viasna on patreon

Міліцыя зацікавілася ўдзельнікамі акцыі салідарнасці са Змітром Паліенкам Аўдыё

2017 2017-05-25T15:06:48+0300 2017-05-25T16:47:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vivarovar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя салідарнасці з палітвязнем Змітром Паліенкам

Акцыя салідарнасці з палітвязнем Змітром Паліенкам

24 траўня на хатнія тэлефоны актывіста Вячаслава Касінерава і валантэркі “Вясны” Анісіі Гурскай патэлефанавалі з РУУС Цэнтральнага раёну Мінска. Супрацоўнік міліцыі распытваў пра іх удзел у акцыі салідарнасці з палітвязнем Змітром Паліенкам пад час велакарнавалу “Viva Ровар!” і хацеў выклікаць актывістаў на размову.  

Па словах Вячаслава Касінерава, трубку зняла ягоная маці. Супрацоўнік міліцыі на іншым канцы провада сказаў, што яму трэба пагутарыць з яе сынам, бо той пад час велапараду 13 траўня нібыта катаўся без майкі. Пазней Вячаслаў ператэлефанаваў супрацоўніку міліцыі, каб удакладніць абставіны. Міліцыянт пачаў пытацца ў Касінерава пра майку “Свабоду Паліенку”, якая была на ім апранута пад час велапараду 13 траўня, а затым запрасіў яго прыехаць у Цэнтральны РУУС на гутарку ў межах праверкі па адміністрацыйнай справе. На пытанне Касінерава, ці заведзеная гэтая справа супраць яго, міліцыянт адказаў, что не. У выніку Касінераў адмовіўся ехаць у РУУС.

З такімі ж пытаннямі на хатні нумар Анісіі Гурскай патэлефанаваў міліцыянт Цэнтральнага РУУС Дзмітрый Шарамецьеў. Валантэркі “Вясны” дома не было, і ён пачаў распытваць бацьку пра тое, дзе Анісія працуе ці вучыцца, прасіў нумар яе мабільнага. Бацька адмовіўся даваць гэтыя дадзеныя міліцыянту, і тады Шарамецьев папрасіў, каб дзяўчына сама набрала яго пазней. Публікуем запіс гутаркі Анісіі і Дзмітрыя Шарамецьева.

Пад час гутаркі міліцыянт задаваў дзяўчыне шмат пытанняў, кшталту “Ці выкрыквалі Вы “Свабоду Паліенку”?”, “Ці давалі інтэрв’ю?”, “Адкуль у Вас майка з такім надпісам?”, “Якія сябры Вам яе падарылі?” і г.д. Таксама Шарамецьеў настойліва запрашаў Анісію на гутарку ў РУУС, каб “запісаць тлумачэнні ў межах праверкі”. Анісія, у сваю чаргу, згадзілася прыехаць у РУУС толькі пасля атрымання позвы.

13 траўня чацвёра чалавек, у тым ліку Вячаслаў Касінераў і Анісія Гурская, прыехалі на стартавы пункт велакарнавалу “Viva Ровар!” у майках з надпісам “Свабоду Паліенку!”. Як распавёў тэлеканалу “Белсат” Вячаслаў Касінераў,  актывісты мелі на мэце выказаць салідарнасць з палітычным зняволеным Змітром Паліенкам і прыцягнуць да гэтага ўвагу іншых ўдзельнікаў мерапрыемства.

Нагадаем, 7 красавіка суд Заводскага раёна г. Мінска адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання, прысуджанага актывісту Змітру Паліенку судом Цэнтральнага раёна ў кастрычніку 2016 года. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў удзел Паліенкі ў мірнай акцыі - велапрабегу “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка мінулага года і быў гвалтоўна спынены міліцыяй. Такім чынам, з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе, актывіст мусіць адбыць паўтары гады зняволення. Праваабарончая супольнасць Беларусі прыйшла да высновы, што асуджэнне Зміцера Паліенкі непасрэдна сталася вынікам рэалізацыі ім свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, і кваліфікуе сацыяльнага актывіста як палітычнага зняволенага, патрабуючы ад уладаў яго неадкладнага вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства