Пачаў працу сайт кампаніі па змене закону “Аб масавых мерапрыемствах”
Валанцёрская служба Праваабарончага цэнтру "Вясна" запусціла сайт кампаніі па змене нацыянальнага закону “Аб масавых мерапрыемствах”.
Пачынаючы з верасня, валанцёры “Вясны” плануюць праводзіць акцыі, флэшмобы і асветніцкія мерапрыемствы, мэта якіх - растлумачыць, чаму дзеючае зараз заканадаўства ў галіне мірных сходаў неабходна мяняць.
З гэтага месяца пачаў сваю працу сайт sxod.by, дзе будуць публікавацца навіны аб ходзе кампаніі. Ужо зараз на сайце можна знайсці “бібліятэку дакументаў”, якія датычацца правядзення мірных сходаў у нашай краіне. Гэта дзеючыя заканадаўчыя акты, тыповыя адказы дзяржаўных органаў на заяўкі аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, прыклады скаргаў на такія адказы і тэматычныя рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН. Сярод іншага на сайце апублікаваныя рэкамендацыі праваабаронцаў па змене дзеючага закону аб ММ.
Таксама на сайце ёсць месца і для аналітычнай часткі – рэгулярна будуць публікавацца справаздачы па маніторынгу масавых мерапрыемстваў як у Беларусі, так і за мяжой ад ініцыятывы грамадскага кантролю #Controlby.
Усе жадаючыя далучыцца да кампаніі могуць прама зараз падпіcаць петыцыю за рэфармаванне заканадаўства аб мірных сходах, а таксама прайсці спецыяльны відэакурс і стаць назіральнікам за мірнымі сходамі.
Права на выказванне свайго меркавання праз мірныя сходы гарантаванае кожнаму грамадзяніну Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі. Мірныя сходы з’яўляюцца адной з формаў прамой дэмакратыі і садзейнічаюць развіццю дыялогу як унутры грамадзянскай супольнасці, так і паміж грамадзянскай супольнасцю, палітычнымі лідэрамі і ўрадам.
Але што адбываецца на самой справе? Спачатку з вуліц зніклі шматтысячныя дэманстрацыі, усё радзей можна ўбачыць мітынгі ў сотні чалавек, а апошнім часам мы бачылі, як караюць людзей за адзіночныя пікеты. Беларускія вуліцы чыстыя - і не толькі ад смецця, але і ад любой свабоды выказвання. Болей за тое, нават арганізаваць свята двара або паклікаць увесь горад запускаць паветраных змеяў, згодна з дзеючым заканадаўствам, нельга без атрымання спецыяльнага дазволу.
Відавочна, што так быць не павінна. Менавіта таму Валанцёрская служба “Вясны” распачала кампанію па змене нацыянальнага закону «Аб масавых мерапрыемствах» і заклікае ўсіх заахвочаных далучацца да яе.
Каманда кампаніі адкрытая для супрацы. Усе пытанні і прапановы па правядзенні кампаніі можна пісаць на адрас sxod@spring96.org.