Суд над Таццянай Рэвяка: праваабаронцу вінавацяць у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні
Адміністрацыйная справа праваабаронцы “Вясны” Таццяны Рэвяка будзе разглядацца 18 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Пачатак у 9-30. Судовы працэс вядзе суддзя Вікторыя Шабуня.
Рэвяку затрымалі 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Мінска і, разам з іншымі затрыманымі, адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна сталіцы, дзе доўгі час утрымлівалі ў жорсткіх умовах, у дворыку,тварам да сцяны, з паднятымі ўгару рукамі.
Пазней стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі склалі на праваабаронцу адразу два пратаколы: па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі). Пратаколы праваабаронцы не прад’яўлялі і яна іх не падпісвала.
Праваабаронца накіравала ў Пракуратуру горада Мінска скаргу ў сувязі са сваім адвольным затрыманнем на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка і жорсткім абыходжаннем у Цэнтральным РУУС, куды яна была дастаўлена пасля затрымання. Адказу яна пакуль не атрымала.