viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Мы перакананыя, што ў справе “Белага легіёну” ёсьць палітычны матыў

2017 2017-04-17T13:46:34+0300 2017-04-17T14:37:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki_svaboda.org2016a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На чым грунтуюцца абвінавачваньні на адрас «Белага легіёну»? Ці можна разглядаць фігурантаў справы як палітвязьняў? Якой будзе рэакцыя Захаду на гэтую справу? На гэтыя пытанні вядучага перадачы “Праскі акцэнт” на Свабодзе Юры Дракахруста адказаў кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.  

Алесь Бяляцкі. Фота: svaboda.org
Алесь Бяляцкі. Фота: svaboda.org

Ці ёсьць праўда ў абвінавачваньнях на адрас «Белага легіёну»?

Дракахруст: Напярэдадні і пасьля Дня волі ў Беларусі адбываліся арышты па так званай «справе баявікоў» ці справе «Белага легіёну». Па справе агулам праходзяць 35 чалавек. Дзяржаўныя мэдыі надаюць ёй вялікую ўвагу, СБ апублікавала артыкул «Імя ім — легіён» з цытатамі з паказаньняў арыштаваных, БТ паказала стужку на гэтую ж тэму «Белы легіён чорных душаў». Агульная рэакцыя публікі — суцэльнае трызьненьне, выдуманая ад пачатку да канца справа ў стылі працэсаў 30 гадоў — «замаху на таварышча Варашылава». А на ваш погляд — ці сапраўды гэта абсалютна прыдуманая справа? Наагул кажучы, маглі быць нейкія рашуча настроеныя людзі з вайсковым досьведам, гаварылася ж, што сёлетняе 25 сакавіка стане вырашальным днём. Формулы пра рэвалюцыйную сытуацыю ў гэтую пратэстную кампанію гучалі, ну а рэвалюцыі рэдка адбываюцца толькі на «зялёнае сьвятло».

Бяляцкі: Мабыць варта пачаць з таго, што самая амплітуда такога зьбіцьця сацыяльнай і палітычнай актыўнасьці, якая адбывалася гэтай вясной, яна застаецца фактычна такой, якую мы назіралі за апошнія 20 гадоў ужо некалькі разоў. Калі ўзьнімалася гэтая палітычная хваля, зараз яна падмацаваная сацыяльнымі праблемамі і пратэстамі, то тады ўлады, нягледзячы на ўсе зьнешнія акалічнасьці і на магчымыя цяжкасьці ў міжнародных стасунках, якія вымалёўваліся, нягледзячы на папярэджаньні, проста ўжывалі гвалт і ўсе гэта ішло прыкладна па тым сцэнары, па якім яно прайшло і зараз.

Я літаральна ўчора гартаў кніжкі па падзеях 2006 года і таксама тады мы бачылі, што дзесяткі людзей былі прыцягнутыя па абвінавачваньнях па розных артыкулах крымінальнага кодэкса з палітычнымі матывамі, а ўсяго за кампанію 2006 года было арыштавана і пацярпела больш за 1200 чалавек.

Тады былі іншыя групы, скажам тое ж самае «Партнэрства», якое паказвалі як групу, якая мела і зброю, і грошы, і займаліся супрацьпраўнымі дзеяньнямі. Вось гэтая самая схема застаецца фактычна той самай, дастаткова ўзгадаць фільмы, якія ляпіліся раней: «Дзеці хлусьні», «Жалезам па шклу» пасьля падзеяў 2010 году, чарговая падобная стужка была паказаная і зараз. І ўсё гэта робіцца па адным узоры. А што тычыцца канкрэтна тых абвінавачваньняў, якія вылучаныя зараз, то яны іншыя, яны замаскіраваныя, яны маюць іншы падтэкст, і тут трэба вельмі ўважліва разьбірацца і нам, праваабаронцам, і ўвогуле ўсяму грамадзтву.

З аднаго боку мы перакананыя, што ёсьць палітычныя матывы і яны відавочныя ў гэтых крымінальных справах. І таксама мы сьцьвярджаем, што парушаная прэзумпцыя невінаватасьці затрыманых, яны маюць няроўныя ўмовы абароны, і мы чакаем вельмі сур’ёзных доказаў абвінавачваньня ў тым, у чым іх абвінавачваюць.

Ці палітвязьні фігуранты справы «Белага легіёну»?

Дракахруст: Алесь, ці можна фігурантаў «справы баевікоў» разглядаць як палітвязьняў? Ёсьць людзі, якія нават абураюцца ў Фэйсбуку, чаму праваабарончыя арганізацыі адразу аўтаматам не могуць іх трактаваць як палітвязьняў? Гаворыцца, што абвінавачваньні — гэта трызьненьне, гэта вар’яцтва, дзікунства, і хіба самі па сабе гэтыя абвінавачваньні не сьведчаць пра палітычную подбіўку ўсёй гэтай справы?

Бяляцкі: Пра палітычны матыў справы мы ўжо казалі, я думаю тут пярэчаньняў ні ў каго няма, што яны прысутнічаюць. Патрабаваньне аб прызнаньні іх палітычнымі вязьнямі сапраўды зараз гучаць вельмі гучна. Але грамадзтва неяк спрошчана ўяўляе, што дастаткова «Вясьне» вынесьці такі вэрдыкт і адразу міжнародная супольнасьць падхопіць, падтрымае яго і адпаведна будзе ціск на беларускія ўлады і гэта дапаможа вызваліць затрыманых з турмы.

Насамрэч усё ня так проста, ёсьць крытэрыі, якія дазваляюць вызначыць затрыманых людзей палітвязьнямі, і аргумэнты мусяць быць вельмі доказныя і пераканаўчыя. Справа закрытая, мы ня маем зараз усіх фактаў на руках, мы не ведаем, што будуць казаць арыштаваныя на судзе і ці будзе сапраўды даказана, што гэта была парамілітарная групоўка.

Нагадаю, што стварэньне такіх парамілітарных груповак не абараняецца міжнароднымі стандартамі і нормамі, і яны трапляюць пад дапушчальнае абмежаваньне свабоды асацыяцыяў і па беларускай Канстытуцыі, і па міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Такім чынам, нягледзячы на мэты, якія ставіла гэтая група, яны апынаюцца па-за дэфініцыяй палітычных зьняволеных. Мы можам іх называць патрыётамі, можам яшчэ нейкія прымальныя дэфініцыі прымаць, але гэта ўжо ня будуць палітычныя зьняволеныя ў міжнародным сэнсе.

Акцэнты расстаўляць рана, вельмі верагодна, што справа гэта разваліцца. Прынамсі, што датычыцца падрыхтоўкі масавых беспарадкаў, гэта выклікае яшчэ больш пытаньняў, трэба даказаць, што яны рыхтаваліся да ўчыненьня беспарадкаў, і я мяркую, што гэты артыкул да суду можа ўвогуле не дажыць. Таксама вельмі важна, каб судовы працэс прайшоў без парушэньня стандартаў справядлівага судовага разьбіральніцтва. І ў рэшце вельмі важная пазыцыі ўсяго грамадзтва — не толькі праваабаронцаў.

У сьвеце бываюць розныя выпадкі, паглядзім на такія асобы, як Абдула Аджалан, старшыня Працоўнай партыі Курдыстана, які амаль 20 гадоў знаходзіцца ў зьняволеньні і менавіта за стварэньне баявых атрадаў, якія змагаюцца за незалежнасьць Курдыстана. Праваабаронцы не прызнаюць яго палітычным зьняволеным, таксама як і Эўразьвяз. А курды прызнаюць, яны лічаць яго палітычным зьняволеным і змагаюцца за яго вызваленьне. Таму тут важная пазыцыя беларускага грамадзтва, ў гэтай сытуацыі яна значна важнейшая за пазыцыю толькі праваабаронцаў.

Дракахруст: Калі прыгадаць беларускую гісторыю, ці быў у цяперашнім сэнсе Кастусь Каліноўскі палітвязьнем? Ён сапраўды кіраваў парамілітарным фармаваньнем, якое вяло баявыя дзеяньні супраць дзяржавы, падданым якой ён быў.

Бяляцкі: Можна прывесьці безьліч прыкладаў. Паводле разуменьня праваабаронцаў сродкі мусяць быць мірнымі ў змаганьнях за свае перакананьні. І гэта дае падставу для вызначэньня палітычнага вязьня. А калі ты са зброяй у руках дамагаесься нейкіх палітычных мэтаў, то называйся тады партызан, патрыёт, ці яшчэ як-небудзь, толькі ўжо не прэтэндуй на статус палітычнага вязьня. Я кажу, што гэтае вызначэньне ня ёсьць узнагарода.

Заходняе рэха справы «Белага легіёну»

Дракахруст: Мы пачалі ўжо размову пра рэакцыю Захаду. Яна была на беларускі хапун у цэлым (не толькі на крымінальную справу «Белага легіёну») даволі рэзкай, хаця і стрыманай. Была заява МЗС Літвы, дзе было проста дакладна сказана, што «чырвоная лінія» для Менску — гэта зьяўленьне на Беларусі палітвязьняў. Ці так гэта? Калі яны зьявяцца, то што — адновяць санкцыі ці не будуць даваць крэдыты? Ці роўны палітвязьня палітвязьню? Ёсьць людзі вядомыя, ёсьць людзі менш вядомыя ці тут важны прынцып?

Бяляцкі: Для нас усе палітычныя вязьні роўныя, адназначна. Была яшчэ адна хваля затрыманьняў, якая прайшла па анархістах, пад шумок падчас гэтых масавых затрыманьняў. У анархістаў былі праведзеныя дзесяткі ператрусаў, дзесяткі затрыманьняў, дзесяткі людзей атрымалі тэрміны да 15 сутак і была спроба іх распрацоўкі, вярбоўкі. Мы гэта ўжо ведаем, вельмі актыўна зь імі КДБ працавала.

Вячаслаў Касінераў і Зьміцер Паліенка апынуліся ў турме, і Касінераў ужо прызнаны палітычным вязьнем, па Паліенку пытаньне мы разглядаем [у дзень запісу перадачы заява аб прызнанні Паліенкі палітвязнем яшчэ не выйшла – заўв. ПЦ “Вясна”]. Мы бачым, што ўлады проста зачышчаюць поле пад шумок гэтай барацьбы з тэрарызмам, проста зачышчаюць усе структуры і групы, якія не знаходзяцца пад палітычным кантролем. І для нас гэтыя людзі маюць такую ж самую каштоўнасьць, як і вядомыя лідэры палітычных партыяў. І наша задача, праваабаронцаў беларускіх, зараз даказаць нашым міжнародным партнэрам і міжнародным палітычным структурам міжнародным, што Касінераў — палітвязень.

Суд па ім адбудзецца напрыканцы красавіка, вельмі хутка яго спрабуюць аформіць, гэта не менш трывожны сыгнал і не менш важная справа, чым зьняволеньне вядомых палітычных дзеячоў. Таму, канешне, мы будзем дабівацца іх безумоўнага вызваленьня і мы бачым відавочны палітычны кантэкст іх зьняволеньня.

Разам з Алесем Бяляцкім удзел у перадачы “Праскі акцэнт” прымалі старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў і адзін з кіраўнікоў Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Юры Царык.

Тэкст абмеркавання справы “Белага легіёну” цалкам

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства