Міжнародная праваабаронца ўпершыню пасля больш як трох гадоў забароны на ўезд наведала Беларусь
Вользе Саламатавай так і не ўдалося даведацца, які дзяржаўны орган і на які перыяд увёў забарону: з Беларусі не прыйшло адказу па сутнасці ні на адну яе скаргу ці запыт. Нягледзячы на гэта, эксперт Хельсінкскага Фонду па правах чалавека (Варшава) працягвала працу па Беларусі.
У сітуацыі прававой нявызначанасці Вольга Саламатава прабыла да канца сакавіка гэтага года, калі, нарэшце, на свой электронны запыт у дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі атрымала адказ аб тым, што ў спісе асобаў, уезд якіх на тэрыторыю краіны непажаданы альбо забаронены, яе дадзеных няма.
У Мінску прадстаўніца Хельсінкскага фонду па правах чалавека прыняла ўдзел у арганізаваным ПЦ "Вясна" круглым стале па абмеркаванні прапаноў па змяненні заканадаўства аб мірных сходах, які прайшоў 19 красавіка. А за дзень да гэтага паспела пабываць у судзе Цэнтральнага раёна, дзе пачаўся адміністратыўны працэс у дачыненьні да праваабаронцы Таццяны Рэвяка ў сувязі з яе затрыманнем падчас акцыі пратэсту 26 сакавіка.
Адказваючы на пытанне аб тым, як ёй бачыцца сітуацыя ў Беларусі скрозь прызму мінулых гадоў, Вольга Саламатава адзначыла, што цягам трох гадоў і трох месяцаў, пакуль не была ў краіне, уважліва сачыла за ўсімі ўзлётамі і падзеннямі, якія тут адбываліся, і не спыняла супрацоўніцтва з беларускімі калегамі.
«Было вельмі шмат надзеі, таму што ў мінулым годзе пачаліся розныя падзеі - сустрэчы, канферэнцыі, абмеркаванні вельмі важных для Беларусі праблемаў, звязаных з правамі чалавека і свабодамі, з развіццём дэмакратыі. Такія чалавечыя стасункі на гарызантальным узроўні, як мне падаецца, служаць краіне. Але нядаўнія сакавіцкія падзеі вельмі ўзварухнулі міжнародную супольнасць, паколькі ніхто не чакаў, што з людзьмі будуць абыходзіцца ў такой форме. І мы ўсяляк заклікалі ўлады Беларусі, праваахоўныя органы перастаць прымяняць рэпрэсіўныя практыкі. Для краіны, якая адкрыла межы, запрасіла 80 краінаў прыязджаць, глядзець (і гэта выдатна), паводзіць сябе падобным чынам проста недапушчальна».
Дададзім, што пра забарону ўезду ў Беларусь Вольга Саламатава даведалася 29 снежня 2013 года, калі яе не пусцілі ў краіну. Яна ехала ў Мінск на сустрэчу, прысвечаную працы праваабаронцаў з міжнароднымі механізмамі ААН. За месяц да гэтага інцыдэнту разам з групай беларускіх калег удзельнічала ў абмеркаванні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў інстытуцыях ААН у Жэневе.