Мазыр: Пенсіянера ізноў збіраюцца судзіць за ўдзел у акцыі пратэсту
16 траўня 2017 года па тэлефоне быў выкліканы ў Мазырскі РАУС рэгіянальны каардынатар БНК, сябра Руху “За Свабоду” Рыгор Крывіцкі.
Капітан міліцыі Яўген Пузанаў склаў на пенсіянера Крывіцкага пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч.2, арт. 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Згодна з міліцэйскім пратаколам “Крывіцкі Р.Л., не маючы дазволу Мазырскага райвыканкама па яго звароце ад 7 сакавіка 2017 года аб правядзенні масавага мерапрыемства на пл. Леніна - вул. Савецкая, 35 у Мазыры, г.зн. з'яўляючыся арганізатарам масавага мерапрыемства, 18 сакавіка каля 14:00 гадзін на пл. Леніна па вул. Савецкая г. Мазыра шляхам пераканання непаўналетніх Сярдзюка Г., Ясюгені Р., Гырна К., Сельвіча А. да распаўсюду на тэрыторыі г. Мазыра прадстаўленых ім агітацыйных улётак з заклікам да ўдзелу грамадзян у масавым мерапрыемстве 26.03. 2017 года, якія дадзенымі непаўналетнімі былі распаўсюджаныя на тэрыторыі г. Мазыра, публічна заклікаў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве…”
Трэба адзначыць, што за правядзенне масавага мерапрыемства 26 сакавіка, на якое насамрэч падаваў заяўку Р. Крывіцкі ў Мазырскі райвыканкам і атрымаў адтуль адмову, ён ужо быў пакараны Мазырскім раёным судом 11 красавіка штрафам у 20 б.в.. (460 рублёў). Гэтае спагнанне ён аспрэчваў у Гомельскім абласным судзе, які адбыўся 12 траўня. На суд у Гомель Рыгор Крывіцкі не ездзіў. Пенсіянеру - 73 гады, ён з’яўляецца інвалідам 2-й групы, хварэе на сэрца і рашэнне Гомельскага суда ён пакуль не атрымаў.
Верагодна, новы суд можа адбыцца цягам двух бліжэйшых дзён – 17 – 18 траўня.