viasna on patreon

Чаму «Вясна» пакуль не прызнае палітвязьнямі фігурантаў справы «Белага легіёну». Тлумачыць Стэфановіч

2017 2017-04-14T18:03:53+0300 2017-04-17T11:34:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Форум «Свабоду палітвязьням» прызнаў палітвязьнямі фігурантаў справы «Белага легіёну». Удзельнікі форуму абяцалі прыкладаць высілкі, каб прынамсі праваабаронцы «Вясны» таксама назвалі фігурантаў справы палітвязьнямі, паведамляе радыё "Свабода".

Але «Вясна» пакуль такога ня робіць. На «Вясну» тым часам пакрыўдзіўся Андрэй Бандарэнка: яго не прызналі палітвязьнем, ён зьбіраецца стварыць новую асацыяцыю праваабаронцаў Беларусі.

Чаму «Вясна» не прызнае фігурантаў справы «Белага легіёну» палітвязьнямі і што трэба, каб прызнала, Свабодзе тлумачыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Ёсьць справы, дзе ўсё адразу зразумела. Гэта не такая

«Паводле крытэраў, якімі мы кіруемся, мы не заўсёды можам зрабіць высновы аб прызнаньні той ці іншай асобы палітычным зьняволеным да судовага пасяджэньня. Ёсьць справы, сутнасьць якіх нам зразумелая і мы можам казаць пра пакараньне за рэалізацыю асобай правоў, гарантаваных міжнароднымі нормамі. Як свабода мірных сходаў, свабода асацыяцыяў, свабода выказваньня сваёй думкі. Калі гаворка вядзецца пра перасьлед за рэалізацыю такіх свабодаў, мы адразу можам зрабіць высновы пра яго палітычна матываваны характар і пра тое, што асоба зьяўляецца палітвязьнем. І, адпаведна, патрабаваць неадкладнага вызваленьня.

Напрыклад, спадар Касінераў (яго справа за пятлю на шыі статуі царскага гарадавога прызнаная палітычна матываванай. — РС). Сутнасьць справы там зразумелая. Мы лічым, што складу крымінальнага злачынства, хуліганства ў ягоных дзеяньнях няма. Па сутнасьці, гэта было выказваньне свайго меркаваньня ў форме пэрформансу, таму мы лічым, што ягоны перасьлед зьвязаны з палітычнымі матывамі, з мэтай спыніць ягоную дзейнасьць. Таму мы патрабуем яго вызваленьня».

«Падрыхтоўка масавых беспарадкаў» і «стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня» сапраўды забароненыя

«Тыя абвінавачаньні, што высунутыя супраць фігурантаў справы „Белага легіёну“, а гэта „падрыхтоўка да масавых беспарадкаў“ і „незаконныя ўзброеныя фармаваньні“, трапляюць пад дапушчальныя абмежаваньні свабоды асацыяцыяў ці мірных сходаў. Міжнароднымі нормамі права абараняюцца толькі мірныя сходы. Гэта значыць, сходы могуць абмяжоўвацца ў мэтах абароны нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, жыцьця і здароўя грамадзянаў. Абмежаваньні свабоды асацыяцыяў падобныя.

Таму калі мы хочам сказаць, што яны зьяўляюцца палітвязьнямі, мы мусім мець аргумэнты, што гэта сапраўды так. А каб мець аргумэнты, мы павінны назіраць непасрэдна судовы працэс, у чым іх абвінавачваюць, што там за зброя, ёсьць яна ці няма яе, ці была там падрыхтоўка да беспарадкаў... Гэта ўсё будзе вядома і ўсё можна будзе ацаніць».

«Ня веру» — не аргумэнт для міжнароднай супольнасьці

Пакуль што шырокая грамадзянская супольнасьць карыстаецца аргумэнтамі кшталту «ня верым», але гэта досыць слабая аргумэнтацыя, каб вызначацца з характарам абвінавачаньня. Тым больш асноўны сэнс прызнаньня палітзьняволенымі ў тым, каб міжнародная супольнасьць, падтрымаўшы такія высновы, патрабавала іх вызваленьня. А каб яна гэта зрабіла, трэба прадаставіць адпаведныя аргумэнты.

Хачу дадаць, што гэтае пытаньне абмяркоўвае ня толькі „Вясна“, але і іншыя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку Беларускі Хэльсынскі камітэт».

Матэрыялы БТ і «Советской Белоруссии» — ня доказы, а прапаганда

«Што да БТ і „Советской Белоруссии“, гэта ня доказы, а прапагандысцкія матэрыялы, у якіх можа быць што заўгодна. Ацэньваць трэба канкрэтныя абвінавачаньні. А што там паказваюць па тэлевізіі, сьведчыць толькі пра тое, што ўлады грэбуюць прэзумпцыяй невінаватасьці, гарантаванай Канстытуцыяй нашай краіны, і яшчэ да пачатку суду фармуюць нэгатыўны вобраз гэтых людзей, „абвінавачваючы“ іх ледзь не ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў.

Мы назіраем гэта ня першы раз. Гэта было і пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году, тады былі адпаведныя публікацыі ў газэтах і дэманстрацыі фільмаў. Але 19 сьнежня былі падзеі, якія мы маглі ацэньваць. Былі назіральнікі на мерапрыемстве, мы гэта бачылі, мы бачылі дзеяньні дэманстрантаў. У тым ліку тых, якія пачалі біць шкло і якія дэманстратыўна не спыняліся супрацоўнікамі міліцыі — гэта потым стала апраўданьнем для разгону ўсёй дэманстрацыі, у тым ліку большасьці дэманстрантаў, якія не ўчынялі гвалтоўных дзеяньняў і рэалізоўвалі свабоду мірных сходаў. Тады гэтая ацэнка дала магчымасьць прызнаньня ўсіх абвінавачаных у справе палітвязьнямі, бо мы не былі згодныя з кваліфікацыяй падзеяў як масавых беспарадкаў.

Штосьці падобнае было і ў справе Аўтуховіча, калі яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту: у справе фігуравала зброя, было абвінавачаньне ў зьнішчэньні маёмасьці падпалам. Тады мы патрабавалі адкрытага разбору, каб зрабіць высновы аб сутнасьці абвінавачаньняў. А ў выніку адкрытага судовага працэсу большасьць абвінавачаньняў не знайшла пацьверджаньня, абвінаваўчы бок мусіў адмовіцца ад абвінавачаньняў у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту, зьнішчэньня маёмасьці грамадзка небясьпечным шляхам і гэтак далей.

Цяпер жа ўсё нібы на этапе падрыхтоўкі, трэніроўкі і гэтак далей — таго, што мы ацаніць да судовага працэсу ня можам».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства