Аляксандр Мех апраўданы ў судзе Фота Дапоўнена
У Кобрыне супрацоўнікамі мясцовай міліцыі затрыманы грамадскі актывіст Алесь Мех. Яго затрымалі а 10-й раніцы 15 жніўня ў кватэры знаёмага Дзмітрыя Чарніцкага, які раней дапамагаў Меху на выбарах.
Беларускае Радыё Рацыя паведамляе, што Чарніцкі патэлефанаваў Меху і паведаміў, што некалькі дзён таму яго падманам завезлі ў аддзел і пратрымалі цэлы дзень. Забіралі ключы ад кватэры і вярнулі бруднымі – відаць, рабілі адбітак. Мужчына папрасіў Меха прыехаць, каб праверыць наяўнасць “жучкоў” у кватэры.
„Яшчэ Чарнецкі баяўся, каб не падкінулі наркотыкі,” – кажа Наталля Мех. – Учора памянялі ключ, памянялі замок у кватэры. А сёння Саша пайшлоў да яго і вось…
Дзяжурная служба Кобрынскага РАУС пацвердзіла, што Алесь Мех знаходзіцца ў іх, у крымінальным аддзеле.
– Супрацоўнікі міліцыі праводзяць праверку. Будзе прынятае законнае рашэнне. Калі Алесь Мех ні ў чым не вінаваты, не парушыў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, то абавязкова разбяруцца, адпусцяць і папросяць прабачэння. Рашэнне яшчэ не прынятае, таму я вам пакуль не магу даць ніякай інфармацыі.
РР: А хто праводзіць праверку? – Супрацоўнікі крымінальной міліцыі.
У кабінеце крымінальнага вышуку сказалі, што выконваючы абавязкі начальнік крымінальнай міліцыі Мікалай Сурма выйшаў. Супрацоўнік, які пажадаў застацца невядомым, даваць інфармацыю пра Алеся Меха адмовіўся.
Сёння Радыё Свабода перадае:
Аляксандар Мех быў затрыманы раніцай 15 жніўня ў Кобрыні разам са сваім сябрам Дзьмітрыем Чарніцкім пры выхадзе з дому апошняга:
«Мяне вінавацяць у тым, што я нібыта аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі. Затрымлівалі, калі я спускаўся з кватэры свайго сябра — проста ў тамбуры перад дзьвярыма на вуліцу. Дзьверы адчыніліся — і нас пачалі „ламаць“. Нічога не казалі, проста заламалі галаву, на падлогу пачалі класьці і рукі закладаць, кайданкі чапляць».
Як расказаў Аляксандар Мех, затрыманьне адбылося адразу пасьля таго, як ён выявіў праслухоўку ў доме свайго сябра Дзьмітрыя Чарніцкага. Адразу ж, як актывісты выйшлі з кватэры, іх затрымалі.
Учора актывістаў завезьлі ў міліцыю, склалі на іх пратаколы і даставілі ў суд. Дзьмітрыю Чарніцкаму прысудзілі 506 рублёў штрафу (22 базавыя велічыні) за непадпарадкаваньне міліцыянтам і брудную лаянку. Аляксандар Мех запатрабаваў адваката, і яго паседжаньне перанесьлі на 16 жніўня а 15.30.
Адміністратыўная справа ўзбуджаная па арт. 23.34 КаАП.
На судзе ў Аляксандра Меха заўважны сляды ад кайданкоў і сінякі на твары. Выявілася, што ён адмовіўся сесці ў аўтамабіль міліцыі, куды яго "ветліва" запрашалі міліцыянты.
Зранку 16 жніўня Алесь Мех здымаў пабоі ў паліклініцы. Перад пачаткам суда Мех азнаёміўся з матэрыяламі справы.
У сваіх тлумачэннях суду Мех распавёў, што дапамагаў свайму знаёмаму рамантаваць замок. Знаёмы Дзіма Чарніцкі, паведаміў, што апроч замка разеткі іскраць. У адной з разетак яны пабачылі нейкія прылады, "праслушка". Хацелі сказаць маці Чарніцкага і вырашылі пакінуць кватэру. На сходах на іх напалі. Людзі ў масках скруцілі іх, паклалі і пачалі біць, наклалі кайданкі, Хтосьці з нападнікаў сказаў: " Ты што робіш, галаву праломіш..." мяне кінулі ў машыну. Там ужо быў Чарніцкі. Я проста не меў магчымасці аказаць супраціў. У РАЎС маю галаву накрылі коўдрай і тварам уніз я некалькі гадзін ляжаў пад коўдрай. Потым мяне вазілі ў наркалогію, мне рабілі ЭКГ".
У якасці сведкі выступіла маці Чарніцкага:
"15 жніўня каля 10 гадзін я праязджала побач з домам, дзе жыве мой сын і ўбачыла супрацоўнікаў міліцыі. Вырашыла зайсці ў кватэру, але мяне не пусціў Карповіч, міліцыянт. Ягоны начальнік Сурма паабяцаў, што ўсё вырашыцца. Калі заходзіла ў пад' езд – пабачыла кроплі крыві. У кватэры была калюжа, ішоў ператрус. Ператрус на кватэры праводзіўся з 13-40 да 14-35".
У судзе быў дапытаны і Дзмітрый Чарніцкі.
"15 жніўня а 9-30 ў пад'ездзе дома на нас напалі людзі ў масках. З крыкамі “Рукі за галаву, ляжаць!” нас паклалі долу. На нашыя пытанні адказ быў адзін – «Мордай у падлогу!» Ніякіх пытанняў ці патрабаванняў да нас не прад’яўлялі і не задавалі. Вывалаклі і запхалі ў машыну”.
Cведка, супрацоўнік міліцыі Ігар Карповіч, патлумачыў наступнае:
"Адпаведна з пастановай пракурора, мы выдвінуліся для правядзення ператрусу. Пабачылі - двое спускаюцца па лесвіцы. Я прадставіўся і папрасіў падняцца назад, Чарніцкі адмовіўся, паспрабаваў мяне абмінуць, таму прымянілі сілу і кайданкі. Другі стаў чыніць перашкоду, супрацоўнікі АМАП прымянілі сілу і кайданкі. Калі вялі да аўтамабіля, Мех не хацеў ісці, упіраўся нагамі - чыніў непадпарадкаванне. Пастанову на ператрус я не паказваў, паказваў пасведчанне. Пастанова была са мной. Я не паказаў".
Як паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, пасля выступу сведкі -супрацоўніка міліцыі суддзя Суддзя Кобрынскага раённага суду Ала Багнат прыняла рашэнне спыніць справу за недаказанасцю віны Аляксандра Меха.