viasna on patreon

«Тут табе не фалафель!», або Як вегетарыянцы выжылі на сутках

2017 2017-04-18T11:52:35+0300 2017-04-18T15:12:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pitanie_v_turme_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Пасля затрыманняў на мінскім «Маршы недармаедаў» у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама паступіла вялікая колькасць адміністрацыйна арыштаваных з асаблівасцямі харчавання - вегетарыянцаў і веганаў*.

Аднак, установы адбыцця пакарання, як ЦІП і ІЧУ ў Мінску, так і ІЧУ ў Жодзіна, куды накіравалі маладых людзей на суткі, не былі гатовыя забяспечыць іх дастатковым і паўнавартасным харчаваннем з улікам патрэбаў.

Так сядзельцы распавялі, што веганам і вегетарыянцам на Акрэсціна можна было есці кашы, якія давалі асобна ад катлет. А вось у жодзінскім ізалятары практычна ўсе кашы былі ўперамешку з мясам.

«На Жодзіна давалі амаль заўсёды ўсё змяшанае: бульбу з мясам, капусту з мясам, макароны па-флоцку, і толькі - вуаля! - пярлоўку далі з гарохам! На ноч. І потым ва ўсіх жываты балелі.

На пустой кашы яшчэ можна жыць, аднак калі некалькі дзён запар акрамя сечкі на сняданак у 6:30 раніцы (арганізм-та і прачнуцца яшчэ не паспеў), і арэхаў з перадач нічога не ясі, ужо зусім неяк нядобра сябе адчуваць пачынаеш», - распавяла адна з арыштантак Жана.

У ЦІП гарбату давалі толькі адзін раз у дзень - раніцай, а харчаванне фактычна там было двухразовае, так як паміж абедам, які падаюць каля 15 гадзін, і вячэрай праходзіла каля гадзіны.

Адзін з сядзельцаў Сяргей адзначае, што порцыі настолькі мізэрныя, што абед і вячэру разам узятыя ледзь бы пацягнулі на адзін паўнавартасны прыём ежы - пры ўмове, што будзе з'едзена ўсё меню.

«Звычайна яны кладуць адну лыжку гарніру (каша, пюрэ, капуста) і зверху - якую-небудзь жахлівую катлету, ад якой адмаўляліся у тым ліку і мясаеды; ды міску супу, у які кінуць адну костка на ўвесь кацёл, з-за чаго суп не набірае навару, якога жадаюць мясаеды, і ня падыходзіць для веганаў. Ні вам, ні нам, як той казаў. Гарачы напой (гарбату) даюць толькі раніцай, нягледзячы на прапісаныя нормы.

Даведацца ў дзяжурнага, што раздае ежу, які склад стравы зусім немагчыма - яны альбо ігнаруюць роспыты, альбо грубіяняць, альбо адказваюць, што яны не ведаюць, так як ежа прывезена з кафэ.

Мы ж бачылі сутачныя нормы па харчаванню, якія вісяць на сценах у ЦІП. Прызначаны аб'ём ежы ў разы перавышаў фактычны», - адзначае былы арыштант.

У ІЧУ г. Жодзіна, у адрозненне ад ЦІПа, гарачыя напоі давалі тры разы на дзень.

«Аднак, якасць кісяля пакідала жадаць лепшага: аднойчы нам прынеслі проста крухмал, разведзены вадой. Адзін раз прынеслі капусту без мяса, але яна была не толькі тушаная, але і пратухлая. А яшчэ раз прынеслі доўгачаканае бульбяное пюрэ, але і ў ім я знайшоў рыбныя косці.

Ствараецца ўражанне (а, мабыць, так яно і ёсць), што на кухні кафэ падчас гатавання застаюцца ўсялякія абрэзкі, галушкі цеста і іншае смецце. І вось усё гэта дабро, такое адчуванне, адным махам, сгартваюць рукой са стала ў агульны кацёл, у яго дадаюцца аб'едкі з талерак для сытасці», - працягвае расповяд Сяргей.

У ЦІП кожны дзень давалі вельмі шмат хлеба, прыкладна па тры буханкі на камеру. У нейкі момант арыштанты проста сталі адмаўляцца яго браць. Аднак, было заўважана, што хлеб выдаюць пратэрмінаваны на некалькі дзён: напрыклад, на ўпакоўцы дата вырабу стаіць першае красавіка, тэрмін прыдатнасці 48 гадзін, а ў камеры ён з'явіўся толькі шостага чысла.

«У цэлым ежа агідная. Я не разумею, як з элементарных прадуктаў можна прыгатаваць так жудасна. Але я не вельмі пераборлівая, па меншай меры кашу магу есці амаль любую. Два тыдні можна неяк працягнуць, але калі б прыйшлося так харчавацца даўжэй - гэта ж бяда наогул для здароўя», - пракаментавала харчаванне ў ЦІП Святлана.

Яшчэ адзін з сутачнікаў Аляксандр падкрэслівае, што нават не веганам/вегетарыянцам немагчыма нармальна харчавацца ў ЦІП і ІЧУ.

«Аднародную пластылінавую масу, з гонарам названую «кашай, прыгатаванай у кафэ», наўрад ці можна лічыць нармальнай ежай. Яшчэ памятаю карціну, як самыя адчайныя хлопцы паспрабавалі «рыбную катлету», якая вельмі-вельмі моцна прыліпла да нёба, пасля чаго яе прыйшлося аддзіраць ледзь не падручнымі сродкамі.

Я веган, і для мяне харчаванне ў ЦІП было свайго роду праверкай на трываласць. Дзесяць сутак я еў толькі хлеб, ад якога потым балеў жывот. З тых часоў вырашыў, што лепш нічога не ёсць, чым толькі адзін хлеб. Адзін раз была даволі ядомая грэчка», - падзяліўся ўражаннямі ён.

Асуджаная на суткі Таццяна распавяла, што не ўлічваецца не толькі веганская дыета, але і патрэба ў харчаванні, неабходным па стане здароўя:

Магчыма, пытанні ўтрымання, асаблівасцяў харчавання і стану здароўя ўспрымаюцца як забаўныя і дробязныя, асабліва калі ты сядзіш на канапе і паблізу халадзільнік з ежай і магазін.

Пры паступленні ў ІЧУ на Акрэсціна медсястра праігнаравала мае каментары з нагоды майго асаблівага харчавання - акрамя веганства, у мяне спецыяльная дыета пасля халецыстэктаміі і захворваннях СКТ, сказаўшы толькі, што "харчаванне ў нас тут дыетычнае". Гэта значыць фактычна мне адмовілі ў праве на дастатковае харчаванне.

Акрамя гэтага нас не кармілі некалькі разоў на працягу сутак - не было ні ежы, ні вады. За ўвесь тэрмін было вельмі шмат рознага ўзроўню парушэнняў і пагарды правамі. І ў сітуацыі, напрыклад, абскарджання пастановы суда, працэдура больш-менш зразумелая, але што рабіць, калі праз пару месяцаў пасля ўсіх падзей пачнуцца праблемы са здароўем і выпадуць усе валасы? Такая рэзкая змена харчавання, а дакладней яго адсутнасць, стрэс наўрад ці пройдуць без наступстваў. І размаўляючы аб харчаванне і здароўе, важна ўлічваць і тое, як выконваюцца санітарныя нормы. У Жодзінскім ІЧУ схадзіць у туалет было праблематычна, таму што ніякай дзверы або сцены, якая агароджвала б санвузел ад усёй камеры, не было. Але побач быў стол, за якім усе елі, і назіральнае акно для дзяжурнага па паверсе ў сцяне прама ў прыбіральні.

Варта адзначыць, што харчаванне ў ІЧУ і ЦІП вызначаецца нормай 3 Пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь №1564 ад 21.11.2006.

norma-pitania-1.jpg

norma-pitania-2.jpgПры гэтым, маргарынавая прадукцыя і раслінны алей, якія веганы і вегетарыянцы ядуць, могуць быць замененыя салам-шпікам, тлушчам-сырцом і тлушчамі жывёльнымі, ужыванне якіх недапушчальна ў іх рацыёне па этычных прычынах (згодна з Пастановай МУС №139 ад 07.05.2015 «Аб зацвярджэнні нормаў замены адных прадуктаў іншымі пры іх выдачы для арганізацыі харчавання асоб, якія ўтрымліваюцца ў ізалятарах часовага ўтрымання органаў унутраных спраў і цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў органаў унутраных спраў»).

Акрамя таго, кожны арыштант згодна з пунктам 2 артыкула 18.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях павінен пакрыць выдаткі па харчаванню ў памеры 11 рублёў 50 капеек за адны суткі. Парадаксальна, але поўную аплату харчавання павінны зрабіць і тыя, хто яшчэ ў судзе абвясціў галадоўку і на працягу ўсяго тэрміну арышту нічога не еў.


*Вегетарыянства - харчаванне расліннай і малочнай ежай з адмовай ад мясной: чырвонага мяса, мяса птушкі, морапрадуктаў і мяса любой іншай жывёлы.

Веганства - найбольш строгая форма вегетарыянства, якая выключае спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. Веганы ўстрымліваюцца ад ужывання ў ежу ўсіх прадуктаў жывёльнага паходжання: мяса, рыбы, яек, малака, малочных прадуктаў і мёду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства