Супрацоўніка міліцыі прыцягнулі да адказнасці за брыдкаслоўе
Напачатку сакавіка актывістка прафсаюзу РЭП, мінчанка Галіна Лагацкая хацела патрапіць на прыём да намесніка начальніка Маскоўскага РУУСа Мінска Мікалая Рудніцкага.
Перад гэтым на жанчыну быў складзены пратакол апытання за ўдзел у маршы супраць Дэкрэту №3 17 лютага і яна вырашыла прасіць супрацоўнікаў міліцыі, каб тыя не складалі адміністрацыйнага пратаколу, паколькі не лічыць, што яна здзяйсняла супрацьпраўныя дзеянні.
У выніку “цёплага прыёму”, які аказалі праваахоўнікі ў РУУСе, жанчыну зневажалі, цягалі за валасы, нецэнзурна лаяліся. Яна атрымала пры гэтым цялесныя пашкоджанні і ў рэшце рэшт, хуткая дапамога адвезла яе ў лякарню. Апроч гэтага яе самую звінавацілі ў брыдкаслоўі і склалі адпаведны пратакол, праўда справу пазней спынілі. Адчуваючы, што падзеі развіваюцца непрадказальна Лагацкая паспела запісаць кавалак сваёй “гутаркі” з супрацоўнікамі міліцыі на тэлефон.
Праз некалькі дзён Лагацкая звярнулася да судмедэкспертаў, якія ўстанавілі наяўнасць на целе кровападцёкаў і гематом. Па атрыманні пісьмовага заключэння судова-медыцынскай экспертызы яна, маючы на руках доказы супрацьпраўных паводзін супрацоўнікаў міліцы, падала заяву ў Маскоўскае раённае аддзяленне Следчага камітэту аб узбуджэнні крымінальнай справы. Ды толькі дзе там!
У ходзе праведзенай праверкі следчыя прышлі да высновы, што дакладна ўстанавіць, пры якіх абставінах узніклі цялесныя пашкоджанні на целе Лагацкай не ўяўляецца магчымым. Пры гэтым праўда, дзякуючы аўдыёзапісу, следчыя прызналі факт некарэктных паводзінаў супрацоўнікамі Н. Руцкім і Ю. Міхалёнкам, а менавіта – што апошні сапраўды не стрымаўся і выказаўся ў яе адрас нецэнзурнай лаянкай.
У выніку следчы Маскоўскага райаддзела СК В. Сакалова пастанавіла адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, паколькі не знайшла ў дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства.
Не пагадзіўшыся з такім рашэннем Галіна Лагацкая з дапамогай юрыстаў Праваабарончага цэнтра “Вясна” падала скаргі на імя начальніка Маскоўскага раённага аддзялення СК і ў Пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска.
У скарзе жанчына адзначае, што следчым В. Сакаловай “не было дадзена належнай прававой ацэнкі дзеянням Н. Руцкага і Ю. Міхалёнка, у ходзе якіх былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні. Зыходзячы з дыктафоннага запісу, на якім сапраўды чуваць шум, характэрны пры нанясенні ўдараў, можна зрабіць выснову, што Н. Руцкі і Міхалёнак неправамоцна прымянялі ў дачыненні да мяне фізічны гвалт”.
Лагацкая перакананая, што ў дзеяннях Руцкага маюцца прыкметы злачынства прадугледжанага ч.3. арт 426 Крымінальнага кодэксу: наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых яму па службе, спалучаных з гвалтам, пакутамі ці знявагай пацярпелага.
Аднак і ў другі раз следчыя адказалі Лагацкай, што першапачатковая праверка была праведзеная поўна, пад час яе ўсе матэрыялы скаргі былі вывучаныя ўсёбакова і таму падстаў для адмены ранейшага рашэння аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальная справы не маецца.
А вось пракуратура Маскоўскага раёна Мінска палічыла інакш і сваім рашэннем ад 10 мая адмяніла пастанову СК “па прычыне непаўнаты праведзенай праверкі і накіравала матэрыялы для правядзення дадатковай праверкі”.
У той жа час упраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менгарвыканкама, куды адначасова накіравала зварот Галіна Лагацкая, правяло ўласнае службовае расследаванне, пад час якога было высветлена, што ў ходзе ранейшай праверкі выяўленыя факты грубых і нетактоўных паводзін з боку старэйшага прапаршчыка міліцыі Ю. Міхалёнка, за што ён прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці (цалкам пазбаўлены прэміі). Таксама паведамляецца пацярпелай, што матэрыялы ў дачыненні да Міхалёнка накіраваныя ў таварысцкі суд.
Прызнаючы факт грубых паводзінаў супрацоўнікаў міліцыі, нецэнзурную лаянку, тым не меней, Маскоўскі РУУС пасля сваёй праверкі вынес пастанову аб спыненні справы аб адміністратыўным правапарушэнні ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Міхалёнка складу адміністратыўнага правапарушэння па арт 17.1 (дробнае хуліганства) КаАП. Маўляў, намеру на парушэнне грамадскага парадку ў апошняга не было.
Гэта менавіта той сумнавядомы артыкул, які супрацоўнікі міліцыі часта выкарыстоўваюць, каб пакараць удзельнікаў акцый пратэсту альбо актывістаў, сцвярджаючы, што апошнія брыдкасловілі і размахвалі рукамі. А вось на сябе прымераць “дробнае хуліганства” чамусці не жадаюць.