viasna on patreon

Сяргей Кунцэвіч просіць Следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу ў сувязі з катаваннямі ў СІЗА КДБ

2017 2017-06-05T16:34:08+0300 2017-06-05T17:55:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuncevich-siargej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Кунцэвіч. Фота ПЦ "Вясна".

Сяргей Кунцэвіч. Фота ПЦ "Вясна".

Фігурант справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргей Кунцэвіч, якому 2 чэрвеня змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, звярнуўся ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Ён падцвердзіў праваабронцам факты катаванняў, якія мелі месца ў СІЗА КДБ, а пазней і ў СІЗА №1 г. Мінска, куды яго перавялі праз два тыдні.

Так, Сяргей Кунцэвіч распавёў, што ў ходзе допыту ў будынку КДБ Беларусі, які адбываўся ў адсутнасць адваката, асобы ў чорнай уніформе і ў масках, калі  пакой для допыту пакінулі следчыя, нанеслі некалькі удараў па целе, адзін з іх пасля гэтага 3-4 разы выкарыстаў у дачыненні да яго электрашокер, уздзейнічаючы на ​​левую нагу на працягу 30-40 секунд. Гэта прыносіла моцныя фізічныя пакуты.

Пасля таго, як у кабінет вярнуліся следчыя і пачалі працягваць допыт, адзін з людзей ў чорнай уніформе прыставіў да шыі электрашокер і пагражаў яго прымяненнем.

Па словах Кунцэвіча, у перыяд знаходжання ў СІЗА КДБ парушаліся ягоныя працэсуальныя правы, ён утрымліваўся ў прыніжаючых, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў медыцынскай дапамогі. У якасці туалета выкарыстоўвалася вядро, якое стаяла на вачах у іншых арыштаваных.

Сяргей Кунцэвіч распавёў, што пасля пераводу яго ў СІЗА №1, ён быў падвергнуты збіццю супрацоўнікамі ізалятара. Гэта здарылася 1 чэрвеня.

На падставе гэтай інфармацыі юрысты ПЦ “Вясна” дапамаглі скласці заяву на імя начальніка Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, у якой Кунцэвіч просіць правесці праверку па выкладзеных фактах, накіраваць яго для праходжання судова-медыцынскай экспертызы і распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ і МУС, вінаватых ва ўжыванні катаванняў і жорсткага абыходжання.

Усе сведчанні фігуранта справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Сяргея Кунцэвіча пра катаванні задакументаваныя шляхам відэа і аўдыёзапісу.


Сяргей Кунцэвіч — адзін з фігурантаў справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”. Ён быў затрыманы ў Мінску 24 сакавіка. Кунцэвіч лічыцца паплечнікам Мікалая Статкевіча па “Народнай грамадзе”, а ў сюжэце паказаным па БТ яго назвалі асабістым кіроўцам палітыка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства