viasna on patreon

Праваабаронцы назвалі еўрапарламентарыям умовы вырашэння сістэмнага крызісу правоў чалавека ў Беларусі

2017 2017-07-19T18:58:43+0300 2017-07-19T19:36:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zdrojevski-euroradio.fm1707.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Богдан Здраеўскі, кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Фота: euroradio.fm

Богдан Здраеўскі, кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Фота: euroradio.fm

У Мінску 19 ліпеня адбылася сустрэча дэлегацыі Еўрапейскага парламента з прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія далі сваю ацэнку сітуацыі ў краіне, а таксама распавялі пра перашкоды і абмежаванні, з якімі ім даводзіцца сутыкацца ў сваёй дзейнасці.  

Сярод удзельнікаў Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, якую ўзначальвае Богдан Здраеўскі, дэпутат Еўрапейскай народнай партыі ад Польшчы, у Мінск прыехалі парламентарыі з Польшчы, Літвы, Латвіі і Германіі, якія прадстаўляюць чатыры палітычныя групы. На сустрэчу да іх былі запрошаныя сябры розных няўрадавых арганізацый – Алег Агееў (БАЖ), Вольга Смалянка (Lawtrend), Васіль Санковіч (БХК), Святлана Каралёва (НП ФГО УП), Алег Волчак (Прававая дапамога насельніцтву), Міраслаў Кобас (Фонд Льва Сапегі), Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”).   

Прадстаўнікі НДА распавялі еўрапарламентарыям пра бягучую сітуацыю ў краіне, закранаючы розныя аспекты і праблемы, і адзначылі адсутнасць сістэмных зменаў.

Паводле праваабаронцаў, апошнім часам назіраюцца пэўныя пазітыўныя сігналы з боку ўладаў, адбываецца выбарачная камунікацыя з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, аднак пры гэтым ёсць усе падставы канстатаваць адсутнасць прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў краіне.  

Прадстаўнік “Вясны”, рэзюмуючы падчас сустрэчы выступы сваіх калегаў, звярнуў увагу на асноўныя праблемы – цыклічнасць рэпрэсій і адсутнасць прамога дыялогу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю.

“Цыклічнасць рэпрэсій у краіне мы назіраем дзесьці з 2006 года. Падзеі сёлетняй вясны яшчэ раз пацвердзілі гэтую тэндэнцыю: калі ўлады расцэньваюць нейкія падзеі як крытычныя для сябе, якія, паводле іх меркавання, могуць дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, то імгненна мяняюць свае “мяккія практыкі” на тыповы набор рэпрэсіўных мераў, які ўключае ў сябе затрыманні, арышты, крымінальны пераслед па палітычных матывах і гэтак далей, - кажа Валянцін Стэфановіч. - Я нагадаў, што вясной мы назіралі падзеі, калі больш за тысячу чалавек былі рэпрэсаваныя ў той ці іншай форме. Нагадаў, што апошнія 14 фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ці “справы патрыётаў”) былі вызваленыя з-пад варты напярэдадні сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Мінску, але крымінальны пераслед у дачыненні да іх не спынены, вядуцца актыўныя следчыя мерапрыемствы...”

У размове з прадстаўнікамі Еўрапарламента Стэфановіч акцэнтаваў увагу на тым, што для беларускай праваабарончай супольнасці наяўнасць палітычных зняволеных прынцыпова недапушчальная.   

На пытанне, што варта прадпрымаць у такой сітуацыі, ён адзначыў, што актуальны парадак дня праваабарончых арганізацыяў – прасоўванне сістэмных зменаў у краіне, найперш на ўзроўні заканадаўства.

“Сістэмныя змены будуць спрыяць таму, што цыклічнасць рэпрэсій не стане развівацца далей. Для гэтага мы будзем выкарыстоўваць самыя розныя нашыя магчымасці, - кажа Валянцін Стэфановіч. - І, канешне, мы настойваем на непасрэдным, прамым дыялогу грамадзянскай супольнасці і ўрада ўнутры краіны. Павінны быць сталыя дыялогавыя пляцоўкі. Вось распачаўся чацверты раўнд Дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю, і да ўдзелу запрошаныя прадстаўнікі некаторых праваабарончых арганізацый, што, канешне, з’яўляецца пазітыўным крокам. Але асноўная праблема - з дыялогам унутры краіны, без пасрэдніцтва іншых міжнародных арганізацый”.

Паводле праваабаронцы, выкананне абазначаных ім пунктаў можа ў пэўнай меры гарантаваць, што не ўзнікнуць чарговыя хвалі жорсткіх рэпрэсій, бо ўсё ж ва ўмовах эканамічнага крызісу ў краіне верагоднасць сацыяльных пратэстаў застаецца актуальнай.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязах з Беларуссю, візіт 18 - 19 ліпеня ў Мінск “быў працягам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, якой прытрымліваецца Еўрапейскі Саюз і якая скіраваная на заахвочванне далейшага супрацоўніцтва і прагрэсу ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і адкрытасці грамадства праз дыялог”. На ўсіх сустрэчах дэпутаты нагадвалі пра рэзалюцыю Еўрапейскага парламента ад 6 красавіка 2017 года, якая асудзіла жорсткія захады супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў лютым і сакавіку.

Варта дадаць, што гэта не адзіны афіцыйны візіт прадстаўнікоў краінаў Еўрапейскага Саюза ў Мінск на бягучым тыдні. 18 ліпеня прадстаўнікі ПЦ “Вясна” і БХК, Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак, сустракаліся з намеснікамі міністраў замежных справаў Германіі і Францыі і кіраўнікамі амбасадаў абедзьвюх краінаў.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства