viasna on patreon

Новы Дэкрэт прэзыдэнта № 24 зьмяняе парадак атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі. За парушэньне новага дэкрэту грамадзкія аб’яднаньні і палітычныя партыі, фонды і прадстаўніцтвы замежных арганізацыяў могуць быць ліквідаваныя, а замежныя грамадзяне - дэпартаваныя.

2003 2003-12-03T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 лістапада 2003 года прэзыдэнт Беларусі падпісаў Дэкрэт № 24 “Аб атрыманьні і выкарыстаньні замежнай бязвыплатнай дапамогі”. Гэтым дэкрэтам зьмяняецца парадак атрыманьня юрыдычнымі і фізычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь замежнай дапамогі ў выглядзе фінасаваньня праграмаў і праектаў, прадастаўленьня ва ўласнасьць альбо ў карыстаньне абсталяваньня і іншай маёмасьці.

Новы Дэкрэт істотна пашырае паўнамоцтвы Упраўленьня справамі прэзыдэнта ў галіне кантролю за прадастаўленьнем і выкарыстаньнем замежнай бязвыплатнай дапамогі, прадастаўленьня мытных і падатковых ільготаў для асобных праектаў, вызначэньня мінімальнага памеру дапамогі, які не падлягае рэгістрацыі. Адначасова асноўным органам, які мусіць кіраваць працэсам атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі застаецца Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці Упраўленьня справамі прэзыдэнта. Гэты орган выдае пасьведчаньне аб рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі і валодае іншымі паўнамоцтвамі.

Згодна з дэкрэтам, парадак рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі мусіць быць урэгуляваны Упраўленьнем справамі прэзыдэнта. Гэта значыць, што замест дзеючай інструкцыі, зацьверджанай дырэктарам Дэпаратмэнта па гуманітарнай дзейнасьці, хутка – на працягу двух месяцаў – зьявіцца новы падзаконны акт пра рэгістрацыю і выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Пункт 4 Дэкрэта вызначае кірункі дзейнасьці, на якія можа быць выкарыстаная замежная бязвыплатная дапамога. Гэты сьпіс адкрыты, але адзначаецца, што выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі на іншыя мэты ажыцьцяўляецца па ўзгадненьні з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Сьпіс відаў дзейнасьці, на якія забароненае выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі, дапоўнены рознымі формамі палітычнай працы з насельніцтвам (у Дэкрэце № 8 гэта была толькі агітацыйна-масавая дзейнасьць).

Як адзначае прэс-служба Адміністрацыі прэзыдэнта, Дэкрэт накіраваны на “забесьпячэньне максымальнай празрыстасьці” ў справе выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі і яе мэтавага выкарыстаньня. Для гэтага усталёўваецца шчыльны кантроль за працэсам прадастаўленьня замежнай бязвыплатнай дапамогі з боку дзяржаўных органаў – упраўленьня справамі прэзыдэнта, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, Міністэрства па падатках і зборах і інш. Парадак ажыцьцяўленьня кантроля за прадастаўленьнем і выкарыстаньнем замежнай бязвыплатнай дапамогі вызначаны Указам №537, які таксама зацьверджаны прэзыдэнтам 28 лістапада 2003 года.

Новы дэкрэт вызначае санкцыі, якія ўжываюцца супраць фізычных і юрыдычных асобаў за парушэньне ўстаноўленага дэкрэтам парадку. Побач з адміністратыўнай адказнасьцю фізычных асобаў і эканамічнай адказнасьцю юрыдычных асобаў, дэкрэт прадугледжвае ліквідацыю палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў, фондаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і іх арганізацыйных структураў, прадстаўніцтваў замежных арганізацыяў нават за аднаразовае парушэньне парадку выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі. У адносінах да замежных грамадзянаў, што парушылі ўсталяваны дэкрэтам парадак, ужываецца дэпартацыя за межы Рэспублікі Беларусь.

Дзеяньне новага дэкрэту не распаўсюджваецца на праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі і іншыя віды замежнай дапамогі, што ажыцьцяўляюцца са згоды прэзыдэнта альбо ў адпаведнасьці з ухваленымі Беларусьсю міжнароднымі дамовамі. На гэтыя віды падтрымкі (кшталту праграмаў “ТАСІС”, “Каунтэрпарт”, праграма разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, што ажыцьцяўляецца Міжнароднай Фінансавай Карпарацыяй і некаторыя іншыя віды падрымкі) распаўсюджваецца парадак, які быў нядаўна ўрэгуляваны Указам ад 22 кастрычніка 2003 года №460 “Аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе, што прадастаўляецца Рэспубліцы Беларусь”.

Такім чынам, новыя нарматыўна-прававыя акты пакідаюць бяз зьменаў саму канцэпцыю выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь, але робяць больш жорсткім кантроль за гэтым працэсам і ўсталёўваюць больш жорсткія санкцыі супраць парушальнікаў усталяванага парадку выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі.
Юрый Чавусаў, юрыст Асамблеі НДА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства