viasna on patreon

Справа Багданава: СК не знайшоў віны турэмных медыкаў у смерці зняволенага. Ці так гэта? Відэа

2017 2017-06-22T13:50:50+0300 2017-06-22T17:24:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/badanau-aleg-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Партрэт Алега Багданава на стале маці. Фота "Нашай нівы".

Партрэт Алега Багданава на стале маці. Фота "Нашай нівы".

Сваякі памёрлага ў Жодзінскай турме №8 Алега Багданава практычна 8 месяцаў дамагаліся ўзбуджэння крымінальнай справы па факце неналежнага выканання медыцынскімі работнікамі турмы сваіх прафесійных абавязкаў. Да гэтага Жодзінскі гарадзкі аддзел СК тройчы прымаў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. І вось 12 мая 2017 года Упраўленне Следчага камітэту па Мінскай вобласці вынесла пастанову аб… спыненні папярэдняга расследаванне па справе з фармулёўкай: «у сувязі з адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 ст.162 КК».

Маці памёрлага, Марына Георгіеўна Багданава, азнаёміўшыся з пастановай аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, у якой на 50 старонках абгрунтоўваецца адсутнасць складу злачынства ў дзеяннях службовых асоб СІЗА №1 і Турмы №8, так і не змагла знайсці адказу на галоўнае пытанне: чаму памёр яе сын?

Вось, напрыклад, з пастановы вынікае, што ў дзеяннях медработнікаў турмы №8 пры аказанні меддапамогі сыну адсутнічае склад злачынства па арт.162 КК. Пры гэтым неаднаразова адзначаецца, што медычнымі работнікамі і персаналам турмы былі дапушчаныя недахопы ў абследаванні і лячэнні Багданава, але яны не знаходзяцца ў прычыннай сувязі з яго смерцю.

У матэрыялах праверкі следчых некалькі разоў гучаць паказанні медыкаў: “скаргаў на стан здароўя не выказваў, указваў на болі злева, у вобласці сэрца, перабоі рытму”. Дык гэта хіба не скаргі, асабліва для чалавека, у якога мелася прыроджаная паталогія сэрца: спалучаны парок аартальнага клапана  і анеўрызма ўзыходзячага аддзела аорты? Прычым турэмныя медыкі ведалі, што Багданаў перанёс складаную аперацыю на сэрцы.

Алег Багданаў неаднойчы пісаў у лістах да маці аб тым, што стан ягонага здароўя пагаршаецца.

Яшчэ знаходзячыся ў СІЗА №1 на Валадарцы Алег Багданаў 6 студзеня піша заяву на імя суддзі Ленінскага раёна Мінска Д. Астапенкі, якую прасіў далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы:

“У апошні час я вельмі дрэнна сябе адчуваю, медыцынская дапамога не аказваецца, дактары, фельчары і іншыя работнікі пад усемагчымымі нагодамі адмаўляюцца аказваць якую-небудзь дапамогу. Дабіцца “праўды” я не магу, я ўжо звяртаўся з пісьмовымі і вуснымі заявамі да начальніка СТ-8, начальніка медсанчасткі, але аніякіх дзеянняў з іх боку не было, акрамя напісання рапартаў за ляжанне на ложку.

Мае довады аб дрэнным самаадчуванні лічаць за сімуляцыю. Бачачы ўсю абсурднасць і бязвыхаднасць дадзенай сітуацыі, я вымушаны пакінуць завяшчанне і выказаць апошнюю волю”.

 Ліст Алега Багданава суддзе Д. Астапенку.

 Далей – вытрымка з апошняга ліста памёрлага на волю, ужо з медчасткі Жодзінскай турмы:

«Бальніцы тут — гэта былыя карцары, знаходзяцца ў падвале. Камеры 3 на 2,5 метры, сядзяць ад 5 да 11 чалавек на тры ложкі. Днём ляжаць на ложку нельга, толькі сядзець. Падлога, сцены і столь бетонныя. Лячэння ніякага няма. Прашу ахоўнікаў выклікаць доктара — яны не выклікаюць».

За здароўем сачу, але часам робіцца дрэнна, здараюцца нейкія прыступы, я губляю прытомнасць, а на ложак класціся не дазваляюць — пішуць рапарты. А ў мяне ўжо чатыры заўвагі за тое, што ляжаў удзень на ложку. Хутка павядуць на карцар».

Следчыя, якія не змаглі (ці не захацелі) знайсці вінаватых у смерці вязня, тым не меней вымушана  канстатуюць, што “Багданаў А.В. ня быў пастаўлены на дыспансерны ўлік, ня быў складзены індывідуальны план лячэбна-прафілактычных і аздараўленчых мерапрыемстваў у дачыненні да яго, паколькі гэта нічым не рэгламентавана”.

І далей: “Заводзіць карты дыспансернага назірання на следча-арыштаваных няма фізічных магчымасцяў з-за іх вялікай цякучасці, вялікай колькасці зняволеных на аднаго лекара і адсутнасцю медыцынскай сястры”.

Між тым, аб'ектыўных дадзеных пра тое, што медыкі не аказвалі яму належнага лячэння і не давалі патрэбных лекаў, аб супрацьпраўным пазбаўленні яго жыцця іншымі асобамі следства таксама не знайшло.

Важным падаецца таксама, як паміраў Багданаў, хто і якім чынам праводзіў рэанімацыйныя мерапрыемствы.

Вечарам 28 студзеня 2016 года Алега Багданава за парушэнні правілаў унутранага распарадку (нібыта пасля адбою ён гуляў у шашкі і гучна размаўляў) у медчастцы перавялі з камеры 97 у адзіночную камеру 107, а па-просту – у карцэр.

 На наступны дзень, 29 студзеня Багданаў пасля пад’ёму ў 6 раніцы па камандзе выйшаў на калідор з матрасам. Кантралёр пагаршэння здароўя не заўважыў. Вядома, што праз паўгадзіны Алег адмовіўся ад сняданка, але гэта не насцярожыла кантралёра. Праз некаторы час кантралёр ў вочка камеры заўважыла яго седзячым на падлозе. Ён яшчэ нешта мармытаў. Кантралёр праінфармавала дзяжурнага, затым тэлефанавалі начальству, і толькі потым адчынілі камеру. Нарэшце быў выкліканы фельчар, пачаліся рэанімацыйныя мерапрыемствы, да якіх праз паўгадзіны далучыліся і ўрачы хуткай дапамогі. Але было позна: не дапамаглі ні штучнае дыханне, ні ўвядзенне адрэналіна з атрапінам, і ў 7 гадзін 40 хвілін была канстатавана смерць.

Маці Алега дагэтуль не можа зразумець, як магло стацца, што сын мог памерці ў медчастцы — няўжо побач не было ні медыцынскага персаналу, ні кантралёраў-ахоўнікаў? Яны ж павінны пастаянна назіраць за камерамі. Чаму гэтага не здарылася? Чаму сына разам з фельчарам ратавалі і іншыя зняволеныя? І чаму ёй паведамілі пра смерць сына толькі напрыканцы наступнага дня?

Марына Георгіеўна Багданава.

Марыя Багданава прадаставіла праваабаронцам "Вясны" відэазапіс з камер назірання турмы, на якім бачныя хаатычныя дзеянні разгубленых кантралёраў, фельчара і старонніх асоб у камеры № 107 пад час правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў.

У паказаннях сведкаў адзначана, што пад час рэанімацыйных мерапрыемстваў “нехта  з работнікаў накіраваўся за мяшком Амбу (для вентыляцыі лёгкіх) і прынёс яго прыкладна праз 2 хвіліны, але мяшок быў без маскі. Маску прынеслі прыкладна яшчэ праз 2 хвіліны і вентыляцыю лёгкіх сталі ўжо рабіць пры дапамозе мяшка Амбу”.

Следчыя пры гэтым прызнаюць, што “правядзенне рэанімацыйных мерапрыемстваў у тых умовах было абцяжарана, паколькі там было мала месца, было дрэннае асвятленне і адсутнічала неабходнае рэанімацыйнае абсталяванне”.

“Але ці можна было хворага інваліда змяшчаць у у адзіночную камеру, саджаць хворага ў «стакан»? – задаецца пытаннем Марыя Багданава, –  а следчыя пры гэтым нічога супрацьпраўнага не знаходзяць".

Застаецца дадаць, што некаторыя апытаныя ў ходзе расследавання медыцынскія работнікі, якія павінны былі сачыць за здароўем хворага Багданава, часова выконвалі свае прафесійныя абавязкі, нехта на гэты час звольніўся зусім, і на момант правядзення раследвання не памятаюць многіх акалічнасцяў звароту да іх Алега Багданава і асаблівасцяў лячэння.

Але нават тое, што зафіксавана ў журналах агляду і прызначэнні працэдур, на думку Марыі Багданавай, таксама пакідае шмат пытанняў.

Так, за ўвесь час знаходжання ў зняволенні урач-тэрапеўт Л. Карніенка толькі двойчы рабіла агляд хворага Багданава.  Дактары сведчаць, што перыядычна, кожныя 2 тыдні бралі аналіз крыві для кантролю МНА (кантроль вязкасці крыві для перадухілення ўтварэння тромбаў). Маці дакладна палічыла, што такія аналізы рабіліся ўсяго толькі 5 разоў.

Следчыя, праўда, прызналі факт такіх парушэнняў.

“Лекарам-тэрапеўтам не была арганізавана кансультацыя ўрача-кардыёлага, кантроль МНА ажыццяўляўся не ў поўнай адпаведнасці з інструкцыяй № 086-1006… У пацыента не было устойліва дасягнута мэтавае значэнне МНА для прафілактыкі тромбаэмбалічных ускладненняў, што патрабавала карэкцыі дозы “Варфарыну” і больш частага (не радзей 1 разу ў тыдзень) вызначэння значэння МНА.”

 Там не меней, у сувязі з адсутнасцю ў дзеянні медыцынскіх работнікаў складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 ст.162 КК следчыя вынослі пастанову аб спыненні папярэдняга расследаванне па гэтай крымінальнай справе. Вінаватых, як бачна, не знайшлося.

Справа Багданава: СК не знайшоў віны турэмных медыкаў у смерці зняволенага. Ці так гэта?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства