, праваабаронцы кажуць пра неабходнасць імплементацыі Беларуссю мінімальных мераў для забеспячэння прагрэсу ў галіне правоў чалавека, у тым ліку шляхам ўсебаковага супрацоўніцтва з механізмамі ААН і АБСЕ. Сярод такіх мераў - увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне; адмена артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які забараняе дзейнасць незарэгістраваных арганізацый; сістэматычная праца па прывядзенні беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і іншае. Асаблівае значэнне надаецца пытанню прызнання мандата спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі і запуск супрацоўніцтва з ім.

У звароце да ЕС таксама акцэнт зроблены на рэкамендацыю разглядаць беларускую праваабарончую супольнасць, у тым ліку і незарэгістраваныя няўрадавыя арганізацыі, як раўнапраўнага ўдзельніка дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства