viasna on patreon

Непаўнагадовай дзяўчыне пагражалі крымінальнай справай, а вынеслі папярэджанне

2017 2017-08-03T13:50:10+0300 2017-08-03T15:36:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pagrozy_telefon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бацька непаўнагадовай дзяўчыны М. з Ваўкавыску Васіль Валашчук паведаміў ПЦ “Вясна”, што 13 ліпеня на хатні нумар патэлефанаваў супрацоўнік Маскоўскага РУУС, які прадставіўся Андрэем Менцам. Да тэлефону падыйшла маці М., яна стала размаўляць з міліцыянерам праз гучную сувязь. Падчас размовы Андрэй Менц цікавіўся дзяўчынай, сказаў, што на яе заведзеная крымінальная справа за тое, што яна 3 ліпеня 2017 знаходзілася на несанкцыянаваным мітынгу ў г.Мінску і на пытанні, якія задаваў карэспандэнт ТБ Белсат, выказалася супраць дзейнай улады.

Менц А. запатрабаваў, каб дзяўчына на працягу трох дзён з'явілася да яго для дачы тлумачэнняў з нагоды яе адказаў на пытанні карэспандэнта Белсат. Таксама ён прыгразіў штрафам М. у памеры да 20 мільёнаў рублёў.

Дачка Васіля Валашчука ўвесь час была побач і калі пачула пагрозы на свой адрас – страціла прытомнасць. Ёй выклікалі хуткую дапамогу.

Бацька дзяўчыны распавёў, што ў гэты час знаходзіўся за мяжой, яму прыйшло смс-паведамленне з тэкстам: “Дзе ваша дачка? Гэта з міліцыі”. Васіль Валашчук вельмі ўсхваляваўся, бо не ведаў прычыны паведамлення, пачаў тэлефанаваць на нумар, з якога прышло смс, але слухаўку ніхто не здымаў. Ён тэрмінова вярнуўся ў Ваўкавыск, пры гэтым згубіўшы працу.

У Мінск дзяўчына і яе родныя на размовы не паехалі, пасля матэрыялы справы былі перададзеныя ў Ваўкавыскі РУУС.

2 жніўня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП ў дачыненні да М. камісіяй па справах непаўнагадовых, якая вынесла ёй папярэджанне. Узначальваў камісію намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Кашкевіч.

“Мяркую, што сябры камісіі зразумелі, што мы будзем абскарджваць больш жорсткае рашэнне, таму вынеслі папярэджанне, каб і мы супакоіліся, і яны змаглі дакласці ў Мінск, што сваю працу выканалі”, - адзначыў бацька дзяўчыны.

Цяпер Васіль Валашчук з дапамогай юрыстаў “Вясны” звярнуўся з заявай да кіраўніцтва РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска, у якой просіць правесці праверку на прадмет некарэктнага звароту і пагроз з боку Андрэя Менца на адрас яго блізкіх, у выніку чаго пагоршыўся стан здароўя яго непаўнагадовай дачкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства