“Білі кулакамі, надзелі кайданкі і чорны мяшок на галаву”. Сяргей Кулініч пра сваё затрыманне Аўдыё
Актывіст Сяргей Кулініч, які быў затрыманы напярэдадні Дня Волі і абвінавачаны ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, накіраваў скаргу ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку па факце жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку супрацоўнікаў КДБ.
"Затрымлівалі мяне брутальна. 24 сакавіка я ішоў з кватэры, дзе знаходзіўся Мікалай Статкевіч. Выйшаў з крамы на вуліцы Адзінцова і неўзабаве пачуў тупат, быццам хтосьці бяжыць за мной. Я павярнуўся і ўбачыў за паўтары метры ад сябе некалькі чалавек. Яны мяне схапілі і некалькі разоў ударылі кулакамі, спрабуючы трапіць па жываце. Затым надзелі кайданкі, накінулі мяшок на галаву і закінулі ў машыну. Памятаю, што мяне кінулі на пол ці ў гэтай машыне, ці ў аўтобусе, у які мяне потым перацягнулі. Я быў у стане шоку. Я адчуваў сябе чалавекам, любыя дзеянні якога могуць кантралявацца, з якім могуць рабіць што заўгодна.
Праз некаторы час магу зрабіць выснову, што я не быў ім надта цікавы. Я прасядзеў у СІЗА КДБ дзесяць дзён, а дапытвалі мяне толькі на пяты дзень арышту. Прычым падчас допыту мне задавалі пытанні, якія не мелі ніякага дачынення да справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Усё, што хацелі зрабіць у дачыненні да мяне, - гэта запужаць і псіхалагічна зламаць".
З СІЗА КДБ Сяргей Кулініч быў адпушчаны 3 красавіка. Напачатку чэрвеня крымінальны пераслед па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў супраць яго быў спынены.
Актывіст лічыць сваё затрыманне ні чым іншым як формай жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, прыніжэннем чалавечай годнасці, што забаронена Канвенцыяй ААН супраць катаванняў. Па-першае, Крымінальна-працэсуальным кодэксам РБ не прадугледжана такая мера як надзяванне чорнага мяшка на галаву пры затрыманні. Гэты факт сведчыць аб перавышэнні супрацоўнікамі КДБ сваіх паўнамоцтваў. Па-другое, пры затрыманні Кулініч не супраціўляўся, а таксама не здзяйсняў дзеянняў, якія падпадаюць пад падставы прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў. Таму збіццё кулакамі і надзяванне кайданкоў з'яўлялася незаконным і пазбавіла затрыманага права на асабістую недатыкальнасць.
Акрамя Генеральнай пракуратуры, Сяргей Кулініч звярнуўся ў Следчы Камітэт з заявай аб вынясенні пастановы на кампенсацыю шкоды за ўтрыманне пад вартай.