Што дазволена БРСМу – забаронена РЭПу
Калінкавіцкія ўлады адмовілі актывісту незалежнага прафсаюза РЭП Дзянісу Рабянку ў правядзенні пікету ў цэнтры горада. Ён хацеў выказаць салідарнасць з патрапіўшымі пад крымінальны пераслед Генадзем Фядынічам і палітвязнем Ігарам Комлікам. З адказам райвыканкама актывіст не згодны, паведамляе praca-by.
Дзяніс Рабянок, сябра прафсаюза РЭП з Калінкавічаў, 12 жніўня далучыўся да акцыі салідарнасці з палітвязнем Ігарам Комлікам і даслаў заяўку на пікет у сваім горадзе. Праз 10 дзён ён атрымаў афіцыйны адказ: у правядзенні пікету яму адмовілі.
Рабянок на сваёй старонцы ў Фэйсбуку працытаваў прычыну адмовы, на якую спаслаўся дзяржаўны орган.
«Галоўная прычына наступная: «Месца, якое вы ўказваеце ў заяве, не ўваходзіць у пералік месцаў, вызначаных рашэннем Калінкавіцкага райвыканкама ад 23.09.2013 г. 1036 «Аб масавых мерапрыемствах» для правядзення масавых мерапрыемстваў у Калінкавіцкім раёне».
Адказ райвыканкама прафсаюзны актывіст лічыць абуральным:
«Адным словам, мы павінны ісці на задворкі, каб нас ніхто не бачыў, і выказваць сваю пазіцыю ў «паветра». А вось мясцовыя БРСМаўцы чамусьці спакойна праводзяць свае мерапрыемствы ў самым цэнтры – каля дома гандлю «Бярозка» (якраз там я і хацеў арганізаваць пікет) - і фоткі з задавальненнем выкладваюць на сваёй старонцы ў Інстаграме. На іх рашэнне райвыканкама, атрымліваецца, не распаўсюджваецца? Ёсць, аказваецца, грамадзяне 1 і 2 гатунку: сваім - усё, ворагам – Закон, які да таго ж не адпавядае Канстытуцыі. І ў дадатак – патэнцыйныя рэпрэсіі».
Дзяніс Рабянок мае намер звярнуцца ў Калінкавіцкі райвыканкам з афіцыйным запытам, на якой падставе БРСМ праводзіць масавыя мерапрыемствы ў месцах, не пазначаных у пастанове:
“Атрымліваецца, Закон – толькі для нас, а для праўладных структураў – поўнае спрыянне? Яшчэ і за дзяржаўныя грошы, якія насамрэч нашыя агульныя”.