viasna on patreon

Павел Сапелка распавёў пра недахопы выбарчай сістэмы Беларусі на канферэнцыі ў Малдове Фота

2017 2017-05-25T18:27:57+0300 2017-05-25T18:32:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelka-kanferencyja_maldovat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка на канферэнцыі Promo-LEX

Павел Сапелка на канферэнцыі Promo-LEX

Праваабаронца "Вясны" быў запрошаны ў якасці эксперта на міжнародную канферэнцыю, дзе абмяркоўвалася пытанне пра змену выбарчай сістэмы Рэспублікі Малдова. Сярод іншага там разглядаліся аргументы «за» і «супраць» мажарытарнай сістэмы, якая захоўваецца ў Беларусі. Дарэчы, нашая дзяржава - адзіная ў постсавецкім рэгіёне, дзе парламент абіраецца адноснай большасцю галасоў.

Павел Сапелка, які мае досвед экспертна-аналітычнай працы ў рамках маніторынгавай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", падзяліўся з удзельнікамі форуму сваім бачаннем адносна перавагаў і недахопаў мажарытарнай сістэмы, грунтуючыся на беларускіх рэаліях.

«Мажарытарная сістэма пры сваіх нешматлікіх перавагах мае шэраг істотных недахопаў, якія не дазваляюць яе рэкамендаваць ў якасці выбарчай мадэлі. У прыватнасці, яна аслабляе партыі і нівеліруе іх ролю ў палітычным жыцці краіны, не дазваляе ажыццяўляць эфектыўную гендэрную палітыку і палітыку падтрымкі меншасцяў», - лічыць праваабаронца.

Павел Сапелка на канферэнцыі Promo-LEX

Удзельнікам мерапрыемства было прадстаўлена даследаванне "Праектаванне выбарчай сістэмы ў Рэспубліцы Малдова", аўтары якога, як адзначаецца на сайце арганізатараў, паспрабавалі адказаць на галоўнае пытанне, якое бударажыць грамадскае жыццё Кішынёва апошнія тры месяцы: у якой меры змена выбарчай сістэмы можа стаць рашэннем незадаволенасці насельніцтва, ці можа яна палепшыць палітычны клас, і калі так, то якая выбарчая сістэма прынясе найбольшую выгаду і найменшую шкоду? Аўтары даследавання сцвярджаюць: нягледзячы на ​​тое, што ў актуальнай выбарчай сістэмы ёсць свае недахопы, значныя змены ў яе структуры могуць аказаць глыбокі ўплыў на палітычнае жыццё і ўмацаванне дэмакратыі ў Малдове. Паколькі не зразумела, якім будзе вынік радыкальнай рэформы па пераходзе ад адной выбарчай сістэмы да іншай, эксперты сфармулявалі шэраг рэкамендацый, у тым ліку - прыняцце прапарцыйнай выбарчай сістэмы па адкрытых спісах; фармаванне шматмандатных выбарчых акругаў з улікам існуючых адміністрацыйных структураў; зніжэнне выбарчага парогу для палітычных партый, якія ідуць асобна; адмена заканадаўча вызначанага парогу для незалежных кандыдатаў і іншае.

Павел Сапелка на канферэнцыі Promo-LEX

Павел Сапелка на канферэнцыі Promo-LEX

Дададзім, што ў працы канферэнцыі "Варыянты і матывы рэфармавання выбарчай сістэмы Рэспублікі Малдова. Параўнальны міжнародны досвед", якую 23 траўня ў Кішынёве арганізавала Асацыяцыя Promo-LEX, прымалі ўдзел эксперты з Вялікабрытаніі, Літвы, Грузіі, Украіны, Беларусі і Арменіі. З арганізацыямі, якія ажыццяўляюць маніторынг выбараў у большасці гэтых краінаў, ПЦ "Вясна" ўзаемадзейнічае ў рамках Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары (EPDE).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства