viasna on patreon

Жанчыну будуць судзіць за рэпост пра смерць «дармаедаў»

2017 2017-07-11T08:44:36+0300 2017-07-11T08:51:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaja_zala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала.

Судовая зала.

Тэма падатку на дармаедства сёлета мала каго з беларусаў пакінула абыякавым. У самыя гарачыя перыяды тысячы грамадзянаў выходзілі на вуліцы, дзясяткі тысячаў выказвалі сваю пазіцыю ў сеціве. Судовы пераслед закрануў і тых, і другіх. Супраць жыхаркі Светлагорску Аксаны Понасавай-Волкавай увесну распачалі адміністратыўную справу за рэпост.

Па інфармацыі belsat.eu, Аксана, як і ейны муж, на сваёй старонцы «УКантакце» падзялілася інфармацыяй пра самагубства жыхаркі Рагачова. Пра трагедыю ўпершыню распавяло выданне «Рогачёв онлайн» у студзені.

Паводле журналістаў, не апошнюю ролю ў трагедыі адыграў «ліст шчасця», які атрымала жанчына. Інфармацыю аб трагедыі распаўсюджвалі як карыстальнікі сацыяльных сетак, гэтак і медыі.

«Чалавек перапосціў тое, што яе затурбавала. Я таксама гэта посціла. Якім чынам яны гэта адсочваюць, як выбіраюць, як яны збіраюцца выносіць пакаранне, мне абсалютна незразумела», – каментуе справу праваабаронца Алена Маслюкова.

Міліцыі не спадабаліся анархісты

Зачапіліся за тое, што Аксана перадрукавала допіс групы анархістаў «Прамень», якую пазней улучылі ў спіс экстрэмісцкіх. Адсюль і артыкул «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Усю хаду справы Понасава не можа назваць аніяк інакш, як «цыркам».

Аксана спадзяецца, што ў адэкватнае рэчышча ўся гэтая справа вернецца ў судзе. Суддзя Светлагорскага раёну Людміла Сапоненка перанесла разгляд на чацвер, каб Понасава магла ўрэшце азнаёміцца з матэрыяламі. Хаця цяпер справу могуць закрыць праз тэрмін даўніны.

Алена Маслюкова ўпэўненая, што такія справы не маюць анічога супольнага з барацьбою з экстрэмізмам, а нясуць просты пасыл грамадзянам.

«Сядзіце ціха, сапіце ў дзве дзірачкі, і нікому нічога не гаварыце», – дадае праваабаронца.

Беларусы гавораць і гавораць гучна

Рэзананснаю стала і смерць жыхара Асіповічаў. 60-гадовы Айвар Яскевіч выкінуўся з 5-га паверху, а ў пакінутай цыдулцы напісаў, што ніколі не быў дармаедам. Следчыя Магілёўскай вобласці адмаўляць сувязь паміж самагубствам і падаткам. Гэтак жа адмаўляюць яе і ў рагачоўскай трагедыі. А вось сувязь паміж экстрэмізмам і грамадзянскай неабыякавасцю знаходзяць хутка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства