Актывіст паскардзіўся на насякомых у магілёўскім ІЧУ
Дзмітрый Люнтаў быў адным з лідэраў пратэсту 15 сакавіка, за што быў арыштаваны на пятнаццаць сутак і змешчаны ў магілёўскі ІЧУ. Пасля выхаду ён заявіў пра антысанітарныя умовы, у якіх вымушаны ўтрымлівацца вязні ІЧУ. Па інфармацыі сайта mspring.online, ён разам з праваабаронцам Барысам Бухелем ён накіраваў скаргу ў пракуратуру і санітарна-эпідэміялагічную службу.
– Пасля суда, каля 9-й увечары, я трапіў у сваю камеру на трэцім паверсе, – распавёў Люнтаў. – Там я ўбачыў нейкія расцёртыя сляды на сценах крывавага колеру. Я не надаў гэтаму значэння. Павячэраўшы, я смела разгарнуў матрац, заслаў бялізну і лёг у ложак. Аднак уначы я прачнуўся ад таго, што на падушцы нешта варушылася.Падняўшы галаву, я ўбачыў чорных жучкоў, якія пачалі разбягацца па ложку і сценам ў розныя бакі. Пасля таго як я раздушыў пару дзесяткаў, у камеры ўсталяваўся вельмі рэзкі непрыемны пах, які застаўся да раніцы, таму што на ноч вентыляцыю выключалі.
Па словах Люнтова, калі ён ціснуў насякомых, на ложку заставаліся крывавыя плямы.
– Мяне пакусалі. Скура ў месцах укусаў свярбела і каб паменшыць гэта, ноччу я мыўся ў мыйніку з мылам. Я страсянуў покрыва і рэчы, пасля чаго залез на другі ярус ложка і начаваў без матраца на фанеры. Перыядычна прыходзілася ціснуць гэтых жучкоў, якія спрытна караскаліся амаль да самой столі па сцяне.
На наступны дзень Дзмітрый Люнтаў папрасіў перавесці яго ў іншую камеру. Ён сцвярджае, што ложак за ўвесь час знаходжання ў ІЧУ ён больш так і не расцілаў, спаў у вопратцы. Гэта дазволіла яму пазбегнуць вялікай колькасці ўкусаў насякомых. Яго суседу па камеры пашанцавала менш:
– Чалавек, які са мной быў у новай камеры, распранаўся і спаў у ложку. Праз некаторы час пачаў скардзіцца на сверб мне. У яго з’явіліся чырвоныя плямы на скуры, якія цяжка было б не заўважыць, але дзяжурныя афіцэры не надавалі гэтаму увагі і ні разу не спыталі пра іх паходжанне.
Актывіст сказаў, што аднойчы прыйшла жанчына і за дзесяць хвілін правяла апрацоўку памяшкання, аднак насякомыя не зніклі.
– Каб хоць неяк засцерагчы сябе ад гэтай антысанітарыі, я па некалькі разоў на дзень мыў у мыйнікі ногі, рукі, галаву, падпахі. На кожным ранішнім аглядзе я заяўляў пра намер прыняць душ, што мне ўдалося зрабіць двойчы.Мыў пастаянна асабістыя рэчы там жа ў мыйнікі і сушыў на батарэі, – падзяліўся ўражаннямі Дзмітрый Люнтаў.
Ён чакае ад адміністрацыі ІЧУ паляпшэння санітарнай сітуацыі.