Юрыст БАЖ распавёў прадстаўнікам АБСЕ пра пераслед журналістаў у Беларусі
Прадстаўнік ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» на 21-ым Пасяджэнні АБСЕ па пытаннях рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння выступіў з дакладам пра факты парушэння свабоды слова ў Беларусі.
У Пасяджэнні АБСЕ па пытаннях рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння ад ГА «БАЖ» удзельнічаў юрыст Алег Агееў.
Прэс-служба ГА «БАЖ» паведамляе, што Алег Агееў у сваім выступе на рабочым пасяджэнні распавёў, што ў Беларусі хваля рэпрэсій у дачыненні да журналістаў адбываецца, як правіла, падчас павелічэння пратэстных настрояў у грамадстве, палітычных кампаній. Так, вясной гэтага года, краіна сутыкнулася з чарговым этапам масавага пераследу журналістаў, калі акцыі пратэсту супраць увядзення так званага «падатку на дармаедства» шырока асвятляліся ў недзяржаўных СМІ і сацыяльных сетках.
На працягу толькі сакавіка гэтага года было зафіксавана 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў, звязаных з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці, у тым ліку 94 затрыманні і 6 фактаў прымянення гвалту з боку міліцыі.
Алег Агееў нагадаў, што ў Беларусі па-ранейшаму не вырашана пытанне з журналістамі-фрылансерамі — яны застаюцца па-за прававым полем. Таксама дзейнічае інстытут акрэдытацыі. Гэта дазваляе пераследваць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.
Прадстаўнік ЗША ў сваім выступе, пералічваючы факты парушэння правоў журналістаў у рэгіёне АБСЕ, згадаў і пра пераслед журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага.
Прадстаўнік Швецыі распавёў пра раней артыкуляваную занепакоенасць сітуацыяй са свабодай СМІ ў Беларусі.
Таксама пра сітуацыю ў Беларусі ад імя "Прававой дапамогі насельніцтву" распавядаў Алег Волчак. Ён агучыў кейс блогера Максіма Філіповіча.
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзірэ зачытаў даклад аб статусе выканання прынцыпаў і абавязацельстваў АБСЕ ў галіне свабоды самавыяўлення і свабоды СМІ ў краінах-удзельніцах.
Прадстаўнік афіцыйных уладаў Беларусі таксама прысутнічаў на мерапрыемстве.
Нарада АБСЕ па разглядзе рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння з'яўляецца найбуйнейшай у Еўропе рэгіянальнай канферэнцыяй, на якой разглядаюцца агульныя пытанні, звязаныя з правамі чалавека. Кожны год у Нарадзе прымаюць удзел больш за 1 000 прадстаўнікоў краін-удзельніц АБСЕ, партнёраў у рамках праграмы супрацоўніцтва АБСЕ, выканаўчых структур АБСЕ, міжнародных арганізацый і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія абмяркоўваюць пытанні рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння АБСЕ.
У 2017 годзе праходзіла 21 Пасяджэнне АБСЕ па пытаннях рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння. Яшчэ ў 1992 годзе Хельсінкскім дакументам на Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ былі ўскладзеныя абавязкі як адказнай арганізацыі па пытаннях чалавечага вымярэння АБСЕ ў сферы бяспекі, па арганізацыі пасяджэння для вывучэння пытанняў рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння, зацверджаных усімі краінамі-удзельніцамі АБСЕ, і для пошуку магчымасцяў, якія дазваляюць умацаваць механізмы захавання такіх абавязацельстваў. З 1998 года Нарада праводзіцца штогод, на працягу двух тыдняў у Варшаве (за выключэннем 1999 года і 2010 года, калі праводзіліся саміты ў Стамбуле і Астане).
Нарада ў Варшаве ўключала наступныя напрамкі: забеспячэнне роўнага ажыццяўлення правоў і раўнапраўнага ўдзелу ў палітычным і грамадскім жыцці; памяркоўнасць і недыскрымінацыя; эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы як адказ на рост няроўнасці.