Гісторыі адлічаных актывістаў: Ігар Неліповіч Відэа
У межах супольнай кампаніі "Дамо рэпрэсіям урок" па абароне студэнтаў, адлічаных з навучальных устаноў за грамадска-палітычную дзейнасць, праваабарончай арганізацыяй Libereco, ПЦ "Вясна" і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў створаны шэраг відэарасповядаў удзельнікаў пратэстных акцый, якія ў лютым і сакавіку 2017 года адбыліся ў розных гарадах Беларусі.
Ігар Неліповіч – былы студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. Вучыўся на гістарычным факультэце на спецыяльнасці «археалогія». Яго аштрафавалі на 230 рублёў за ўдзел у “Маршы недармаедаў” 5 сакавіка. Пасля гэтага яшчэ некалькі разоў выклікалі на размовы ў дэканат, а ў інтэрнат прыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і супрацоўнікі міліцыі. 16 сакавіка Ігара адлічылі на падставе двух вымоў: за адміністрацыйнае правапарушэнне і 30 гадзінаў пропускаў. Паводле актывіста, шмат хто з ягоных аднакурснікаў прапускалі да 300 гадзінаў без адмоўных вынікаў.
На Сhange.org размешчаная петыцыя “Дапамажыце беларускім студэнтам аднавіцца ва ўніверсітэтах”, якая заклікае за аднаўленне ў беларускіх універсітэтах студэнтаў, адлічаных за грамадска-палітычную актыўнасць. Апошнія адлічэнні звязаныя з удзелам студэнтаў у пратэстных акцыях, якія ў лютым і сакавіку 2017 года хваляй пракаціліся па Беларусі. Петыцыя адрасаваная міністру адукацыі Ігару Карпенку і пяці ўніверсітэцкім рэктарам - Сяргею Абламейку (БДУ), Аляксандру Жуку (БДПУ), Анатолю Сікорскаму (БДМУ), Ганне Сэндэр (БрДУ імя Пушкіна) і Канстанціну Бандарэнку (МДУ імя Куляшова).
Далучайцеся да кампаніі – падпішыце петыцыю!