viasna on patreon

Затрыманыя падчас сакавіцкіх акцый накіравалі калектыўныя скаргі ў пракуратуру

2017 2017-06-02T12:28:08+0300 2017-06-02T13:15:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/prisons10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманыя падчас сакавіцкіх акцый пратэсту з дапамогай Праваабарончага цэнтру “Вясна” падрыхтавалі дзве калектыўныя скаргі. Першая, адрасаваная ў Пракуратуру Мінскай вобласці, датычыцца незаконных дзеянняў супрацоўнікаў жодзінскага ІЧУ па зборы ДНК у арыштантаў. У другой скарзе, накіраванай адначасова ў Генеральную пракуратуру і ў Міністэрства аховы здароўя, пералічаныя факты няякаснага харчавання ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама і ў ІЧУ Жодзіна. 

Так, 15 чалавек, якія былі затрыманыя ў перыяд з 14 па 25 сакавіка па абвінавачванні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, сведчаць аб тым, што падчас іх знаходжання ў жодзінскім ІЧУ з імі была праведзеная геномная экспертыза, у працэсе якой у арыштантаў бралі ўзоры сліны.

Ранкам 25 сакавіка і 27 сакавіка, яшчэ да сняданку, у камеру заходзіў калідорны і патрабаваў асобных арыштантаў выходзіць па адным. Ён праводзіў кожнага ў кутняе памяшканне, дзе сядзела некалькі жанчын у медыцынскіх халатах. Жанчыны казалі, што трэба ўзяць аналізы на прадмет наяўнасці інфекцыйных захворванняў, і прасілі адкрыць рот, каб узяць прыклад сліны. Пасля працэдуры зняволеных хутка вярталі ў камеры і ігнаравалі  іх пытанні і пратэсты супраць выкарыстання геномнага матэрыялу без дазволу. Юрыдычнага абгрунтавання прычыны такога аналізу супрацоўнікі ІЧУ не давалі, кажучы, што гэта распараджэнне начальства.

Згодна з артыкулам 9 Пастановы МУС РБ №247 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку вядзення і выкарыстання генна-дактыласкапічных улікаў”, абавязковая геномная экспертыза (аналіз ДНК) праводзіцца толькі ў адносінах да асобаў, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў супраць палавой свабоды і ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Такім чынам, правядзенне гэтай працэдуры ў адносінах да адміністрацыйна арыштаваных з’яўляецца незаконным.

З гэтай нагоды былыя арыштанты просяць пракуратуру правесці праверку дзеянням супрацоўнікаў ІЧУ і выключыць інфармацыю пра ДНК з базы дадзеных у сувязі з парушэннем працэдуры іх атрымання.

У другой калектыўнай скарзе былыя затрыманыя скардзяцца на тое, што іх кармілі няякаснай і непрыдатнай для ўжывання ежай, а таксама на тое, што ў жодзінскім ІЧУ і мінскім ЦІП не ўлічваюцца асаблівасці харчавання людзей, якія туды паступілі. У затрыманых не было магчымасці ўказаць, што чалавек з’яўляецца вегетарыянцам ці веганам, альбо мае алергію на асобныя прадукты ці асаблівасці харчавання па стане здароўя.

Па сведчанні былых арыштантаў, у ізалятары на Акрэсціна акрамя таго, што ежа была нясмачнай і нясвежай, сядзельцы былі пазбаўлены здаровага рэжыму харчавання.

Сняданак маглі падаць як у 6 раніцы, так і ў 10. Абед і вячэру падавалі фактычна адначасова каля 17 гадзін вечара. Саму вячэру пачыналі выдаваць праз 10-15 хвілін пасля абеду, хоць пакладзены перапынак не менш за 2 гадзіны. А прамежак часу паміж вячэрай і сняданкам мог складаць 16 гадзін. Посуд часам давалі нямытага, у тым ліку з засохлай ежай на талерцы ад мінулага прыёму ежы, - распавядае Марына Насенка, затрыманая напярэдадні акцыі пратэсту 15 сакавіка.

Што датычыцца ІЧУ Жодзіна, то рэжым харчавання там выконваўся, аднак якасць ежы таксама была непрымальная.

Ежа была з рэзкім пахам, дрэнна прыгатаваная. У склад усіх страў ўваходзіла мяса ці мясныя субпрадукты, прычым кампаненты былі перамяшаныя так, што нельга было аддзяліць мясную ад немясной. Гэта значна ўскладняла жыццё людзям, якія прытрымліваюцца вегетарыянскай і веганской дыеты. Усе мы часта адчувалі голад і розныя недамаганні з-за такой ежы, - сведчаць былыя арыштанты.

Складальнікі скаргі просяць Генеральную пракуратуру і Міністэрства здравааховы правесці экспертызу і даць ацэнку якасці ежы ў дадзеных установах, а таксама абавязаць іх прадугледжваць ежу для людзей з асаблівасцямі харчавання. Да таго ж былыя арыштанты Марына Насенка і Вячаслаў Касінераў накіравалі асобны зварот у кампанію “Ажына”, уладалніка Кафэ “ПабЕда”, якое прадастаўляе ежу для ЦІП на Акрэсціна. Маладыя людзі просяць прыняць меры па паляпшэнні якасці ежы.

Па словах праваабаронцы “Вясны” Насты Лойкі, у выніку дзеянняў супрацоўнікаў ІЧУ ў Жодзіна і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама было парушана адразу некалькі правоў затрыманых.

“Калі мы кажам пра няякаснае харчаванне і выкліканыя гэтым наступствы для здароўя арыштантаў, то гэта не што іншае, як бесчалавечнае і прыніжаючае іх годнасць абыходжанне. Акрамя гэтага, сядзельцы, якія з’яўляюцца веганамі ці вегетарыянцамі, падвергліся дыскрымінацыі па прыкмеце перакананняў.

Што датычыцца незаконнага правядзення аналізу ДНК у ІЧУ Жодзіна, то тут, у першую чаргу, мы бачым парушэнне права на недатыкальнасць асабістага жыцця. Генная дактыласкапія нясе ў сябе ўнікальныя персанальныя дадзеныя, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць чалавека. Такім чынам, для такога аналізу патрэбныя альбо важкія юрыдычныя падставы, якіх у дадзеным выпадку не было, альбо празрыстасць працэдуры, калі кожнаму падрабязна тлумачыцца навошта, чаму і для якіх мэтаў бярэцца аналіз, а таксама прапаноўвацца права адмовіцца ад працэдуры. Адсутнасць тлумачэнняў і непрадастаўленне права выбару, якое мы бачым у гэтым выпадку, з'яўляецца прамым парушэннем закону аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі. Акрамя ўсяго пералічанага, тыя, у каго такім падманным спосабам бралі аналіз ДНК, дыскрымінаваліся па прыкмеце перакананняў, бо працэдуры падвяргаліся выключна ўдзельнікі сакавіцкіх акцый сацыяльнага пратэсту”.

Адказы на скаргі з адпаведных устаноў павінны прыйсці цягам бліжэйшага месяцу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства