Алесь Бяляцкі звярнуўся да Генпракурора з нагоды звестак пра катаванні ў СІЗА КДБ і МУС
У апошні час у шэрагу СМІ і інтэрнэт-рэсурсах з’явіліся паведамленні аб магчымым выкарыстанні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных відаў абыходжання з асобамі, якія ўтрымліваюцца ў якасці абвінавачаных па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і дзейнасці незаконнага ўзброенага фармавання ў СІЗА КДБ і МУС.
З гэтай нагоды старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.
Улічваючы, што інфармацыя пра расследванне дадзенай крымінальнай справы неаднаразова рабілася прадметам публікацый і інфармацыйных сюжэтаў у шэрагу дзяржаўных як друкаваных так і электронных СМІ, гэтая справа набыла значны грамадскі рэзананс.
Як прадстаўнік праваабрончай супольнасці Беларусі, я вельмі занепакоены з’яўленнем інфармацыі аб магчымым выкарыстанні недазволеных метадаў у дачыненні да абвінавачаных па гэтай справе. Асабліва ўлічаючы той факт, што інфармацыі аб катаваннях у СІЗА КДБ, агучаная кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам, у свой час знайшла сваё пацверджанне.
Праваабаронца нагадвае, што свабода ад катаванняў мае абсалютны характар і не падлягае абмежаваннням ні пры якіх умовах. Ужыванне катаванняў забаронена арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама шэрагам міжнародных актаў у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь – Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 7) і Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчлавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ААН.
Лічу, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб магчымых парушэннях правоў асобаў, што з’яўляюцца абвінавачанымі па дадзенай крымінальнай справе і ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ і МУС. Супрацоўнікамі міліцыі, прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў да затрыманых маглі быць незаконна выкарыстаныя спецыяльныя сродкі і фізычная сіла. Так, адзін з затрыманых па справе Міраслаў Лазоўскі, як вынікае з сюжэту, паказаным па нацыянальным тэлебачанні, падчас затрымання быў збіты, на твары былі сляды крыві і пабояў. Між тым законнасць і неабходнасць прымянення да яго фізычнай сілы супрацоўнікамі міліцыі павінны строга адпавядаць патрабаванням дзеючага заканадаўства, не мець характар здзекаў і катаванняў.
У сваім звароце праваабаронца падкрэслівае, што адной з асноўных задач органаў пракуратуры ў нашай краіне з’яўляецца забеспячэнне верхавенства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
Алесь Бяляцкі просіць Генеральнага пракурора:
правесці пракурорскую праверку ўказаных у СМІ і ў дадзенай заяве звестак;
пры ўстанаўленні фактаў выкарыстання катаванняў і іншых забароненых відаў жортскага, бесчалавечнага абыходжання прыняць неакладныя захады па аднаўленню парушаных правоў грамадзян, устанавіць і прыцягнуць да вызначанай законам адказнасці вінаватых;
прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на недапушчальнасць падобных фактаў у будучым.