Украінска-беларуская праграма па рэалізацыі правоў дзяцей-сірот працягваецца ў Харкаве Аўдыё
У Харкаве напрыканцы жніўня адбыўся круглы стол па тэме рэалізацыі права дзяцей-сірот і асобаў з іх ліку на жыллё. Арганізатарамі дадзенага мерапрыемства выступілі грамадскі рух «Альянс па абарона правоў дзяцей» (Харкаў), грамадскі саюз «Альянс па абароне правоў дзяцей» (Адэса) і Праваабарончы цэнтр "Вясна". На дыскусіі таксама прысутнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, сацыяльных службаў Харкава і юрыдычных фірмаў, якія ў фармаце адкрытага дыялогу далі сваю ацэнку існуючай праблемы і падзяліліся вопытам яе рашэння.
Ва Украіне, згодна з дзеючым заканадаўствам, дзяржава павінна на бясплатнай аснове прадставіць сіротам сацыяльнае жыллё. Але на справе атрымліваецца, што па дасягненні 23 гадоў яны фактычна трапляюць на вуліцу.
Юрыст Праваабарочага цэнтру “Вясна” Алег Пашкевіч, які прымаў удзел у круглым стале, адзначае, што асноўная праблема заключаецца ў адсутнасці якіх-небудзь праграм фінансавання і падтрымкі як на рэгіянальным, так і на дзяржаўным узроўні.
“148 дзяцей-сірот у гэтым годзе выйшлі з навучальных устаноў пры інтэрнатах, і толькі адзін з іх змог атрымаць уласнае жыллё. Наогул, у Харкаўскай вобласці ў чарзе на жыллё стаяць больш за тысячу чалавек, аднак атрымаць яго не могуць, хоць і маюць на гэта права. Гэтая праблема з кожным годам набывае ўсё большыя маштабы, бо, насуперак мясцоваму заканадаўству, сродкі на жыллё не выдзяляюцца. Ёсць цэнтралізаванае фінансаванне на набыццё арэнднага жылля, але непасрэдна на забеспячэнне жыллём сірот пакуль што сродкаў няма”, - адзначае праваабаронца.
Па завяршэнні круглага стала яго ўдзельнікі прынялі адпаведную рэзалюцыю, якая ўтрымлівае прапанову аб стварэнні рэгіянальнага праекту па забеспячэнні дзяцей-сірот жыллём. Рэзалюцыя будзе накіраваная ў абласны Савет. Калі станоўчага адказу з боку ўладаў не будзе, актывісты будуць далей займацца актуалізацыяй гэтай праблемы праз правядзенне іншых мерапрыемстваў, збор подпісаў, працу са СМІ дзеля таго, каб людзі разумелі, што сіроты з’яўляюцца адной з самых неабароненых груп насельніцтва, і таму дзяржава павінна прадставіць ім роўныя магчымасці з іншымі катэгорымі грамадзян.
Дадзенае мерапрыемства адбывалася ў межах кампаніі “Праваабаронцы Украіны і Беларусі разам дзеля абароны грамадскіх інтарэсаў”, якая распачалася ў сакавіку 2016 года, і актыўны ўдзел у якой прымае Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Трэба адзначыць, што дасягненнем кампаніі стала прыняцце ў Адэсе гарадской і абласной праграм па забеспячэнні дзяцей-сірот жыллём на 2016-2018 гады з абсягам фінансавання каля 14 млн. грывен.