viasna on patreon

Сяргей Драздоўскі: Зацвярджэнне нацплана па рэалізацыі канвенцыі - толькі адпраўная кропка ў нашай працы

2017 2017-06-23T14:13:18+0300 2017-06-23T14:19:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/drazdouski111.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Драздоўскі, фота з Facebook

Сяргей Драздоўскі, фота з Facebook

Праваабаронцы будуць спрабаваць вярнуць на парадак дня важныя пытанні, якія выпалі з зацверджанай версіі Нацыянальнага плану па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў. Бліжэйшым часам Офіс па правах людзей з інваліднасцю падрыхтуе аналіз зместу Плана.

Пра гэта Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” паведаміў дырэктар Офіса Сяргей Драздоўскі, перад якім стаяла пытанне пра тое, наколькі важным крокам з’яўляецца зацвярджэнне Плану і што гэты дакумент здольны змяніць у рэалізацыі палітыкі інваліднасці ў Беларусі.

“Найперш мы зараз павінны будзем прааналізаваць выніковы варыянт. Паколькі на ўсіх этапах дакумент моцна змяняўся. Праект Плана, які быў выстаўлены на грамадскае абмеркаванне, і той варыянт, які мы ўбачылі пасля яго - гэта, можна сказаць, два розныя дакументы. У працэсе розных узгадненняў з Плана наогул знік цэлы шэраг пазіцый. Напрыклад, МУС практычна выкрасліў сябе з усіх раздзелаў, настаяўшы на тым, што ў сферы іх адказнасці і так усё добра. Там былі акрэсленыя праблемы і прапановы па рашэннях у дачыненні да асобаў, якія знаходзяцца ў месцах зняволення. У нас цалкам дакладна ёсць зараз дакументы, у тым ліку адказы з структураў МУС, дзе кажуць прамым тэкстам: «Мы не ведаем, што з гэтым рабіць. Ніяк не вырашана праблема». І ў гэты ж час, у працэсе ўнутрыведамасных узгадненняў яны сябе з Плана выкрэсліваюць. Гэтак жа, як і МНС, дарэчы. Таму канчатковая, зацверджаная рэдакцыя Плана - гэта тая адпраўная кропка, з якой мы пачнем зноў спрабаваць вяртаць на парадак дня тыя важныя пытанні, якія з розных прычынаў з яго выпалі”, - распавёў праваабаронца.

З яго словаў, у працэсе грамадскага абмеркавання Плана Офісу нейкія пазіцыі ўдалося адстаяць, а нейкія не:   

“Мы, са свайго боку, пачалі артыкуляваць неабходнасць такога плану яшчэ да таго, як ён пачаў з'яўляцца. Яшчэ да падпісання Канвенцыі мы прапаноўвалі стратэгічныя падыходы з нагоды таго, як яна павінна будзе рэалізоўвацца. Пачатак праектавання Нацыянальнага плана ажыццяўляўся НДІ працы, і мы з самага пачатку ўдзельнічалі ў дыскусіях, кансультацыях. Трэба сказаць, што першапачатковая канцэпцыя Нацыянальнага плана была значна бліжэйшай да нашага разумення. У мінулым годзе, калі з'явіўся першы афіцыйны прота-праект Міністэрства працы, гэта ўжо быў некалькі іншы дакумент. Што добра, і нават унікальна - туды ўвайшло шмат прапаноў грамадскасці. Але яны сабраныя несістэмна, гэта такі «склад» прапаноў, саміх па сабе вельмі добрых. Не прайшлі буйныя змены, якія мы прапаноўвалі, якія патрабуюць не проста змены погляду на палітыку інваліднасці, але і цэласных змененаў у асобных сферах. То бок, немагчыма казаць пра якаснае страхаванне ў палітыцы інваліднасці, калі не казаць пра змену сістэмы страхавання ў цэлым, тое ж самае з пенсійным забеспячэннем і так далей”.

У цэлым Сяргей Драздоўскі ацэньвае План як цалкам працоўны дакумент.

“Ён не дасканалы, але добра, што гэта разумеюць усе. І ёсць гатоўнасць мяняць нешта ў працэсе рэалізацыі. Пры гэтым у Плане ёсць шэраг крытычных кропак, якія, на нашу думку, вельмі важныя. Гэта пытанне працы з дыскрымінацыяй, то бок тое, што наогул прапісана такое паняцце. Ёсць шэраг пытанняў, вырашэнне якіх з неабходнасцю «пацягне» за сабой змены больш шырокага парадку. Гэта пытанні незалежнага пражывання, сацыяльных прадпрыемстваў. Кожнае з гэтых пытанняў пры ўкараненні ў заканадаўства пацягне за сабой шэраг праблемаў і ўзгадненняў. Таму, разумеючы недасканаласць гэтага Плана, мы будзем актыўна працаваць на яго рэалізацыю, разглядаючы яго як рычаг запуску сістэмных зменаў у палітыцы інваліднасці”.

Нагадаем, Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017-2025 гг. быў зацверджаны Саветам Міністраў пастановай ад 13 чэрвеня 2017 года № 451.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства