viasna on patreon

#БезПраваНаРасправу: «Я разумеў, што магу застацца без рукі, проста стаць інвалідам»

2017 2017-04-19T15:50:27+0300 2018-02-02T13:48:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bez_prava_na_raspravu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся Павел Кірлік, якога двое сутак збівалі і катавалі ў ГАМ №1 Маскоўскага раёна г. Мінска.

Малады чалавек распавёў, што ён працуе майстрам па татуіроўцы і перманентным макіяжы ў адным з мінскіх салонаў. Днём 12 красавіка да яго на працу прыйшлі двое супрацоўнікаў у цывільным і прапанавалі праехаць у аддзяленне. Прычын затрымання Паўлу не паведамілі.

Яшчэ 25 сакавіка малады чалавек быў схоплены АМАПам недалёка ад ст. м. Акадэмія навук, дзе планаваўся «марш недармаедаў», але ўвечары ў той дзень ён быў адпушчаны з РУУС. Ён ведаў, што 9 і 10 красавіка да яго дадому прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, і сваё затрыманне 12 красавіка першапачаткова звязваў менавіта з удзелам у мірнай акцыі пратэсту супраць дэкрэта №3.

Аднак, пазней стала вядома, што ў адной з супрацоўніц салона знікла 50 еўра, а падазраваць сталі менавіта Паўла Кірліка толькі таму, што ён вырас у дзіцячым доме і раней быў судзімы.

Калі затрыманага даставілі ў ГАМ №1, на яго сталі аказваць псіхалагічны ціск: пагражаць, абзываць, прапаноўваць прызнацца і ўзяць на сябе віну.

«У нейкі момант зайшоў супрацоўнік у цывільным, махнуў дваім сваім калегам, каб тыя выйшлі, зачыніў дзверы на ключ і пачаў біць. Спачатку сыпаліся падпатыльнікі, потым пачаў біць мяне па галаве так, каб я стукаўся аб шафу, біў каленам у грудзі. Удары сыпаліся адзін за адным, пакуль я сядзеў на крэсле. Затым мяне паклалі на падлогу ў ластаўку, на руках і нагах зашчапілі кайданкі. Пры гэтым міліцыянт зрабіў гэта так, каб кайданкі траплялі менавіта на голае цела.

Правую руку вельмі моцна заціснуў, левую яшчэ больш-менш, пасля чаго супрацоўнікі пакінулі мяне ў такім стане недзе на гадзіну», - распавёў Павал Кірлік.

Пасля два супрацоўнікі вярнуліся і прапанавалі хлопцу два варыянты: напісаць яўку з павіннай і пайсці дадому або правесці ноч у ГАМ, дзе яго будуць працягваць катаваць, потым усяго збітага адвязуць на ІЧУ, а затым у турэмную прес-хату, і пасадзяць на два гады.

Павел сказаў, што нічога не краў і не будзе прызнавацца ў тым, чаго не рабіў. Яго працягнулі катаваць: станавіліся на кайданкі нагамі і круціліся, каб яны пераразалі рукі.

«Левую руку я яшчэ адчуваў, а правая была ўжо апухлая і халодная, я яе зусім ня адчуваў. Я папрасіў аслабіць кайданкі, але мяне працягнулі біць па нагах у адно і тое ж месца, па целе, станавіліся нагой на жывот ў вобласці мачавога пухіра.

У нейкі момант я пачаў гаварыць, што згодны ва ўсім прызнацца, толькі каб знялі кайданкі. Я разумеў, што магу застацца без рукі, проста стаць інвалідам».

Пасля гэтага міліцыянты знялі кайданкі, але Павел устаць адразу не змог, так як ногі анямелі. Калі затрыманы з цяжкасцю сеў на крэсла, яго прымусілі разблакаваць тэлефон, пасля чаго міліцыянты сталі ў ім чытаць перапіску і глядзець асабістыя фатаграфіі. Затым адвялі ў камеру і пакінулі там да раніцы. На раніцу Паўла сталі зноў дапытваць, аднак, ён сказаў, што ўсё сказанае ўчора - выдуманая гісторыя толькі для таго, каб яны перасталі яго катаваць.

Адзін з супрацоўнікаў, як пазней даведаўся затрыманы падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Лазука, пацягнуў яго ў пусты кабінет, стаў яго зноў збіваць. Але ў гэты раз Павел Кірлік чуў, што на калідоры ёсць людзі, і пачаў гучна крычаць, пасля чаго міліцыянт трохі супакоіўся, аднак, стаў пагражаць вывезці ў бязлюднае месца і там збіць да паўсмерці. Паўла вывелі ў калідор, дзе яму ўдалося папрасіць тэлефон у аднаго з затрыманых і патэлефанаваць жонцы Марыне, коратка расказаць, дзе ён знаходзіцца, што з ім адбываецца, і папрасіць знайсці адваката.

Увесь гэты час Марына шукала мужа: тэлефанавала і прыходзіла ў ГАМ, але ёй не давалі інфармацыі аб тым, што Павел ужо другія суткі затрыманы, а проста казалі, што такога чалавека ў іх няма.

Праз некалькі гадзін пасля званка жонцы, Паўлу Кірліку зноў прапанавалі напісаць яўку з павіннай, прызнаць віну. Пры гэтым адзін з супрацоўнікаў прапанаваў падпісаць затрыманаму пратакол, у якім было пазначана, што яго затрымалі нібыта толькі ўвечары 13 красавіка, больш чым за суткі пасля фактычнага дастаўлення ў ГАМ. Яшчэ адну ноч Павел правёў пад вартай, а раніцай да яго падаслалі «пазаштатнага супрацоўніка», якога затрыманы пазнаў, так як быў з ім раней знаёмы. «Пазаштатны супрацоўнік» стаў распытваць Паўла, угаворваў прызнаць віну, а таксама нікому не распавядаць, што яго катавалі і збівалі.

«Я адразу зразумеў, што каго, як ня падсаднога, так лёгка могуць упусціць у ГАМ, калі жонка двое сутак «штурмуе» і яе не пусцілі. Я сказаў яму тое ж, што і супрацоўнікам - што не вінаваты, нічога не краў і прызнавацца мне няма ў чым. Ён пачаў спрабаваць угаворваць мяне, каб я не прад'яўляў ніякіх прэтэнзій, а ён у сваю чаргу паспрабуе дамовіцца, каб мяне выпусцілі.

Я і сам разумеў, што мяне трымаць ужо тут больш не будуць, таму што адвакат ужо на парозе стаіць».

Павел Кірлік яшчэ некаторы час прабыў у ГАМ, пакуль «пазаштатны супрацоўнік» хадзіў «дамаўляцца». Перад выхадам да затрыманага зноў прыйшоў Вячаслаў Лазука, які яго збіваў на працягу двух сутак, і прыгразіў: «Ну глядзі мне, калі ты камусьці скажаш пра нашу прыватнаю гутарку, я знайду за што цябе прыкрыць, тады так лёгка не адкараскаешся».

Пасля адбору тлумачэнняў Паўла выпусцілі з ГАМа, ніякіх копій пратаколаў яму на рукі не далі. Павел Кірлік паехаў у Бальніцу хуткай дапамогі, дзе прайшоў абследаванне, па выніках якога было выяўлена страсенне галаўнога мозгу, чэрапна-мазгавая траўма, тупая траўма грудной клеткі, шматлікія сінякі па ўсім целе. Лекары прапанавалі маладому чалавеку шпіталізацыю, але папярэдзілі, што ў гэтым выпадку будуць вымушаныя паведаміць у міліцыю. Малады чалавек адмовіўся ад шпіталізацыі, але паехаў і напісаў заяву ў Следчы камітэт на неправамерныя дзеянні супрацоўнікам ГАМ №1 Маскоўскага раёна з просьбай распачаць крымінальную справу па факце катаванняў.

На працы Паўла часова адхілілі. Але горш за ўсё тое, што хлопец не змог бы цяпер працаваць усё роўна, так як адчувальнасць пальцаў правай рукі страчана ў значнай ступені, і ён вымушаны браць бальнічны і праходзіць лячэнне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства