Пагоня на “Газэлі”, спагнанні, пагрозы: шлях да справядлівасці праз пераслед чыноўнікаў Дакумент
Жыхарка Гомеля Марына К. нават пасля восьмай адмовы Следчага камітэта не губляе надзеі ўзбудзіць крымінальную справу па факце гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару ў СІЗА-3 у дачыненні да яе прыёмнага сына Віталя Г. Менавіта з-за цвёрдага жадання жанчыны аднавіць справядлівасць і пакараць вінаватых, яна адчувае на сябе моцны ціск з боку мясцовых уладаў. Прычым, яе пераследуюць не толькі па месцы працы (Марына працуе ў якасці прыёмнай маці ў аддзеле адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля): да траўлі жанчыны падлучылася і служба сацыяльнай апекі. Яе прадстаўнікі нават пачалі пагражаць Марыне, што забяруць і яе прыёмных дачок.
“Газэль” нападае першай
Напачатку траўня яе дзяцей на вуліцы пераследваў невядомы аўтамабіль, дзяўчаты моцна напалохаліся.
Жанчына, распавядае, што 10-га траўня прыёмная дачка Купрэенка Л. у суправаджэнні старэйшай дачкі вярталася са школы. У гэты час невядомыя на аўтамабілі “Газэль” (як высветлілася пазней – супрацоўнікі органа апекі і апякунства) пачалі пераследваць дзяцей, спрабавалі схапіць малодшую дачку і зацягнуць у аўтамабіль. Яны спалохаліся і хуценька схаваліся ў доме. Толькі праз 50 хвілін Марына атрымала sms-паведамленне, з якога стала зразумела, што службай апекі праводзіцца праверка.
“11-га траўня – распавядае жанчына далей, – мы з дзіцём схадзілі да лекара, пра што папярэдзілі школу. Атрымалі адпаведную даведку. А ўжо на наступны дзень органы апекі звярнуліся з заявай у Савецкі РАУС аб вышуку мяне і дзяцей. Мне патэлефанавалі з інспекцыі па справах непаўнагадовых Савецкага РУУС Гомеля. Я патлумачыла, што дзіця хварэе, што мы звярталіся да лекара, што ў школе пра гэта ведаюць. У адказ пачула: “З боку міліцыі да вас прэтэнзій няма, не ведаем чаму яны паднялі такі шум на пустым месцы”.
А 12-га траўня дома ў Марыны з’явіліся прадстаўнікі адразу трох устаноў з актамі абследавання жыллёва-бытавых умоў, 13-га траўня таксама быў складзены яшчэ адзін акт, 19-га траўня ізноў з’явілася камісія, якая ў чарговы раз абследвала жыллёва-бытавыя ўмовы, 22-га усё паўтарылася.
Па факце супрацьпраўных дзеянняў супраць дзіцяці Марына адразу падала заявы ў МУС, КДБ, Адміністрацыю Прэзідэнта, Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя.
Але Марыну адразу папярэдзілі, каб яна тэрмінова напісала заяву аб прыпыненні праверкі па факце супрацьпраўных дзеянняў органаў апекі, і падманным шляхам вымусілі жанчыну падпісаць яе.
“Калі вы толькі пачнеце ўзбуджаць ўсю гэтую справу, то будзе цалкам зваротная рэакцыя”
15 траўня начальнік аддзела адукацыі Адміністрацыі Савецкага р-на Гомеля А. Кавалёва праінфармавала Марыну К, што ёй вынесена дысцыплінарнае спагнанне. Маўляў, яна дрэнна выконвае абавязкі прыёмнай маці, пазбягае кантактаў са службай апекі.
У той жа дзень Марына патрапіла на прыём да начальніка Упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С. Парошына. Яна запісала размову з чыноўнікам, пад час якой жанчыне ў ненавязлівай форме прапанавалі формулу паводзін, пры якой “праблем не будзе”:
Парошын: Вы павінны ўсё прыняць - гэта ўсё, што яны [аддзел адукацыі адміністрацыі Савецкага р-на] могуць зрабіць, самае мяккае... падводзім рысу і пачынаем працаваць зусім па-іншаму, каб не было ніякіх заўваг. Калі вы толькі пачнеце ўзбуджаць ўсю гэтую справу, то будзе цалкам зваротная рэакцыя. Не трэба гэтага рабіць.
Марына К.: Чаму яны, напрыклад, не напісалі праўду, – бо ў маёй працы можна шмат да чаго прычапіцца.
Парошын: бываюць моманты, што лепш прыдзірка, чым заахвочванне. Асабліва ў вашай сітуацыі. Лепей пагадзіцца і працаваць далей.
Марына К.: Згодна з вамі, калі далей не пойдзе…
Парошын: Яно не пойдзе, але калі вы выбіраеце метад абароны, то яно пойдзе далей – калі не будзеце аспрэчваць, то не пойдзе…
Марына К.: Я абараняю сірату. Падтрымкі і прававой дапамогі не аказваецца. Замест таго, што прыдзіркі ўзнікаюць на пустым месцы. Таму што дастаткова было мне патэлефанаваць, каб я прыйшла, а не апавяшчаць мяне праз гадзіну пасля таго, як яны [органы апекі] за дзецьмі ганяліся на “Газэлі”, а проста-каб я на месцы была..
Парошын: Ну, тут вы маеце рацыю ...
Пазней Марына даведалася, што пры вынясенні спагнання менавіта такую фармуліроўку прапанавала пракуратура.
Прыёмная маці ў ролі “абавязанай асобы”?
Часам даходзіць да поўнага абсурду, падаецца, што нейкі невядомы “дырыжор” выкарыстоўвае ўсё новыя і новыя прыёмы, каб прымусіць жанчыну змірыцца і не шукаць вінаватых у гвалце над прыёмным сынам. Вось адзін з прыкладаў.
18 красавіка на мабільны тэлефон жанчыны патэлефанаваў намеснік загадчыка філіяла №12 Гомельскай цэнтральнай паліклінікі У. Раманенка і ў грубай форме загадаў з’явіцца на агляд, паколькі, маўляў, яна з’яўляецца абавязанай асобай. Пры гэтым на аргументы жанчыны, што яна прыёмная маці, і таму ўвогуле не можа быць абавязанай асобай, не звяртаў увагі.
(Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 N 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем'ях” абавязаныя асобы павінны кампенсаваць утрыманне дзяцей у дзіцячых дамах, куды яны змешчаныя па прычыне асацыяльных паводзін бацькоў. У пашпартах такіх асобаў ставіцца адпаведная пазнака).
Марына накіравала электронны зварот у Гомельскую цэнтральную гарадскую паліклініку і праз некалькі дзён ёй паведамілі, што, маўляў, адбылася прыкрая памылка з прозвішчам, што “ён памылкова прыняў Вас за абавязаную асобу, у выніку чаго ўзнікла непаразуменне..” Перад жанчынай давялося выбачацца. Аднак прыёмная маці вымушаная была патраціць свой час і свае нервы, каб даказаць беспадстаўнасць гэтай “памылкі”.
Супраць прыёмнай маці спрабавалі ўзбудзіць крыміналку
З чарговай пастановы Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалтоўных дзеянняў у СІЗА-3 вынікае, што з ініцыятывы намесніка пракурора Гомеля следчыя паралельна праводзілі праверку на наяўнасць у дзеяннях прыёмнай маці злачынства па арт. 400 Крымінальнага кодэксу (Загадзя ілжывы данос). Дзякуй Богу, што перамог розум і следчыя ў гэтым выпадку прынялі адэкватнае рашэнне:
“Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па арт.400 КК Рэспублікі Беларусі у адносінах да М.К. па факце паведамленняў аб здзяйсненні у адносінах да Віталя супрацьпраўных дзеянняў рознымі асобамі, адмовіць за адсутнасцю складу злачынства”.
А што тычыцца непасрэдна высноваў, да якіх прыйшлі гомельскія следчыя, каб адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, то яны практычна перапісаныя з папярэдніх пастаноў: усе хто ўтрымліваўся з Віталём на той час у камеры СІЗА, дружна і сінхронна тлумачаць, што “ніякіх супрацьпраўных дзеянняў самі не здзяйснялі і не чулі, што гэта рабілі іншыя. Цялесных пашкоджанняў не бачылі”.
Юрыст Праваабарончы цэнтр «Вясна» Павал Сапелка ў каментары тэлеканалу БелСАТ адзначыў:
«Праверка, якая праводзілася ў СІЗА, была неаб’ектыўнай. Цялесныя пашкоджанні ў падлетка зафіксаваныя падчас судова-псіхіятрычнай экспертызы, але адказнасці за збіццё ніхто не панёс. Следства не высветліла ўсіх абставінаў, таму няма падставаў не верыць Віталю. І мы цалкам дапускаем, што Віталя гвалцілі з ведама міліцыянтаў. Яны маглі свядома ўчыніць правакацыю, прапаноўваючы сукамернікам хлопца розныя прэферэнцыі. Да таго ж, змяшчаць хворага падлетка ў агульную камеру з дарослымі – гэта яшчэ адно грубае парушэнне».
Нагадаем, падчас аднаго са спатканняў у СІЗА, дзе сямнаццацігадовы падлетак, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця, утрымліваўся па падазрэнні ў сэксуальным дамаганні, якое нібыта мела месца ў канцы 2015 года, ён распавёў прыёмнай маці аб тым, што ў камеры яго «ставілі ракам, здымалі штаны і запіхвалі штосьці ў анальную адтуліну». Марына ўбачыла на целе прыёмнага сына сінякі, драпіны, сляды ад цыгарэтных бычкоў на руках.
У сакавіку 2016-га году 16-гадовага Віталя Г. узялі пад варту і змясцілі ў гомельскі СІЗА №3 па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч.3 артыкула 167 КК. Паўгода раней, у Цэнтры рэабілітацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзе лекаваўся падлетак, ягоны сусед па палаце паскардзіўся доктару на нібыта сэксуальнае дамагальніцтва і прыставанне з боку Віталя. Бацькі абодвух падлеткаў, паразважаўшы, спісалі гэты канфлікт на фантазіі сваіх дзяцей. Аднак пазней гісторыя набыла нечаканы працяг.
29 снежня 2016 года адбыўся суд у г. Гомелі, які вынес Віталю Г. прысуд у 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі для непаўналетніх і там жа прызначыў яму лячэнне.
“Асноўныя доказы віны майго прыёмнага сына былі атрыманы ў выніку гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да яго, і мы вельмі спадзяемся, што правядзенне дадатковых праверак і, як следства, ўзбуджэнне крымінальных спраў памяняе сітуацыю», - спадзяецца Марына К.
Зараз прыёмная маці рыхтуецца абскардзіць гэты прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі, а гэта, як бачна, вельмі не падабаецца мясцовым уладам.