viasna on patreon

МУС не ўбачыў доказаў пакутаў маці памёрлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна Дакумент

2017 2017-05-16T11:19:04+0300 2017-05-17T15:10:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ptichkina-zhana-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Жанна Пцічкіна

Жанна Пцічкіна

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі звярнулася з касацыйнай скаргай у калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда па справе выплаты кампенсацыі маці і сястры памёрлага ў СІЗА №1 жыхара Мінска Ігара Пцічкіна.

Нагадаем 23 сакавіка ў судзе Заводскага раёна г.Мінска адбыўся разгляд позвы па кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды за смерць Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА №1 4 жніўня 2013 года. Жанна Пцічкіна і яе дачка Ірына Пцічкіна былі прызнаныя судом пацярпелымі па справе, з выплатай ім матэрыяльнага ўрону ў памеры 6165,45 беларускіх рублёў з улікам інфляцыі і маральнай шкоды ў памеры 20 000 беларускіх рублёў для Жанны Пцічкінай і 10 000 беларускіх рублёў для Ірыны Пцічкінай. Абавязак аб выплаце кампенсацыі быў ускладзены на МУС.

Гэта і з’явілася падставай для падачы касацыйнай скаргі Міністэрствам унутраных спраў. У гэтым ведамстве, відавочна, не жадаюць сплачваць матэрыяльную і маральную шкоду, прыводзячы часам не зусім зразумелыя аргументы.

Так, МУС просіць Мінскі гарадскі суд змяніць рашэнне суда Заводскага раёна і перакласці абавязак па выплаце кампенсацыі з МУС на Міністэрства фінансаў, як прадстаўніка дзяржаўнай казны. З аднаго боку МУС прызнае, што шкода (у дадзеным выпадку смерць Ігара Пцічкіна)  прычыненая дзяржаўным органам (СІЗА №1 упраўлення ДВП МУС), паколькі там праходзіў службу фельчар Аляксандр Крылоў, а з іншага – МУС сцвярджае, што законам абавязак па кампенсацыі шкоды можа быць ускладзены на асобу, якая не з’яўляецца прычынай нанясення шкоды і тады, маўляў, адказнасць нясе дзяржаўная казна.

Далей у касацыйнай скарзе МУС даводзіць, што “ў ходзе судовых слуханняў не было прадстаўлена належных доказаў, якія б сведчылі пра фізічныя і маральныя пакуты маці і сястры… Устаноўлены рашэннем суда памер маральнай шкоды завышаны і не адпавядае патрабаванням разумнасці і справядлівасці з улікам віны”.

– У турме загубілі майго сына. Якія яшчэ доказы патрэбныя ад мяне, як вымераць маё гора і слёзы? – з болем у голасе распавядае Жана Пцічкіна. 

Яна ўзгадала, што адказчыца, якая прадстаўляла інтарэсы МУС у судзе,  заяўляла, што маці мусіла меркаваць, што сын можа памерці ў ізалятары, і таму не трэба было моцна здзіўляцца, што сын адтуль вярнуўся мёртвым. І таму, на яе думку аргументы маці і сястры аб маральных пакутах непераканаўчыя і бяздоказныя.

“Але хіба гэта нармальна, што маладыя людзі паміраюць у СІЗА?” – кажа маці.

МУС таксама не пагаджаецца з сумай матэрыяльных выплат, звязаных з пахаваннем памёрлага.

Прызнаючы, што асобы, адказныя за шкоду, выкліканую смерцю пацярпелага “абавязаны пакрыць неабходныя сродкі на пахаванне асобе, якая панесла гэтыя выдаткі”, МУС пры гэтым сцвярджае, што “суду патрэбна было высветліць неабходнасць правядзення гэтых расходаў у прад’яўленых памерах і суаднесці дадзеныя выдаткі са стандартнымі выпадкамі выканання такіх прац пры аналагічных умовах”.

І хаця заканадаўствам не вызначаны пералік і кошты неабходных выдаткаў на пахаванне, у падмацаванне сваёй пазіцыі прадстаўнік МУС у касацыйнай скарзе прыводзіць аналагічную норму стандартнага парадку аплаты расходаў на пахаванне пры страхавых выпадках на вытворчасці, замацаваную ў Пастанове Савета Міністраў яшчэ ад 2003 года. Аднак смерць Пцічкіна ў СІЗА -  гэта зусім не няшчасны выпадак на вытворчасці.

Яшчэ пад час судовых слуханняў прадстаўнік МУС заяўляла Жане Пцічкінай аб тым, што ня трэба сыну было ставіць “такі дарагі помнік”, маўляў, сама яна пры пахаванні свайго бацькі некалькі гадоў таму набыла таннейшы помнік. Цяжка зразумець логіку такіх аргументаў.

“Мы ж гэтыя сродкі на помнік і пахаванне з апошняга збіралі, і адпускныя патрацілі, і грошы за дэкрэтны адпачынак дачкі і крэдыт бралі. Але хіба іх цікавіць, што хацелася годна правесці ў апошні шлях Ігара, пахаваць па-людску, хіба іх хвалюе мой боль ад страты сына? – гучыць сапраўдны крык душы маці.

Не пагадзіўся МУС і з тым, што суд Заводскага раёна прыняў рашэнне праіндэксаваць суму матэрыяльных выдаткаў у сувязі з інфляцый, маўляў, прысуджаная Жане Пцічкінай па рашэнні суда выплата не прадугледжаная у якасці аб’екта індэксацыі.

А між тым, больш за тры гады спатрэбілася Жанне Пцічкінай, каб дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць сына. Зразумела, что за гэты час інфляцыя склала немалы працэнт.

Жана Пцічкіна і Ірына Пцічкіна размаўляюць з прадстаўніком перад пачаткам судовага працэса
Жана Пцічкіна і Ірына Пцічкіна размаўляюць з прадстаўніком перад пачаткам судовага працэса

Нагадаем, жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. У медчастцы ўстановы да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.

Дата разгляду касацыйнай скаргі МУС у Мінскім гарадскім судзе пакуль не прызначаная.

МУС не ўбачыў доказаў пакутаў маці памёрлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства