viasna on patreon

Праваабаронца настойвае на крымінальнай справе супраць маладзечанскіх чыноўнікаў

2017 2017-07-13T13:32:35+0300 2017-07-13T14:51:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-svaboda.org.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

12 ліпеня суд Маладзенчанскага раёна асудзіў настаўніц сярэдняй школы №11 Вольгу Завадзкую і Ірыну Апанасевіч да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь за неналежнае выкананне абавязкаў у гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя дзецей, што пацягнула па неасцярожнасці смерць вучаніцы восьмага класа Вікторыі Папчэня.

Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які неаднаразова звяртаў увагу правяраючых органаў, што да адказнасці павінны быць прыцягнутыя чыноўнікі Маладзечанскага райвыканкама А. Яхнавец і І. Драпеза, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб накіраванні на прыборку бульбы школьнікаў, чарговы раз звярнуўся са скаргай у пракуратуру Мінскай вобласці.

У ёй праваабаронца адзначае, што довады выкладзеныя ў яго ранейшай заяве былі далучаныя да крымінальнай справы і вывучаліся ў час раследвання смерці Вікторыі Папчэня, у тым ліку і на законнасць прыцягнення навучэнцаў школ да ўборкі бульбы. Аднак, крымінальная справа ў дачыненні да службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама так і не была ўзбуджана, на аснове чаго праваабаронца прыходзіць да высновы, што следства не ўгледзела складу злачынства ў іх дзеяннях.  

“Я так і не быў належным чынам праінфармаваны аб выніках разгляду маёй заявы, што наводзіць мяне на думку аб ігнараванні службовымі асобамі Следчага камітэту пазначаных у маёй заяве фактаў.

Лічу, што праверка па маёй заяве была праведзена неналежным чынам і замест таго, каб разгледзіць маю заяву па сутнасці, даць прававую ацэнку дзеянням службовых асобаў Маладзечанскага райвыканама на прадмет наяўнасці ў іх дзеяннях складу злачынства, як таго патрабуе арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь, мая заява была далучаная да матэрыялаў крымінальнай справы “у якасці крыніцы доказаў”.

Лічу, што ў дзеяннях службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкаму А.Д. Яхнаўца і І.Ф. Драпезы углядаецца склад службовага злачынства”, - падкрэслівае ў скарзе Валянцін Стэфановіч.

Так праваабаронца адзначае, што і старшыня А.Д. Яхнавец і начальнік аддзела адукацыі, спорта і турызма Маладзечанскага райвыканкама І.Ф. Драпеза, усведамлялі відавочна незаконны характар сваіх дзеянняў, аднак выдалі распараджэнне аб накіраванні супрацоўнікаў прадпрыемстваў раёна і загад аб накіраванні навучэнцаў на прыборку бульбы суадносна ў парушэнне дзеючага працоўнага заканадаўства, чым перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, што пацягнула істотную шкоду законным правам грамадзян, у тым ліку правам непаўнагадовых.

“Гібель у выніку няшчаснага выпадку падчас працы па прыборцы бульбы навучэнкі 8-га класа В. Папчэні, накіраванай адміністрацыяй школы № 11 у выкананне незаконных распараджэнняў службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкаму, я лічу асабліва цяжкімі наступствамі.

Прыцягненне супрацоўнікаў, навучэнцаў прадпрыемстваў і навучальных установаў раёна для працаў па прыборцы бульбы адміністрацыйнымі захадамі ў мэтах эканамічнага развіцця раёна насіла відавочна мабілізацыйны характар, што дазваляе кваліфікаваць гэтую практыку як прымусовую працу”, - піша Валянцін Стэфановіч.

Ён просіць пракуратуру Мінскай вобласці правесці дадатковую праверку па ўказаных у скарзе фактам на прадмет наяўнасці складу службовага злачынства ў дзеяннях старшыні Маладзечанскага райвыканаму А.Д. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорта і турызма Маладзечанскага райвыканкаму І.Ф. Драпезы і ўзбудзіць у дачыненні да іх крымінальную справу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства