Чаркасы: беларусы і украінцы абменьваліся досведам стварэння зручных умоў для жыцця
Сяброўскі візіт беларускіх грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў у Чаркасы распачаўся 1 ліпеня. Беларусы і украінцы абменьваюцца досведам працы ў галіне стварэння зручных умоў жыцця для ўсіх катэгорый насельніцтва, безбар’ернага асяродку ў горадзе, абароны правоў людзей з інваліднасцю.
Гэты супольны праект рэалізуецца творчай фармацыяй “Божевэльнік” і грамадскай арганізацыяй “Промолодзь”. У мерапрыемствах прымаюць удзел прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Светлагорскага аддзялення РАІК. Госці з Беларусі ужо наведалі шэраг крэатыўных мерапрыемстваў у межах “Майстерня міста Черкаси”.
Як паведамляе ўдзельніца беларускай дэлегацыі са Светлагорску Алена Маслюкова, карысным быў польскі досвед, агучаны падчас лекцыі “Сацыяльная анімацыя – як выкарыстоўвалі трансфармацыю прастораў для сацыяльнага яднання людзей”.
“Грамадскія актывісты прыцягнулі ўвагу грамадства, да праблемы раёна малапавярховай забудовы “Дружба” (Варшава), актывізавалі жыхароў раёна для стварэння і захавання уласнай прасторы, што вельмі нагадвае праблемную сітуацыю з менскай Асмолаўкай”.
Пры падтрымцы ПЦ “Вясна” з удзелам “Офіса па правам людзей з інваліднасцю” (Беларусь) ды украінскіх партнёраў, адбыўся захад “Інклюзивні міста; практики універсального дизайну. Місто зручне для всіх”, якое складалася з 2-х частак – тэарэтычнай, дзе удзельнікі даведаліся аб асновах універсальнага дызайна, і практычнай часткі.
“Удзельнікі яе змаглі адчуць горад так, як яго адчуваюць фізічна аслабленыя асобы – людзі, што перасоўваюцца на вазочках, з парушэннямі зроку, састарэлыя, цяжарныя і г.д. Жадаючыя атрымалі вазочкі, белую трасцінку і павязку на вочы, апорныя хадункі, адмысловы вобруч (імітацыя цяжарнасці) і прайшліся ў бліжэйшую краму з заданнем набыць вады. Амаль нікому з ўдзельнікаў не удалося без дапамогі, нават, сыйсці з ганку краязнаўчага музея, дзе адбываўся захад. Бардзюры, пешаходныя пераходы, уваход у краму, не кажучы ужо аб набыцці там элементарных пакупак – усе гэта станавілася, часам, непераадольнай перашкодай. Выявілася, што жыхары горада проста не гатовыя аказваць дапамогу людзям з інваліднасцю, не кажучы пра раўнапраўную паўнацэнную камунікацыю. Прыемна, што пратэставаць горад на даступнасць вырашылі не толькі грамадскія актывісты, але і адзін з гарадскіх чыноўнікаў – старшыня аднаго з аддзелаў гарадкой рады, -- распавядае Алена Маслюкова.
Скончыўся эксперымент абмеркаваннем атрыманага вопыту.