Праваабаронца: У прававой краіне прыцягнулі б за паклёп і распальванне варожасці
Увечары 12 красавіка ў эфіры канала «Беларусь-1» выйшаў «фільм-расследаванне» пад назвай «Белы Легіён чорных душ», прысвечаны нашумелай «справе патрыётаў».
У матэрыяле пераплятаюцца штампы і страшылкі – нацысты, «Ісламская Дзяржава», «Талібан». Ускосна ці наўпрост усё гэта атаясамляюцца з затрыманымі. У імкненні застрашыць гледача ананімныя аўтары фільму не цураюцца брудных правакацый супраць актывістаў і палітыкаў, якія змагаюцца за дэмакратызацыю дзяржавы.
„Гэта не першы такі “шэдэўр” на беларускім тэлебачанні, якое даўно ператварылася ў прапагандысцкі орган па абслугоўванню аднаго чалавека, як гэта было ў гітлераўскай Германіі ў 30-я гады,” – кажа Беларускаму Радыё Рацыя праваабаронца ПЦ “Вясна” Зміцер Салаўёў.
– Я лічу, што гэта інфармацыйная правакацыя, якая нясе за сабой такія наступствы, як дэзінфармаванне грамадства аб тым, што адбываецца, то бок гэта свядомая маніпуляцыя інфармацыяй для стварэння адмоўнага іміджу як “Беламу легіёну”, так і тым, хто праходзіць па гэтай справе, і сябрам “Маладога фронту” ў тым ліку. Таксама там узгадваюцца вядомыя грамадскія дзеячы – Статкевіч, Шушкевіч, Някляеў. І ўсё гэта перамешана з выявамі свастыкі, нейкай хронікай, і гэта менавіта зроблена па маніпулятыўных методыках, якія выкарыстоўваюцца ў прапагандзе. І хоць яны спрабуюць прыляпіць таўро нейкіх фашыстоўцаў, штосьці яшчэ, праводзяць паралелі, але насамрэч яны самі вось гэтымі гебельсаўскімі метадамі карыстаюцца. Яны як раз ідуць па прынцыпу чым неверагодней іх хлусня, тым прасцей яе распаўсюджваць.
РР: На каго разлічаны чарговы ілжывы “прадукт” беларускіх дзяржаўных тэлевізійшчыкаў?
– У першую чаргу разлічаны на замоўнікаў, таму што там не пазначаны аўтары гэтага фільму, але зразумела, што яны рабілі гэта за грошы, ім гэта замовілі. Згадаем, нядаўна затрыманым было прад’яўлена абвінавачванне па новай крымінальнай справе. І тут мы праз некалькі дзён бачым гэты прапагандысцкі фільм. Зразумела, што ім нешта паабяцалі. Трэба было скляпаць у такім хлуслівым выглядзе, у такім стылі таннай маніпулятыўнай прапаганды. Я не ведаю, на колькі ён будзе ўплываць на людзей, бо насамрэч зараз цяжка ацаніць, хто глядзіць беларускае тэлебачанне, колькі людзей глядзяць, і другое – хто яму верыць. Насамрэч гэты фільм для разумнага чалавека выглядае хутчэй як гратэск.
РР: Чаму менавіта зараз з’явіліся і фільм, і артыкул у “Савецкай Беларусіі” датычныя арганізацыі “Белы легіён”, якой даўно няма?
– Такім чынам спрабуюць застрашыць людзей, запалохаць іх, каб яны не прымалі ўдзел у мірных сходах, таму што ў тым фільме ідуць кадры, вось людзі ўдзельнічаюць у мірных сходах, і чамусьці праводзіцца паралель з фашыстоўскай Нямеччынай, са свастыкай, і бачна, што спрабуюць збіць пратэстную хвалю і нейкую там думку распаўсюдзіць, што небяспечна ўдзельнічаць у мірных сходах, што цябе таксама могуць абвінаваціць, што ты ледзь не фашыст. Хаця насамрэч удзел у мірных сходах – гэта нашае права, якое замацавана і ў міжнародных дакументах, падпісаных Рэспублікай Беларусь, і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Праваабаронца лічыць, што ў прававой краіне аўтараў фільма прыцягнулі б за паклёп і распальванне варожасці. Таму яны і не пазначаны ў фільме. Але гэта пакуль што немагчыма зрабіць у Беларусі. Тут яны сёння „пад дахам” улады. Цалкам гутарка ў гукавым фармаце тут: