Суд па справе Таццяны Рэвякі перанесены на 26 красавіка
Суд над праваабаронцай Таццянай Рэвяка перанесены на 26 красавіка. Такое рашэнне прыняла суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня, пасля марных спробаў адшукаць заяўленага ў працэсе адваката. Суд нават зрабіў афіцыйны запыт у юрыдычную калегію Ленінскага раёна, аднак там нічога не змаглі патлумачыць.
У калегіі праваабаронцы прапанавалі іншага адваката, але Рэвяка прыняла рашэнне адмовіцца ад паслуг абаронцы і вырашыла даказваць у судзе сваю невінаватасць сама.
Тым не меней, пасля працяглага перапынку Вікторыя Шабуня адклала разгляд справы на 5 дзён, каб за гэты час праваабаронца змагла вызначыцца з адвакатам. Працяг судовага паседжання прызначаны на 9-30 26 красавіка.
Рэвяку затрымалі 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Мінска і, разам з іншымі затрыманымі, адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна сталіцы, дзе доўгі час утрымлівалі ў жорсткіх умовах, у дворыку, тварам да сцяны, з паднятымі ўгару рукамі.
Пазней стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі склалі на праваабаронцу адразу два пратаколы: па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Пратаколы праваабаронцы не прад’яўлялі і яна іх не падпісвала.
Праваабаронца накіравала ў Пракуратуру горада Мінска скаргу ў сувязі са сваім адвольным затрыманнем на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка і жорсткім абыходжаннем у Цэнтральным РУУС, куды яна была дастаўлена пасля затрымання. Адказу яна пакуль не атрымала.
Напярэдадні суда Фонд дамоў правоў чалавека звярнуўся да старшыні суда Цэнтральнага раёна Мінска, у якім 18 красавіка будзе разглядацца справа праваабаронцы Таццяны Рэвяка.