viasna on patreon

У Магілёве заведзена справа супраць журналісткі-фрылансеркі

2017 2017-08-25T15:46:58+0300 2017-08-25T15:55:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/skrebunova_alina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналістка Аліна Скрэбунова. Фота mspring.online

Журналістка Аліна Скрэбунова. Фота mspring.online

Фрылансерку Аліну Скрэбунову абвінавацілі ў незаконным вырабе тэлесюжэта пра сабак і валанцёрства для тэлеканала «Белсат», піша магілёўскі праваабарончы сайт mspring.online.  

Кастрычніцкі РАУС завёў яшчэ адну адміністрацыйную справу на фрылансерку Аліну Скрэбунову за незаконны выраб прадукцыі СМІ. 25 жніўня ўчастковы інспектар міліцыі Уладзімір Шчарбакоў апытаў Скрэбунову датычна сюжэту на тэлеканале «Белсат», які выйшаў у эфір 15 ліпеня 2017 года. Ён быў прысвечаны суботніку, які праводзіла Магілёўскае таварыства аховы жывёлаў «Добрае сэрца».

Па словах дзяўчыны, яе абвінавацілі «ва ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ»:

– У матэрыялах справы я ўбачыла, што ў дачыненні да мяне далі паказанні некалькі чалавек, якія даюць інтэрв’ю ў сюжэце. Прычым каментары нібы пад капірку – быццам бы яны мяне пазналі, але пры гэтым не ведалі, што робіцца нешта супрацьзаконнае. Адна з іх увогуле пазначыла, што гэта маім голасам агучаны сюжэт, што відавочна не так. Ад дачы якіх-небудзь тлумачэнняў я адмовілася, – пракаментавала Скрэбунова паход у міліцыю.

Па словах фрылансеркі, інспектар Шчарбакоў дазваляў сабе вельмі шмат пытанняў не па тэме:

– Пытаўся, ці ёсць у мяне машына, з кім я жыву, ці ёсць у мяне сабака. Усе гэтыя пытанні ніякага дачынення да справы не мелі, таму я вырашыла напісаць скаргу на гэта. Акрамя таго, я напісала скаргу на тое, што са мной не дапусцілі майго прадстаўніка, матываваўшы гэта тым, што я дзеяздольная і не заключала ніякай дамовы з ім. Аднак 62 артыкул Канстытуцыі дае кожнаму права карыстацца прадстаўнікамі ў дзяржаўных органах, не толькі адвакатамі.

Больш за ўсё Скрэбунову заінтрыгаваў той факт, што праверку ў дачыненні да яе па гэтай справе паспелі прыпыніць ў пачатку жніўня. Пры гэтым ніякага дакумента пра пачатак новай праверкі ў матэрыялах справы не было:

– Я сказала пра гэта Шчарбакову, на што ён адказаў, што быццам бы пратакол пра новую праверку знаходзіцца на подпісе ў начальніка. Ну дык калі ён яшчэ толькі падпісваецца, чаму мяне выклікалі ўжо на апытанне? Усё гэта я пазначыла ў пратаколе.

У чэрвені гэтага года РАУС Кастрычніцкага раёна Магілёва ўжо абвінавачваў Аліну Скрэбунову ва ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Тады справу спынілі ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў прыцягнення да адказнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства