Гісторыі адлічаных актывістаў: Глеб Вайкуль Відэа
У межах супольнай кампаніі "Дамо рэпрэсіям урок" па абароне студэнтаў, адлічаных з навучальных устаноў за грамадска-палітычную дзейнасць, праваабарончай арганізацыяй Libereco, ПЦ "Вясна" і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў створаны шэраг відэарасповядаў удзельнікаў пратэстных акцый, якія за апошня два гады адбыліся ў розных гарадах Беларусі.
Студэнцкі актывіст Глеб Вайкуль у студзені 2016 года быў адлічаны з другога курса філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Напрыканцы 2015 года ён прымаў актыўны ўдзел у Маршы студэнтаў. За ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве суд Маскоўскага раёна аштрафаваў актывіста на 18 базавых велічынь.
На Сhange.org размешчаная петыцыя “Дапамажыце беларускім студэнтам аднавіцца ва ўніверсітэтах”, якая заклікае за аднаўленне ў беларускіх універсітэтах студэнтаў, адлічаных за грамадска-палітычную актыўнасць. Апошнія адлічэнні звязаныя з удзелам студэнтаў у пратэстных акцыях, якія ў лютым і сакавіку 2017 года хваляй пракаціліся па Беларусі. Петыцыя адрасаваная міністру адукацыі Ігару Карпенку і пяці ўніверсітэцкім рэктарам - Сяргею Абламейку (БДУ), Аляксандру Жуку (БДПУ), Анатолю Сікорскаму (БДМУ), Ганне Сэндэр (БрДУ імя Пушкіна) і Канстанціну Бандарэнку (МДУ імя Куляшова).
Далучайцеся да кампаніі – падпішыце петыцыю!